Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа «банды Молнара»: адкрытага суду ня будзе


Вярхоўны суд Беларусі не знайшоў падставаў, каб рабіць захады рэагаваньня наконт закрытага судовага разбору супраць 29 жыхароў Бабруйску, якія праходзяць па гэтак званай справе «банды Молнара». Закрыты разгляд справы пачаўся 14 сакавіка. Сваякі падсудных дамагаюцца, каб суд быў адкрыты.

Як яны сьцьвярджаюць, на ўсе свае звароты атрымліваюць аднолькавыя адказы: пытаньні прызначэньня судовага разбору — «выключная кампэтэнцыя судзьдзі, які разглядае справу».

«Паколькі пры прызначэньні судовага разгляду судзьдзя пастанавіў разгледзець крымінальную справу ў закрытым судовым пасяджэньні, падставаў для допуску вас у судовую залю пасяджэньняў няма», — адпісалі сваякам падсудных зь Вярхоўнага суду Беларусі.

Сёньня сваякі падсудных наведалі старшыню Магілёўскага абласнога суду, каб у яго дазнацца, чаму разгляд крымінальнай справы праходзіць у закрытым рэжыме.

«Старшыня суду сказаў, што рашэньне прымае судзьдзя, які разглядае справу. У нашым выпадку — гэта судзьдзя Іванкоў. Нам было сказала, што калі судзьдзя так рашыў, гэтак будзе», — паведаміла маці аднаго з падсудных па справе Молнара Аксана Кудраўцава.

Аксана Кудраўцава
Аксана Кудраўцава

«Яны, відаць, баяцца за пацярпелых, што мы будзем на іх неяк узьдзейнічаць, — выказвае меркаваньне суразмоўніца. — Аднак у нас сьпіс пацярпелых ёсьць, і там іхныя адрасы. У нас няма жаданьня на кагосьці ўзьдзейнічаць. Мы хочам, каб суд быў адкрыты. Калі нашы дзеці злачынцы, то няхай пра гэта ведае ўся краіна».

Аксана Кудраўцава спадзяецца: калі інфармацыя пра сытуацыю з судом выйдзе за межы краіны, то яна дойдзе і да прэзыдэнта.

«Пакажа яму, якая ў нас судовая сыстэма, што адзін чалавек вырашае лёс 29 чалавек і іх сваякоў. У перадачы на АНТ ужо было заяўлена, што будуць прынятыя да падсудных самыя жорсткія меры пакараньня. У нас няма надзеі на справядлівы вырак. У нас бы яна зьявілася, каб суд зрабілі адкрытым», — настойвае маці падсуднага.

Паводле яе, падсудныя хадайнічаюць перад судом, каб сваякі сталі абаронцамі іхных інтарэсаў, але суд такія хадайніцтвы адхіляе.

Начальнік аддзелу пракуратуры Магілёўскай вобласьці Сяргей Мінаў у камэнтары для тэлеканалу АНТ пра закрыты суд па справе Молнара адзначыў, што ў ёй «шмат апэратыўнай інфармацыі, якая зьяўляецца закрытай».

«Акрамя таго, там вялікая колькасьць асобаў, якія прыцягваюцца да крымінальнай адказнасьці — 29. 28 зь іх знаходзяцца пад вартай. Гэта таксама накладае сваю спэцыфіку. Суды гораду і ўсёй рэспублікі не змаглі нам даць такую пляцоўку», — аргумэнтаваў закрыты рэжым суду прадстаўнік пракуратуры Магілёўскай вобласьці.

Судзяць бабруйцаў у Магілёўскай турме № 4. Падсудным ставяць у віну рабункі, разбоі, вымагальніцтва, ашуканства, незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць, нелегальны абарот наркотыкаў і зброі ды стварэньне злачыннай арганізацыі ці ўдзел у ёй. Галоўны фігурант справы Сяргей Молнар, як падаюць некаторыя крыніцы, — крымінальны аўтарытэт, «злодзей у законе».

У 120 тамах справы — 80 крымінальных эпізодаў. Сьледзтва выявіла 64 пацярпелых. Сьведкамі ў справе праходзяць блізу 450 чалавек. Як сьцьвярджаецца, у затрыманых былі вынятыя сотні ювэлірных вырабаў, золата, каштоўныя камяні, аўтамабілі, нерухомасьць, буйныя сумы грошай. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што ўдзельнікі бабруйскай групоўкі пад кіраўніцтвам Молнара зьбівалі сваіх ахвяраў, патрабуючы грошай і дабротаў, «адціскалі» кватэры ды машыны, рабавалі і выкрадалі людзей.

Сваякі абвяргаюць зьвесткі пра канфіскацыю каштоўнасьцяў у падсудных. Не было і арышту маёмасьці, сьцьвярджаюць яны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG