Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найстарэйшы байкер Беларусі Slavamir пра «Начных ваўкоў»: Іх «падтрымліваюць», ім забясьпечваюць «крышу»


«Начныя ваўкі» ў суправаджэньні ДАІ едуць па Берасьці, архіўнае фота

«Начныя ваўкі» ў суправаджэньні ДАІ едуць па Берасьці, архіўнае фота

«„Начныя ваўкі“ — гэта арганізацыя зусім іншага парадку. Іх падтрымліваюць, падкормліваюць, забясьпечваюць „крышу“. Некаму яны патрэбныя», — байкер з 50-гадовым стажам, заснавальнік «Цэнтру эстэтычнай мэдыцыны Хіневіч і К» Славамір Хіневіч распавядае Радыё Свабода, як ставіцца да руху Аляксандра «Хірурга» Залдастанава.

Байкеры з праўладнага мотаклюбу «Начныя ваўкі» чарговы раз праедуцца празь Беларусь у спробе «ўзяць Бэрлін». Як паведаміў прадстаўнік «ваўкоў» у Менску Аляксей Вакульчык, у суботу расейскія матацыклісты маюць наведаць мэмарыял у Хатыні і Курган Славы, пасьля чаго рушаць у Берасьце. У нядзелю раніцай у тамтэйшым расейскім кансуляце заплянаваная прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Залдастанава, на якой ён акрэсьліць плян дзеяньняў.

Летась матацыклістаў з савецкімі сьцягамі, якія хацелі сустрэць дзень Перамогі абавязкова пад Рэйхстагам, спынілі ды завярнулі назад польскія памежнікі. Сёньня МЗС Польшчы адназначна заявіў, што не прапусьціць на сваю тэрыторыю ўдзельнікаў мотамаршу «Дороги Победы — На Берлин!».

Савецкая сымболіка на беларускіх дарогах

Савецкая сымболіка на беларускіх дарогах

У красавіку 2015-га «ваўкам» у Беларусі зладзілі пышны прыём. На ўсім шляху транзыту калёну суправаджаў эскорт ДАІ, перад Курганам Славы чакала патрыятычная масоўка, а ў Менску на сваім дарагім «Харлеі» да іх далучыўся Віктар Лукашэнка — прэзыдэнцкі сын, аматар і наведнік топавых мотагонак і «Формулы-1». Заканчэньнем беларускай часткі істотна падрэзанага прабегу стала сустрэча «Хірурга» (такую байкерскую мянушку ўзяў сабе галоўны «воўк») Аляксандра Залдастанава з журналістамі ў Берасьці, падчас якой ён прыгразіў «усім ворагам Расеі».

Байкерская субкультура не павінна ўдзельнічаць у палітычных актах

Сёлета, сабраўшыся ў Маскве, яны зноў рушаць да заходняй мяжы «саюзнай дзяржавы». Праўда, мяркуючы па ўсім, ня ўдасца яе перасекчы і гэтым разам — у сувязі з палітыкай Крамля ў Крыме і на ўсходзе Ўкраіны на клюб «Начныя ваўкі» і пэрсанальна на Залдастанава ЗША і Эўразьвяз наклалі эканамічныя і візавыя санкцыі, якіх ніхто не адмяняў. Варта нагадаць, што 53-гадовы Залдастанаў, хоць і нарадзіўся ва Ўкраіне, быў сярод галоўных ініцыятараў і стваральнікаў руху «Антымайдан», мэта якога — супрацьдзеяньне дэмакратычным працэсам у Расеі.

Віктар Лукашэнка (крайні справа) з расейскімі «ваўкамі»

Віктар Лукашэнка (крайні справа) з расейскімі «ваўкамі»

Пакуль ніводзін зь беларускіх клюбаў не агучыў жаданьня далучыцца да «прабегу Перамогі» расейскіх калегаў — за выключэньнем, бадай, некаторых беларускіх аддзяленьняў «Начных ваўкоў», якія ў гэтай справе ня маюць выбару.

Ці варта байкерам у Беларусі падтрымліваць ідэі расейскага «Хірурга»? У якасьці экспэрта, які ня значыцца ў ніводным мотаклюбе, а таму, вобразна кажучы, застаецца «па-над бойкай», Свабода папрасіла выступіць старэйшага беларускага байкера Славаміра Хіневіча, вядомага пад «пазыўным» Slavamir.

Плястычны хірург і байкер Славамір Хіневіч

Плястычны хірург і байкер Славамір Хіневіч

Ён вядомы і пасьпяховы бізнэсовец, заснавальнік і кіраўнік Цэнтру эстэтычнай мэдыцыны свайго імя, дзе сам робіць апэрацыі. Са сваіх 67 гадоў амаль паўстагодзьдзя езьдзіць на матацыклах — у юнацтве і маладосьці на савецкіх зь «люлькай», цяпер — на самых сучасных. Аўтар кнігі «Мае матацыклы», уладальнік найбуйнейшай у Беларусі прыватнай калекцыі мотатранспарту — блізу сямі дзясяткаў адзінак рарытэтнай тэхнікі з самых розных куткоў сьвету. На яго перакананьне, мотакультура — занадта свабодалюбівая сфэра, каб заганяць яе ў рамкі палітыкі:

«Я адразу магу вам сказаць, што байкерства — гэта грамадзкі рух. Таму ўсе такія субкультуры, як наша, не павінны ўдзельнічаць ні ў якіх палітычных актах і кампаніях. Такая мая адназначная пазыцыя. То бок — рух дзеля душы, але ні ў якім разе ня дзеля палітыкі. Думаю, гэта ня толькі мая выснова, у абсалютнай большасьці нашы клюбы таксама будуць гэткай жа думкі».

Славамір Хіневіч у акружэньні сваіх рарытэтаў

Славамір Хіневіч у акружэньні сваіх рарытэтаў

Імпэрыя «Начных ваўкоў»: дзяржава ў дзяржаве

Тым ня меней, у Расеі ў апошнія гады рух байкераў набывае нязвыклыя для яго раней адценьні — палітычныя, рэлігійныя. Залдастанаў зь сябрамі — удзельнікі бальшыні прапагандысцкіх мерапрыемстваў пад эгідай Крамля. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін сам ня раз узначальваў «воўчую» мотакалёну, на тле падзеяў ва Ўкраіне зь ягоных рук «Хірург» атрымаў ордэн Пашаны, копію якога носіць на скураной камізэльцы. «Начныя ваўкі» актыўна прапагандуюць праваслаўе, іхнія лідэры рэгулярна сустракаюцца з вышэйшым духавенствам.

«Начныя ваўкі» ў Менску

«Начныя ваўкі» ў Менску

Ужо зыходзячы з гэтага, як кажа Славамір Хіневіч, нельга лічыць «Начных ваўкоў» звычайным байкерскім рухам:

«„Начныя ваўкі“ — гэта арганізацыя зусім іншага парадку, якая практычна ад усіх дыстанцыявалася. Значыць, іх нехта падтрымлівае, падкормлівае, забясьпечвае „крышу“, як яшчэ гавораць. То бок, некаму яны патрэбныя. Але ўсё гэта замяняе першасную задачу — масавы матацыклетны рух, які дазваляе адчуваць сябе свабодным на дарозе і дыхаць поўнымі грудзьмі, дае магчымасьць глядзець па баках і кантактаваць зь людзьмі розных прафэсіяў і нацыянальнасьцяў. Бо ўвесь кайф, гаворачы мовай сучаснай моладзі, атрымліваеш ад самога працэсу — язды на матацыкле і рэляксе на фінішы. А паміж гэтым сустракаеш новых людзей, гаворыш шмат і ні пра што — выдатны спосаб разважыць сябе пасьля цяжкіх працоўных будняў».

У Беларусі, як і ў шэрагу іншых дзяржаваў (перадусім гэта праваслаўныя балканскія краіны, а таксама балтыйскія, дзе шмат расейскамоўнага насельніцтва), існуе некалькі прадстаўніцтваў «Начных ваўкоў». Ці азначае гэта, што палітызаваныя ідэі Залдастанава запатрабаваныя ня толькі ў Расеі? Вось што на гэты конт думае мой суразмоўца:

Байкер Хіневіч і яго калекцыйны экспанат — MZ ES 250/2 (1969 г.)

Байкер Хіневіч і яго калекцыйны экспанат — MZ ES 250/2 (1969 г.)

«Безумоўна, ёсьць такія прадстаўніцтвы, было б дзіўна, каб іх не было... Яны ёсьць і будуць узьнікаць, бо іх ідэі маюць сваіх прыхільнікаў, гэта не сакрэт. Наагул, у нас хутка вучацца ўсяму таму нядобраму, што прыходзіць аднекуль. Я ня маю на ўвазе менавіта Расею, бо, скажам, распаўсюд наркотыкаў, гандаль зброяй, якія прыпісваюцца байкерам, прыйшлі з тых жа Штатаў. Гэта ўсё агрэсіўны байкерскі рух, у нас яго быць не павінна. Ня трэба прыпадабняцца дрэннаму і праходзіць праз усе балючыя кропкі, якія зазналі ЗША, Эўропа, а цяпер вось спрабуюць на сабе і іншыя».

Хірург — прафэсійнае прызваньне, а ня байкерская мянушка

Цікаўлюся ў Славаміра Хіневіча, ці кантактаваў ён з Аляксандрам «Хірургам» Залдастанавым асабіста. Як выявілася, такой мэты беларускі мотавэтэран перад сабой нават ня ставіў:

«Не, я ніколі зь ім не кантактаваў, хоць у свой час шмат езьдзіў па фэстах, дзе прысутнічалі і ягоныя байкеры. Да таго ж цяпер я ежджу толькі па Эўропе, у бок Расеі не выбіраюся зусім. Таму асабіста Залдастанава ня ведаю, і хто за гэтым усім стаіць — магу толькі здагадвацца».

Пры гэтым спадар Хіневіч не хавае абурэньня, што ў якасьці байкерскай мянушкі Залдастанаў спыніўся на «Хірургу». Бо гэта тая вяршыня, да якой спэцыялісты ў мэдыцыне ідуць гадамі:

«Чаму ён называе сябе „Хірург“ — пытаньне. Я хірург — гэта так, бо апэрырую кожны дзень. А вось ён чым займаецца і чаму ў яго такая байкерская „клікуха“ — ня ведаю. Як мне казалі, ніякага дачыненьня да мэдыцыны ён ня мае. Прынамсі ўсе тыя гады, што кіруе арганізацыяй».

Аляксандар Залдастанаў у расейскім кансуляце ў Берасьці

Аляксандар Залдастанаў у расейскім кансуляце ў Берасьці

Дзеля справядлівасьці, мэдычны сьлед у біяграфіі Залдастанава ўсё ж ёсьць. Ягоныя бацькі былі лекарамі і марылі, што працоўную дынастыю працягнуць дзеці. Як і сястра, Аляксандар таксама пагадзіўся на такі варыянт і пасьля школы паступіў у Маскоўскі мэдычны інстытут. Працаваў у стаматалягічнай паліклініцы, спэцыялізаваўся на посттраўматычнай дэфармацыі твару. Праўда, літаральна пару гадоў: паступова далучыўся да рок-тусоўкі, а неўзабаве пачаў гойсаць па Маскве на «Яве». Удзельнічаў у сутычках за сфэры ўплыву, заваёўваючы аўтарытэт кулакамі. Так з мэталіста стаў байкерам — і прысьвяціў гэтаму ўсё астатняе жыцьцё.

Выказваю здагадку, што, магчыма, у дадзеным кантэксьце «Хірург» пазыцыянуе сябе як «лекар душ чалавечых», сабраных пад ягоным «камандаваньнем». Спадар Хіневіч ня згодны: з душэўнымі праблемамі — да псыхіятра:

Славамір Хіневіч: у добрым настроі

Славамір Хіневіч: у добрым настроі

«Чалавечыя душы хірургічным шляхам ня лечаць, іх лечыць псыхіятар, псыханэўроляг ці ў лепшым выпадку псыхоляг. Зрэшты, асабіста супраць яго я нічога ня маю. Але калі ён абазваў сябе „Хірургам“ толькі дзеля прыгожага слоўца, то магу выступіць публічна: так сябе пазыцыянаваць нельга. Каб стаць хірургам, трэба адпрацаваць у сваёй галіне мінімум 15 гадоў. Мінімум! Дзе і колькі ён практыкаваўся? А я 45 гадоў працую, таму магу гаварыць у такой танальнасьці».

Вокладка кнігі Славаміра Хіневіча «Мае матацыклы» (2011 г.)

Вокладка кнігі Славаміра Хіневіча «Мае матацыклы» (2011 г.)

Славамір Хіневіч ня думае, што візыт «Начных ваўкоў» зьбярэ вакол сябе натоўпы ўдзячнай публікі. Сам ён заняты зусім іншымі справамі і ніякага інтарэсу да прабегу ня мае. Поруч з працай у клініцы рыхтуе новую кнігу пра матацыклы і спадзяецца, што на наступны год пад яе прэзэнтацыю наладзіць прыватную выставу мотатэхнікі са сваёй багатай калекцыі.

«Пакуль сыходжу ў цень, і ўжо ў гэтым цені сам-насам з сабой, не публічна, буду займацца падрыхтоўкай сваіх спраў», — падсумаваў у размове са Свабодай 67-гадовы байкер, заснавальнік Цэнтру плястычнай хірургіі Славамір Хіневіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG