Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З дакладнасьцю 100% мы ніколі не даведаемся, чые парэшткі знайшлі на Гедымінавай гары, — Алесь Смалянчук


Сёлета ад 2 да 25 студзеня ў Вільні на Гедымінавай гары падчас добраўпарадкаваньня тэрыторыі група археолягаў Літоўскага нацыянальнага музэю знайшла парэшткі чатырох чалавек. Археолягі высунулі гіпотэзу, што гэта могуць быць пахаваньні паўстанцаў 1863–1864 гадоў.

Пракамэнтаваць падзею Свабода папрасіла доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука:

«Я ўспрыняў навіну дастаткова асьцярожна, — адказаў ён, — таму што ня хочацца нейкіх сэнсацыяў пустых, зьвязаных зь імем Каліноўскага. А наагул, вядома, вельмі цікава. Калі ў дзяржавы не даходзяць рукі да раскопак на Замкавай гары ў Вільні, то сама прырода дапамагае. Усё пачалося выпадкова: абсыпаўся схіл гары, убачылі косткі і былі вымушаныя запрасіць археолягаў і пачаць раскопкі».

Алесь Смалянчук паразмаўляў сёньня з калегамі, якія працуюць у Нацыянальным мастацкім музэі Літвы.

«Знайшлі спачатку парэшткі аднаго чалавека, потым пад ім аказаліся яшчэ тры разам, — кажа Смалянчук. — Знайшлі некаторыя рэчы — мэдальён, гузікі не раней як зь сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. Значыць, цалкам магчыма, што гэта паўстанцы ляжаць. І я пацікавіўся гэтымі трыма. Ёсьць сьпіс, складзены ў свой час яшчэ польскім дасьледчыкам Студніцкім. Сьпіс тых, хто быў пакараны сьмерцю ў Вільні. 28 жніўня 1863 году пакаралі сьмерцю, расстралялі траіх. Яны былі кінутыя ў яму на Замкавай гары. А пазьней магілу раскрылі і кінулі яшчэ аднаго. Па датах атрымліваецца, што пасьля гэтых трох загінулі яшчэ шэсьць чалавек, у тым ліку і Каліноўскі. Яшчэ там ёсьць вядомае імя Тытуса Далеўскага, сябра Каліноўскага і начальніка паўстаньня ў Вільні. Іншыя імёны нам мала што кажуць. І сяляне там, і жаўнеры. Серакоўскага расстралялі яшчэ ў чэрвені 1863 году. Да тых траіх. Гэта мая гіпотэза — я зьвязваю гэтую магілу з тымі трыма».

Смалянчук назваў прозьвішчы гэтых трох: Ян Бянькоўскі, сын Тамаша, селянін, фэльчар, з Варшаўскай губэрні; Эдвард Чаплінскі, шляхціц, з Панявескага павету; Ян Марчэўскі, мешчанін. Пра апошняга нічога не напісана, невядома, адкуль ён, кажа Алесь Смалянчук і ўдакладняе:

«Але гэта толькі гіпотэза. Сьцьвярджаць так адназначна немагчыма, нават з улікам таго, што разам ляжаць. Але гэта досыць верагодная гіпотэза, можна сказаць.

Ну, і атрымліваецца, што потым пакаралі сьмерцю яшчэ шасьцярых, Каліноўскі быў апошнім. Тытуса Далеўскага расстралялі 30 сьнежня 1863 году».

Алесь Смалянчук
Алесь Смалянчук

На пытаньне, наколькі рэальна высьветліць, ці сапраўды парэшткі Кастуся Каліноўскага маглі быць у раскапанай магіле, Алесь Смалянчук адказаў:

«Парэшткі, наколькі я ведаю, перадалі ў лябараторыю, іх паспрабуюць ідэнтыфікаваць. Захаваліся здымкі амаль усіх паўстанцаў. Можна на іх арыентавацца. Бо што да генэтычнага аналізу, мы ня ведаем прамых нашчадкаў Каліноўскага. Толькі што ёсьць здымкі яго, Далеўскага, і можна з пэўнай доляй верагоднасьці нешта ўстанавіць. Ня ведаю, як будзе зь іншымі, ці знойдуцца іхнія здымкі. Але нейкую працу праводзяць ужо ў мэдычным унівэрсытэце ў Вільні. І ёсьць шанцы, што празь некаторы час нешта даведаемся. Але з дакладнасьцю сто працэнтаў не даведаемся ніколі.

Цяпер існуе мноства праграмаў, якія дазваляюць наблізіцца да ісьціны. І потым, са слоў маіх калегаў з музэю, яны казалі, што раскопкі сёлета адновяць. Яны ўпэўненыя, што там значна больш людзей ляжыць».

Алесь Смалянчук не выключае, што на Гедымінавай гары маглі хаваць усіх паўстанцаў, пакараных сьмерцю на Лукіскім пляцы:

«Пасьля таго як першыя парэшткі былі знойдзеныя там яшчэ ў 1916 годзе, лічылася, што гэтае месца верагоднага пахаваньня іншых паўстанцаў. Але раскопак пасьля таго не праводзілася».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG