Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Справа Матолькі, «Бургеркінгі» і перамога дэмакратыі


Фота Антона Матолькі

Фота Антона Матолькі

У любы момант кожны міліцыянт затрымае вас на вашай любімай Зыбіцкай (як гэта і адбылося зусім нядаўна) і тыкне мордай у ісьціну, хто ў краіне сапраўдны гаспадар.

Для мяне рашэньне суду ў «справе Матолькі» было максымальна відавочным і прадказальным, нягледзячы на ўсю ягоную абсурднасьць. Мяне, па шчырасьці, больш уразіла акурат зьдзіўленьне значнай часткі адэкватнай публікі ў стылі «як такое можа быць?»

А як можа быць, што кандыдатаў у прэзыдэнты, якія 19 сьнежня на Плошчы самі нічога антызаконнага не рабілі і іншых заклікалі «не паддавацца на правакацыі», саджаюць у турму? А калі нямога саджаюць за антыўрадавыя крыкі, а бязрукага за воплескі, — «як такое можа быць»?

«А, дык гэта палітыка», — скажаце вы. Так, мы даўно звыклі, што там, дзе палітыка — там законы ў Беларусі не працуюць, там у чалавека няма ніякіх правоў. А ў астатніх сфэрах ёсьць? Нібыта так. Калі мэханізатар Фёдар ударыць даярку Машу, то яго пакараюць у поўнай адпаведнасьці зь беларускімі законамі. Тут закон нібыта працуе. Але вось калі спэцназавец ударыць актывіста на дэманстрацыі або проста адмяцеліць пʼянага ўдзельніка нейкага піўнога фэсту — то ён ніколі не панясе ніякай адказнасьці (прынамсі, не было яшчэ такіх выпадкаў). Бо пакараць спэцназаўца — гэта нельга, гэта «палітыка».

Калі б Антон Матолька падаў у суд на нейкае недзяржаўнае выданьне, альбо, дапускаю, нават на нейкую дзяржаўную «раёнку» — то суд мог бы прыняць нармальнае, прававое рашэньне. Але БТ — гэта ўжо «палітыка». А ў такой сфэры права і законы ў Беларусі не працуюць.

Я ўсяляк падтрымліваю блогерскую актыўнасьць і грамадзянскую пазыцыю Антона Матолькі і безумоўна лічу, што такіх людзей павінна быць болей. Але мне не падабаецца тэндэнцыя проціпастаўленьня «важнай» грамадзянскай актыўнасьці «непатрэбнай» палітычнай дзейнасьці — мы, маўляў, будзем змагацца за правы спажыўцоў, фатографаў, раварыстаў, задзірацца з ЖЭСамі і ДАІшнікамі, і гэта рэальна паляпшае наша жыцьцё, а вось палітыка — гэта беспэрспэктыўны занятак для няўдачнікаў.

У 80–90-я ў сьвеце панавала перакананьне, што прыход у любую краіну заходніх каштоўнасьцяў — вобразна кажучы, «Макдональдса», Галівуда і рок-музыкі — праз пэўны час немінуча прывядзе да палітычных пераменаў. Ну, ведаеце, «Канец гісторыі». Фрэнсіс (Фукуяма), ты ня меў рацыі.

Саудаўская Арабія ды іншыя арабскія эміраты дзесяцігодзьдзямі няўхільна багацеюць, але пры гэтым ніяк не становяцца бліжэй да дэмакратыі і правоў чалавека. Рост дабрабыту Кітаю пакуль ніяк не ўплывае на палітычную сыстэму краіны і панаваньне камуністычнай партыі ў новых, рынкавых умовах. Я ўжо не кажу пра самы блізкі да нас расейскі прыклад: там эканамічны рост нулявых прывёў да зьяўленьня і ўмацаваньня аўтарытарнага рэжыму Пуціна, там даўно хапае 5-зоркавых гатэляў, шыкоўных рэстаранаў, але вось з дэмакратыяй і свабодай відавочныя праблемы.

А вось Паўднёвая Карэя прыйшла да дэмакратыі і свабоды шляхам доўгіх шматтысячных студэнцкіх пратэстаў, крывавых сутычак з паліцыяй, пасадкамі палітыкаў за карупцыю.

Так што — будзе ў Беларусі ўсё больш «Макдональдсаў» і «Бургеркінгаў», да нас будуць прыяжджаць заходнія зоркі, на Зыбіцкай адкрыецца 20 новых модных бараў, «як у Эўропе», па Менску будзе не прайсьці ад раварыстаў і хіпстэраў. Але... суд па-ранейшаму застанецца неправавым і беззаконным. Больш за тое, у любы момант кожны міліцыянт затрымае вас на вашай любімай Зыбіцкай (як гэта і адбылося зусім нядаўна) і торкне мордай у ісьціну, хто ў краіне сапраўдны гаспадар.

Ня выйдзе без палітыкі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG