Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масавыя арышты чыноўнікаў


Арыштаваныя былыя міністар гандлю Валянцін Чаканаў і два намесьнікі міністра – транспарту Васіль Півавар і сельскай гаспадаркі Яўген Рагачоў.

На сайце kp.by зьявілася паведамленьне пра верагоднае затрыманьне былога міністра гандлю Валянціна Чаканава. Паводле выданьня, якое спасылаецца на старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка, «Чаканавым займаецца Сьледчы камітэт».

«Сёньня ад нас пра гэта нічога ня будзе, ніякая інфармацыі. Мабыць, будуць зьвесткі ў панядзелак», — сказаў карэспандэнту Свабоды адносна верагоднага затрыманьня экс-міністра Чаканава кіраўнік прэсавай службы Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч.

Валянцін Чаканаў адпрацаваў на пасадзе міністра гандлю з 2009 году. Ён адзіны міністар з ураду прэм’ера Ўладзімера Кабякова, які ня быў наноў прызначаны пасьля выбараў у кастрычніку. З пасады міністра гандлю Валянцін Чаканаў быў адпраўлены ў адстаўку 17 сьнежня. На гэтую пасаду замест яго быў прызначаны Ўладзімер Калтовіч, які займаў пасаду дарадцы-пасланьніка пасольства Беларусі ў Расейскай Фэдэрацыі.

Кіраўнік КДБ заявіў пра арышты былога намесніка міністра сельскай гаспадаркі Васіля Півавара і транспарту Яўген Рагачова і бізнэсмэна Ўладзімера Япрынцава. Расьсьледаваньнем крымінальнай справы Півавара займаецца Сьледчы камітэт. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка.

Акрамя таго, Вакульчык пацьвердзіў факт затрыманьня намесьніка генэральнага дырэктара кампаніі «Трайпл», кіраўніка фэдэрацый самба і дзюдо, аднаго з кіраўнікоў футбольнага клюбу «Дынама» (Менск) Уладзімера Япрынцава і паведаміў, што той абвінавачваецца ў махлярстве.

Васіль Півавар і Яўген Рагачоў былі вызваленыя ад займаных пасадаў у адзін дзень, 4 сьнежня, з аднолькавай фармулёўкай: «у сувязі з учынкам, несумяшчальным са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе».

Інфармацыя пра затрыманьне Япрынцава зьявілася яшчэ ў жніўні, але да гэтага часу афіцыйнага пацьверджаньня гэтага факту не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG