Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шмат цыганоў пакінула Беларусь з-за немагчымасьці працаўладкавацца, — Юры Юзярчук


Сяргей Рушнякоў зь Лебядзёўкі, дзе цыганскія прыстанішчы зьнесьлі перад «Дажынкамі»

Сяргей Рушнякоў зь Лебядзёўкі, дзе цыганскія прыстанішчы зьнесьлі перад «Дажынкамі»

8 красавіка — Міжнародны дзень цыганоў. З гэтай нагоды дзяржсакратар ЗША Джон Кэры ад імя сваёй краіны прывітаў цыганоў і заклікаў усе краіны сьвету супрацьстаяць дыскрымінацыі гэтага народу. Пра становішча беларускіх цыганоў у інтэрвію Свабодзе паведаміў пастар Юры Юзярчук — адказны за служэньне сярод цыганоў у Беларусі.

— Колькі гадоў таму ў Беларусі пражывалі каля 30 тысяч цыганоў. Ці зьмяняецца гэтая колькасьць? Дзе перадусім жывуць беларускія цыганы?

— У розных рэгіёнах: — шмат на Гарадзеншчыне, на Магілёўшчыне і Гомельшчыне, на Меншчыне таксама. Што тычыцца колькасьці, то афіцыйных зьвестак на гэты конт я ня маю, але ведаю, што вельмі шмат цыганоў выехалі зь Беларусі з-за немагчымасьці працаўладкавацца.

— Праблема працаўладкаваньня была адна з галоўных для цыганоў яшчэ некалькі гадоў таму. Нічога так і не зьмянілася?

— Працаўладкаваньне — самая вострая праблема па-ранейшаму. Бо цыганы малаадукаваныя, маюць нізкую працоўную кваліфікацыю. А таму працуюць на самых нізкааплатных працах. Гэта прыбіральшчыцы, грузчыкі, дворнікі і гэтак далей. І да цыганоў ставяцца насьцярожана працадаўцы. Там, дзе людзі цыганскай нацыянальнасьці добра зарэкамэндавалі сябе, то тады лягчэй. А калі людзі прыходзяць упершыню, то гэта вельмі складана.

— Можа, таму, што за цыганамі замацаваўся гэткі імідж, што яны ня хочуць працаваць, маюць розныя дрэнныя схільнасьці, у тым ліку крымінальнага характару?

Тыя пакаленьні, якія вялі гэткі качэўны лад жыцьця, калі шмат гадалі, падманвалі і гэтак далей, — яны зьмяняюцца

— Тыя пакаленьні, якія вялі гэткі качэўны лад жыцьця, калі шмат гадалі, падманвалі і гэтак далей, — яны зьмяняюцца. Маладыя людзі, калі зь імі размаўляеш, — яны ня хочуць жыць жыцьцём сваіх бацькоў. Яны хочуць мець адукацыю, працу і гэтак далей — яны хочуць мець нармальны, годны лад жыцьця. І такой моладзі неабходна ў гэтым дапамагчы. Тут вельмі важная добрая воля ўладаў на месцах, дзе пражываюць людзі цыганскай нацыянальнасьці. Гэтага ж пакуль няма: да цыганоў ставяцца зь недаверам, часта перадузята і гэтак далей.

— Ці неабходныя нейкія адмысловыя праграмы сацыялізацыі, адукацыі цыганоў?

— Што тычыцца адмысловых праграмаў, то я ня чуў, каб такія ў Беларусі існавалі. Але я ведаю прыклады, калі ў Расеі створаныя цыганскія школы. Я б не сказаў, што гэта станоўчы прыклад, бо вакол цыганоў ствараецца яшчэ большая адчужанасьць. Найлепш, калі яны будуць у агульным асяродзьдзі, калі цыганскія дзеці будуць навучацца разам зь беларускімі дзецьмі, а цыганскі народ будзе жыць побач і нароўні з усім беларускім народам і прыносіць карысьць сваёй краіне. Бо яшчэ раз кажу, што сярод цыганоў я сустракаў вельмі шмат годных і прыстойных людзей.

— А ці можна казаць пра дыскрымінацыю цыганоў з боку грамадзтва?

— З боку грамадзтва я такіх прыкладаў ня бачу. З боку міліцыі — так, на цыганоў яны глядзяць як на патэнцыйных правапарушальнікаў. Але з боку звычайных простых людзей гэтага няма.

XS
SM
MD
LG