Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Служба бясьпекі. Tor: зброя свабоды, наркарынак, сховішча дзіцячага порна?


Многія чулі, што трапіць на заблякаваны сайт можна праз Tor — хітрую праграму, што адчыняе ўсе дзьверы ў інтэрнэце. Значна менш людзей ведаюць, што за Tor хаваецца зусім іншы таемны інтэрнэт, недасяжны звычайным карыстальнікам. І што нават Tor не абароніць злачынцаў ад выкрыцьця.

Цыбуля схавáе

Tor расшыфроўваецца як The Onion Router, «цыбулевы роўтэр». Гэта значыць так званую цыбулевую маршрутызацыю. Інфармацыя не ідзе найкарацейшым шляхам ад пункту А ў пункт B, а блукае па шэрагу вузлоў кампутарнай сеткі, пры чым на кожным вузле з пакету інфармацыі здымаецца частка шыфраваньня (нібы цыбуля ачышчаецца ад пластоў), каб вузел атрымаў інструкцыі на далейшую перадачу пакету. Расшыфраваць інфармацыю можа толькі атрымальнік.

Схема працы Tor. Выява: forensicmag.com
Схема працы Tor. Выява: forensicmag.com

Іншымі словамі, кожны вузел ведае толькі папярэдні і наступны вузел, але ня ведае, ад каго і каму перадаецца інфармацыя. Хаця тэарэтычна і можна даведацца, хто ад каго якую інфармацыю атрымлівае, на практыцы гэта вельмі цяжка ці амаль немагчыма. Хіба можна перахапіць інфармацыю на ўваходзе ці выхадзе, але тады не даведацца ці пункт А, ці пункт В.

Гэтая тэхналёгія была распрацаваная пры ўдзеле ВМС ЗША для ўласных шыфраваных камунікацый, але затым была перададзеная ў вольнае карыстаньне. Спампаваць Tor для Windows, MacOS і Linux можна тут ці са шматлікіх сайтаў-люстэркаў. Android-праграма тут, iOS — тут, а вось для Windows Phone праграмы пакуль няма.

«Сёньня серада»

Калі ў 2011 годзе ў Беларусі па серадах праходзілі масавыя пратэсты, многія незалежныя выданьні, а часам і сацсеткі кімсьці (ніхто не прызнаўся) блякаваліся. Сайты нібы не працавалі, колькі іх не перазагружай. Tor быў не адзіным, але самым надзейным выйсьцем. Не загружаецца сайт — трэба глянуць на каляндар, ці не серада сёньня. Калі серада, запускаеш Tor і спакойна чытаеш навіны. У рэшце рэшт, аўтар перайменаваў на рабочым стале «Tor» у «Сёньня серада».

Важна адзначыць: Tor ня ёсьць ідэальным сродкам доступу ў інтэрнэт. Праз асаблівасьці сеткі хуткасьці даволі нізкія (паглядзець відэа будзе цяжка), некаторыя сайты ня могуць ці ня хочуць працаваць з цалкам ананімнымі карыстальнікамі. Напрыклад, Вікіпэдыя дазваляе сябе чытаць з-пад Tor, але рэдагаваць — толькі пасьля «плясак з бубнам». Але Facebook наадварот спрыяе доступу да сябе з-пад Tor.

Tor дае доступ да забароненых уладамі сайтаў і там, дзе серада штодзень. Напрыклад, у Кітаі, дзе за «Вялікім кітайскім фаерволам» недасяжныя многія сэрвісы і сацсеткі, у тым ліку Google і Facebook.

Кляака пад вяршыняй айсбергу

Tor дазваляе атрымліваць доступ да «таемных» сайтаў, якія не адшукаеш Гуглам. Яны месцяцца на дамене .onion і такія ж ананімныя, як карыстальнікі Tor. Лучнасьць гэтых сайтаў называюць «даркнэтам» ці «дарквэбам». Пра даркнэт любяць казаць: той інтэрнэт, што мы ведаем, гэта толькі вяршыня айсбергу, даркнэт значна большы. Ці праўда гэта, невядома. Справа не толькі ў тым, што тамтэйшыя сайты не «гугляцца», а і ў тым, што нават спецыяльныя пошукавікі па onion-сайтах ня бачаць усіх гэтых сайтаў. Іх могуць быць сотні тысяч, мільёны, дзясяткі мільёнаў... ці толькі пару тысяч.

Поўная ананімнасьць дае поўную волю карыстальніку: хочаш, прабівайся праз кітайскія фаерволы, хочаш, прадавай наркотыкі. Гэтым актыўна карыстаюцца, у даркнэце квітнее наркарынак. Кажуць, ён складае 15% даркнэту. Спецслужбы закрываюць адзін найбуйнейшы наркарынак, другі, трэці... Але ўсё роўна праводзяцца дзясяткі, сотні тысяч актаў куплі-продажу.

Даркнэтам карыстаюцца і ўрады, і хакеры, і злачынцы, і невядома хто яшчэ. Выява: brandpowder.com
Даркнэтам карыстаюцца і ўрады, і хакеры, і злачынцы, і невядома хто яшчэ. Выява: brandpowder.com

Даркнэт вядомы і як сховішча дзіцячага порна, жорстка забароненага ў звычайным інтэрнэце. Але зь дзіцячым порна змагаюцца самі карыстальнікі даркнэту (і спецслужбы таксама), сайты атакуюць і адключаюць. Кажуць, дзіцячага порна там практычна не засталося, ды варта паўтарыць: ніхто ня ведае, колькі сайтаў у даркнэце, а тым больш што на іх ёсьць, а чаго няма.

Акрамя таго, Tor дазваляе весьці ананімныя атакі на сайты ў звычайным інтэрнэце, таемна ўзламваць кампаніі, інстытуты — што заўгодна. Хоць наняць кілера. IBM заклікала адмовіцца ад Tor, але пакуль актыўных дзеяньняў з боку карпарацый ня бачна. Ды і адмовіцца няпроста.

Tor забароняць?

Наўрад ці. Кітай актыўна змагаецца з Tor, часам бывае блізкім да перамогі (перакрывае амаль усе, але ніколі ня ўсе вузлы), але ніколі яшчэ не блякаваў Tor цалкам. Ня можа заблякаваць — намагаецца прынамсі помсьціць. Кажуць, і ў Расеі замовілі ўзлом Tor, ды падрадчык падумаў і адмовіўся.

У Беларусі Tor павінны заблякаваць па законе, як і ўсе сродкі доступу да забароненых сайтаў. Магчыма, беларусы выявяцца хітрэйшымі за кітайскіх экспэртаў і насамрэч заблякуюць Tor. Ды беларускія IT-спэцыялісты сумняюцца ў такім сцэнары і сьцьвярджаюць, што змагацца трэба зь іншым.

Беглы пошук па даркнэце паказаў: там на самой справе можна знайсьці прапановы па продажы наркотыкаў, у тым ліку ў Менску ці, напрыклад, у Дзяржынску (што праўда, дзіцячага порна на бачных месцах няма). Але і беглы пошук па інтэрнэце звычайным, не схаваным таксама даў «станоўчыя» вынікі: наркотыкі (асабліва спайсы) знайсьці лёгка, ня трэба быць хакерам з галівудзкага фільма.

Праблема прадаўцоў і пакупнікоў наркотыкаў у інтэрнэце ў тым, што невядома, ці прадае нехта рэальны наркотык, ці простую харчовую муку альбо гарбату, і ці не міліцыянт на іншым канцы дроту. Невядома і тое, ці карыстаюцца гэтым беларускія «органы», але правяраць гэта не рэкамэндуем. За распаўсюд наркотыкаў праз даркнэт атрымліваюць рэальныя турмовыя тэрміны, у тым ліку пажыцьцёвыя бяз права на датэрміновае вызваленьне.

Ніякі сродак ананімнасьці ня дасьць поўнай абароны, так што лепей выкарыстоўваць Tor для законных рэчаў (і тады, калі да законных рэчаў закрываюць доступ).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG