Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва: міністар Двараніновіч даваў 15 тысяч даляраў хабару ў Ваенны суд


Суд над Юрыем Тузавым

Суд над Юрыем Тузавым

У Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся працэс над былым намесьнікам старшыні Ваеннага суду Юрыем Тузавым, якога абвінавачваюць у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры. У справе таксама фігуруе былы міністар і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Двараніновіч.

Эпізод атрыманьня хабару памерам 20 тысяч даляраў, які сьледзтва інкрымінуе Юрыю Тузаву, адбываўся ў сакавіку-красавіку мінулага году. Пра гэта на судзе распавёў Сяргей Шымчук, які працуе прадстаўніком замежнай фірмы «Інкафуд» у Гарадзенскай вобласьці.

Сяргей Шымчук прызнаў сябе вінаватым у пасобніцтве ў атрыманьні хабару і распавёў, што асабіста перадаў Юрыю Тузаву 15 тысяч даляраў за тое, каб той дапамог аблегчыць ці нават скасаваць прысуд свайму сябру па вучобе ў Гарадзенскім аграрным унівэрсытэце Аляксандру Двараніновічу. Гэтыя грошы для судзьдзі Тузава, паводле Сяргея Шымчука, перадаў яму бацька Аляксандра Двараніновіча Васіль Двараніновіч, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і міністар сельскай гаспадаркі. Абвінавачаны Сяргей Шымчук гэтак апісаў перадачу яму грошай на аўтазапраўцы на ўскраіне Гародні.

«Месца сустрэчы і час вызначыў Васіль Васільевіч. Калі я прыехаў, там ужо стаяў аўтамабіль, у якім сядзеў Васіль Двараніновіч з жонкай. Я сеў да іх. Яны нічога асабліва не распытвалі, дасталі скрутак з грашыма і перадалі мне, сказалі, што там уся сума грошай — 15 тысяч даляраў».

Паводле Шымчука, пазьней да гэтых грошай Юры Тузаў загадаў узяць з Двараніновічаў яшчэ 5 тысяч даляраў, што ён і зрабіў. Але калі перадаваў грошы Тузаву, даў яму толькі 15 тысяч, а 5 пакінуў у сябе. У 2013 годзе прысуд малодшаму Двараніновічу, які быў асуджаны берасьцейкім міжгарнізонным ваенным судом за дачу хабару памежнікам, адмянілі і перагледзелі. Аляксандар Двараніновіч выйшаў на волю, выплаціўшы грашовую кампэнсацыю стратаў і штраф.

Здавалася, гісторыя скончылася для хабарнікаў пасьпяхова. Але празь некалькі месяцаў адменай прысуду Аляксандру Двараніновічу зацікавіліся правяраючыя інстанцыі, і былы міністар зноў стаў прасіць аб дапамозе. А калі пасярэднік Сяргей Шымчук адмовіўся, запатрабаваў вярнуць грошы. Паводле Шымчука, Юры Тузаў свае 15 тысяч даляраў, атрыманыя ад Двараніновічаў, вярнуў, а вось сам Шымчук 5 тысяч пакінуў на сваім рахунку ў банку. Амаль праз год, 13 чэрвеня, Шымчука арыштавалі. Яшчэ празь 5 дзён узялі пад варту і судзьдзю Юрыя Тузава. З таго часу ён знаходзіцца ў ізалятары на Валадарскага, а ягоны хаўрусьнік Шымчук быў вызвалены пад заклад і езьдзіў на допыты з Гародні.

Сёньня на пачатку працэсу Юры Тузаў заявіў, што не прызнае сябе вінаватым

У абвінавачаньні адзначаецца, што Сяргей Шымчук актыўна супрацоўнічаў са сьледзтвам, чаго ня кажуць пра былога ваеннага судзьдзю Юрыя Тузава. Сёньня на пачатку працэсу Юры Тузаў заявіў, што не прызнае сябе вінаватым. Даваць паказаньні суд дазволіў яму ў канцы судовага сьледзтва.

Назіральнікі адзначаюць, што былы міністар Васіль Двараніновіч, які, паводле сьледзтва, клапаціўся пра сына і перадаваў грошы за станоўчае вырашэньне ягонай справы, у працэсе будзе фігураваць не як абвінавачаны, а як сьведка. Яшчэ адным цікавым момантам ёсьць тое, чаму справа аб хабары ўзьнікла амаль праз год пасьля таго, як адбылася перадача грошай.

Старшыняваў на працэсе судзьдзя Аляксандар Цяцюхін. У перапынку пасьля першага паседжаньня абвінавачаны Сяргей Шымчук адмовіўся кантактаваць з журналістамі. Кантактаваць зь Юрыем Тузавым журналісты ня могуць, бо ён знаходзіцца ў жалезнай клетцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG