Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Смаленск на шопінг. Дзе нават беларускія тавары таньнейшыя, чым у самой Беларусі


Грамадзяне Беларусі выкарыстоўваюць дэвальвацыю расейскага рубля, каб набыць таньнейшыя тавары, у тым ліку прадукты харчаваньня, у памежных рэгіёнах Расеі. Многія беларусы езьдзяць «затаварвацца» ў Расею цягам дзясятка апошніх гадоў.

Жыхар вёскі Зарэчча Смалявіцкага раёну Ігар Прашко — кіроўца мікрааўтобуса «Мэрсэдэс» — езьдзіць сам і возіць пасажыраў на рынкі Расеі і Ўкраіны. Стаж перавозчыка адлічвае ад 2002 году, калі яшчэ працаваў кіроўцам на птушкафабрыцы ў Смалявічах. Апошнія тры гады займаецца гэтым як індывідуальны прадпрымальнік. Галоўны кірунак цяпер — Расея, асабліва ён выгадны ва ўмовах падзеньня расейскага рубля, кажа Ігар, зьбіраючыся ў дарогу:

«Вельмі добра, вельмі выгадна езьдзіць стала. Нават па машыны: вунь сусед мой прыгнаў „сітраэна“ — такая маленькая прыгожанькая машынка малалітражная. 2005 году выпуску, і яму абышлася ў 3,5 тысячы — з Масквы прыгнаў. А ў Смаленск мы катаемся толькі па прадукты».

Карэспандэнтка: «А прадукты выгадна стала набываць?»

Ігар: «Ну вядома, выгадна. Каб не было выгадна, то людзі б і ня езьдзілі. Бо я тут коштаў ня ведаю — я ў Расеі ўсё, што трэба, набываю. Ну вось, да прыкладу, на памідоры памятаю цэньнік: прыгожыя памідоркі, чырвоныя, сакавітыя — ці то Грузія, ці Абхазія — 60 рублёў расейскіх за кіляграм. На нашы грошы, паводле грубага падліку — 15–17 тысяч. А ў нас памідоры 25 тысяч будуць каштаваць і значна горшыя. Вядома, выгадней, калі цэньнік застаўся той самы, а даляр падскочыў. Ён быў 33 рублі 2–3 месяцы назад, а цяпер 47. Што да паліва — вельмі выгадна там запраўляць. У нас літар каштуе амаль 50 рублёў на іхнія грошы, а ў іх — 33 рублі. Я, да прыкладу, паеду ў Смаленск, да мяжы даяжджаю, каб толькі хапіла, і там, у Расеі, запраўляю поўны бак, а ён у мяне вялікі — 140 літраў, зэканомлю 48 даляраў толькі на паліве. Бо паліва ў нас дарагое: 1 даляр і 8 цэнтаў, а там — даляр 47 рублёў, а прадаюць за 33 — розьніца вялікая і адчувальная. Калі ў Маскву езджу, то эканомлю на паліве даляраў 70.

Калі ў Маскву езджу, то эканомлю на паліве даляраў 70

Тавары лёгкай прамысловасьці — адзеньне, абутак, пабытовыя тавары Ігар па-ранейшаму езьдзіць набываць ва ўкраінскі горад Хмяльніцкі. Па пабытовую тэхніку і аўтамабілі возіць пакупнікоў у Маскву, па прадукты харчаваньня — у Смаленск. Кожную сераду а 3-й гадзіне ночы ён сядае за руль свайго мікрааўтобуса, каб а палове на сёмую раніцы быць на аптовым рынку ў Смаленску. Пяць-сем пасажырскіх месцаў займаюць жанчыны рознага веку, а астатняя палова мікрааўтобуса вызваленая ад сядзеньняў — пазьней яна запоўніцца таварамі.

Праз колькі хвілінаў пасьля адпраўленьня пасажыркі з Барысава і Жодзіна пачынаюць драмаць, а кіроўца, каб ня спаць, на ўсю моц уключае «Ласкавы май» і хуценька лускае семкі. Хуткасьць — 120 кілямэтраў за гадзіну, як і прапаноўваюць дарожныя знакі. Гэтак прамільгвае Дуброўна, умоўная мяжа з Расейскай Фэдэрацыяй, Катынь... Спрабую разгаварыць адну з жанчын, якая пад запіс пра свой бізнэс распавядае ня вельмі ахвотна:

Карэспандэнтка: «Людзі, якія езьдзяць з вамі ў Смаленск, яны адкуль?»

Пасажырка: «З усёй Беларусі».

Карэспандэнтка: «Яны працуюць дзесьці ці гэта і ёсьць іхняя праца?»

Пасажырка: «У асноўным працуюць. А езьдзяць, калі хто выходны мае ці суткамі працуе».

Карэспандэнтка: «Тавары і прадукты набываюць для сябе ці на продаж?»

Пасажырка: «А пра гэта ніхто праўды ня скажа».

Карэспандэнтка: «Тады чаму гэта робяць?»

Пасажырка: «Бо таньнейшыя прадукты — масла, сыр, куры, рыба і гэтак далей».

Оптавы рынак у Смаленску ад цямна запоўнены аўтамабілямі, і спрэс — зь беларускімі нумарамі. Яшчэ да пачатку працы выстройваецца чарга, спачатку — да старога «Масквіча». Мясцовы валютчык, не хаваючыся, выконвае функцыі банку і пераводзіць у расейскія рублі любыя грошы — даляры, эўра і беларускія рублі. За адзін расейскі рубель бярэ 237 беларускіх. Пры гэтым ахвотна размаўляе зь беларусамі ў чарзе ды жаліцца на свае цяжкасьці і клопаты:

Поўнае ДАІ — чарга з адных беларусаў — машыны набываюць у Расеі

Валютчык: «Вашы дзьве тысячы сто „расеі“. У мяне чаму сёньня каньяку няма? Бо мой сябра, які мне яго возіць, прастаяў у ДАІ, калі афармляў машыну сваю. А поўнае ДАІ — чарга з адных беларусаў — машыны набываюць у Расеі».

Беларуска з чаргі: «Нашы таксама ўсе езьдзяць сюды, нават у салёны — купляюць аўтамабілі, пакуль „расея ўпала“».

Неўзабаве гэтая ж чарга перасоўваецца ў мэталёвы ангар. У пераважнай бальшыні тут сярэдняга веку жанчыны. Малады няголены расеец, які бярэ грошы і выпісвае квіткі на тавары паводле заранёў падрыхтаванага сьпісу, пры гэтым нязлосна жартуе і кпіць, перапытваючы ў жанчын, чаму прыехалі бяз бульбы. За гэты час разьвідняе, і рынак паўстае ва ўсёй красе. Агулам кажучы, ён вельмі нагадвае беларускія рынкі зь «ліхіх 90-х»: зарослы быльнягом, са старымі іржавымі ангарамі, з мэталёвай бочкай пасярэдзіне, у якой працаўнікі ў зашмальцаванай вопратцы спальваюць друз і сьмецьце. Неўзабаве мікрааўтобус пачынае да столі запаўняецца пакункамі рыбы, кансэрваў, мяса птушкі, печыва, цукерак, сьпіртовых напояў, кавы, гарбаты ды іншых прадуктаў. Пакупніцы кажуць — кошты ўдвая, а то і ўтрая ніжэйшыя, чым дома. Да прыкладу, кіляграм вэнджанай рыбы, якая ў Беларусі ня лепшай якасьці і каштуе каля ста тысяч рублёў, у Смаленску на беларускія грошы каштуе трыццаць. Цяперашні крызіс расейскага рубля на цэнах тут амаль не адбіўся, і набываць прадукты праз абмен даляраў на расейскі рубель усё больш выгадна.

Яшчэ адзін кіроўца — ён жа пакупнік Міхаіл, які прывёз групу жанчын з Жодзіна, у чаканьні чаргі дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад паездак у Расею:

«Тут часта бываюць зьніжкі — раз на квартал самае малое. Да прыкладу, цяпер — золата, пазьней, бліжэй да Новага году, будзе апаратура, тэлевізары на зьніжках.

Я ўжо не кажу пра нашы „Гарызонты“ — іх і ў шпіталях ня хочуць усталёўваць. А добрыя маркі тэлевізараў — Самсунгі, LG 49 цаляў — на 200–250 даляраў таньнейшыя на зьніжках. Ну, ёсьць сэнс зьезьдзіць і за дарогу заплаціць? І яшчэ грошы застануцца.

Пральныя машыны — усю пабытовую тэхніку адсюль возяць, асабліва бліжэй да сьвятаў. Мне ўжо тэлефануюць, перапытваюць, ці пачалося ўжо. І гэтак тут заўсёды — тут жа бізнэс па-іншаму пабудаваны.

Наш беларускі цукар дома 10 тысяч каштуе, а тут 8. Як так можна — я ня ведаю

Гэта ж у нас толькі „зьніжкі“ ў „Спортмайстры“ — кажуць 30%, а яна даўно ўжо ў сабекошт загнаная. Калі ў нас красоўкі, да прыкладу, са зьніжкай 100 даляраў каштуюць, то тут максымум 50 — вось гэта зьніжка.

Ну, выгадна стала езьдзіць. Нават той жа рыбы — ня кожны чалавек у нас можа адразу цэлы пласт набыць. Акрамя таго, тут усё сьвежае. У нас у „Эўраопце“ — бачылі ж пэўна — трыццаць разоў перамарожанае, а тут яна сьвежая.

Тыя ж самыя куры віцебскія нашы, беларускія — тут таньнейшыя, чым у „Эўраопце“.

Зьвярніце ўвагу, наколькі нашы тавары танныя тут. Патлумачыць гэта можна толькі тым, што за бесцань аддаюць, абы валюту атрымаць. Бо наш беларускі цукар дома 10 тысяч каштуе, а тут 8 — наш беларускі цукар. Як так можна — я ня ведаю».

Карэспандэнтка: «І нашы беларусы купляюць тут сваіх курэй?»

Міхаіл: «Так, і купляюць, і вязуць, і прадаюць, каб дарогу адбіць, яшчэ таньней, чым у „Эўраопце“».

Міхаіл, у адрозьненьне ад Ігара, не індывідуальны прадпрымальнік. Дома працуе ў дзяржаўнай установе — дзяжурыць праз суткі, а перавозкамі займаецца, як кажуць, у вольны ад асноўнай працы час. Абодва добра знаёмыя і разам кіруюць свае мікрааўтобусы на іншыя рынкі дробнага гандлю ў Смаленску, каб пасажыркі дакупілі там тое, чаго не набылі на оптавай базе. Тут некалькі шэрагаў павільёнаў, і ці не траціна зь іх прапаноўваюць беларускае мяса птушкі, каўбасы, сала і вяндліну пад шыльдамі: «Віцебскія каўбасы», «Магілёўскі мясакамбінат», «Мясныя далікатэсы», «Беларускі правіянт» і гэтак далей. У выніку беларускія пакупнікі набываюць у расейскім Смаленску беларускія тавары, але толькі па ніжэйшым кошце, чым дома. І гэты факт асабліва абуральны, кажуць абодва суразмоўцы:

Ігар: «Беларускіх тавараў тут вельмі шмат, і мы вязём іх назад, бо яны таньнейшыя, чым дома: менскае аўсянае печыва, сухарыкі, куры нашы назад у Беларусь едуць».

Міша: «Мясныя вырабы тут у асноўным напалову таньнейшыя. Наша беларускае сала — вось паглядзіце вакол — Гомельскі, Аршанскі мясакамбінаты — адсоткаў на 40 тут, у Смаленску, прадаюць таньней, чым у нас. Як гэта ўсё атрымліваецца і чаму, я ня ведаю. Але факт ёсьць факт — афіцыйна ўсё адкрыта — брэнд Беларусі на ўсіх крамах».

Хіба толькі шлягбаўмы на дарогах паставяць. Але тады ня мы, дык іншыя будуць езьдзіць лясамі, балотам

Ігар: «Адсоткаў 20 тавараў — вязём назад наша, беларускае».

Карэспандэнтка: «Як шмат людзей забясьпечвае сябе гэткім чынам?»

Ігар, Міхаіл: «Памежныя рэгіёны — Віцебск. Магілёў, дый Гродна цяпер, Берасьце. Аршанцы цягнікамі едуць са сваімі вазкамі — хто як можа, так і дабіраецца, бо тут таньней купіць. Нават з улікам усіх выдаткаў таньней выходзіць».

Карэспандэнтка: «Уся гэтая сытуацыя вас радуе ці засмучае? За дзяржаву ня крыўдна?»

Міхаіл: «Крыўдна. Бо кажуць адно, а насамрэч — усё зусім іншае. Адзінае — я хацеў бы жыць у тэлевізары — так, як нам усё распавядаюць. Бо ва ўсім сьвеце крызіс, а ў нас усё добра. І чым далей, тым горш, бо раней такога патоку не было. Гэта толькі вось апошні год так стала, калі даляр падняўся і ўсё пакацілася, як сьнежны камяк. Гэта дрэнна для простых людзей, а іншыя — яны і без Смаленску абыдуцца».

Карэспандэнтка: «Як вам падаецца, калі гэта зьменіцца?»

Міхаіл: «Бліжэйшую пяцігодку ўсё так і застанецца. Хіба толькі шлягбаўмы на дарогах паставяць. Але тады ня мы, дык іншыя будуць езьдзіць лясамі, балотам — гэтак, як мы дзесяць гадоў таму паліва вазілі. Усё гэта было, ёсьць і будзе».

Пакуль кіроўцы разважаюць пра радасьці і крыўды расейскага «шопінгу», мікрааўтобусы напаўняюцца таварамі, што называецца, пад завязку. На выезьдзе са Смаленску Ігар заяжджае яшчэ і на запраўку, каб гэтак жа сама заправіць і свой «Мэрсэдэс». Праз 40 кілямэтраў — умоўная мяжа саюзных дзяржаў. Беларускія мытнікі, не зачапіўшы тавары, аглядаюць салён і даюць зялёнае сьвятло. Тры гадзіны дарогі, і пакупніцы разгружаюць мікрааўтобус каля сваіх дамоў. Праз тыдзень — чарговы выезд у Смаленск.

XS
SM
MD
LG