Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі музэй на «Дзень гарніста» прэзэнтаваў рэдкі старадрук


Куцеінскі старадрук.
Куцеінскі старадрук.

Музэй гісторыі Магілёва прэзэнтаваў грамадзкасьці свае апошнія набыткі. Сярод іх кніга «Новы запавет з Псалтыром», выдадзеная ў Куцеінскай друкарні ў 1652 годзе.

Музэй гісторыі Магілёва прэзэнтаваў грамадзкасьці свае апошнія набыткі. Сярод іх кніга «Новы запавет з Псалтыром», выдадзеная ў Куцеінскай друкарні ў 1652 годзе. А таксама аналой, пашыты з рызы праваслаўнага сьвятара, якую ў сваю чаргу сшылі са слуцкага поясу. Экспазыцыю музэю папоўняць знойдзеныя школьнікамі фрагмэнты зброі розных часоў.

Магілёўскі гарніст
Магілёўскі гарніст

Прэзэнтацыя набыткаў адбылася на вечарыне прымеркаванай да традыцыйнага Дня гарніста. У 2014 годзе ў будынку ратушы ўмайстравалі мэханічнага фанфарыста, якога назвалі Магіслаў. 1 кастрычніка стаў днём шанаваньня ахоўніка гораду, як яго называюць супрацоўнікі Музэя гісторыі Магілёва. Штогод 1 кастрычніка музэй і праводзіць свае прэзэнтацыі.

Пра куцеінскі старадрук апавёў магілёўцам, якія сабралі ў залі ўрачыстых пасяджэньняў ратушы, намесьнік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясьвіж» Зьміцер Яцкевіч. Ён вывучаў экспанат.

Паводле экспэрта, гэты старадрук рэдкі для Беларусі.

Выступае Зьміцер Яцкевіч.
Выступае Зьміцер Яцкевіч.

«Сярод старадрукаў Куцеінскай друкарні гравюры ў ім найлепшыя. Такія кнігі друкаваў Сьпірыдон Собаль ды іншыя друкары магілёўскай друкарні. Найвялікшая каштоўнасьць у ёй гравюры сьвятых эвангелістаў, якія захаваліся ў даволі добрай якасьці. Хоць стан не найлепшы», — казаў пра выданьне Зьміцер Яцкевіч.

Паводле гісторыка куцеінскія друкары насыцілі такімі кнігамі рынак Вялікага княства Літоўскага і спрабавалі выйсьці на рынак Маскоўскага княства.

Аляксей Бацюкоў
Аляксей Бацюкоў

Дырэктар музэю Аляксей Бацюкоў спасылаючыся на дасьледчыкаў куцеінскіх старадрукаў, адзначыў іх моўныя асаблівасьці. На ягоную думку ў такіх кнігах шмат беларускіх дыялектных абаротаў.

«Куцеінскія кнігі — гэта найперш перадрук беларускіх, альбо украінскіх выданьняў, у тым ліку Собалеўскіх выданьняў. Адпаведна мы можам заключыць, што асаблівасьці беларускай і ўкраінскай мовы траплялі на старонкі гэтых кніг. Гэта не расейскія кнігі», — казаў Аляксей Бацюкоў.

Аналой
Аналой

Прэзэнтаваны аналой (сьвятарская падстаўка пад кнігі з накідкай) сшыты з слуцкіх паясоў, як і куцеінскі старадрук набыты музэем дзякуючы спонсарскай дапамозе.

На ўрачыстасьці былі ўганараваныя дыплёмамі школьнікі, якія адшукалі і перадалі музэю фрагмэнты зброі розных часоў.

Фрагмэнты зброі, знойдзеныя школьнікамі
Фрагмэнты зброі, знойдзеныя школьнікамі

Скульптар Андрэй Вераб’ёў перадаў музэю накладкі на агароджу адрамантаванага мота цераз Дняпро — выява герба Магілёва з Пагоняю ды львоў.

Накладкі на агароджу моста — герб Магілёва і выява льва
Накладкі на агароджу моста — герб Магілёва і выява льва

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG