Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скайп-кансультацыі паліклінік: тэхніку далі, працаваць не навучылі


©Shutterstock
©Shutterstock

Гарадзкая студэнцкая паліклініка № 33 адна зь першых у Менску распачала дыстанцыйнае кансультаваньне пацыентаў праз скайп. Тры дні на тыдзень — у панядзелак, сераду і чацьвер — загадчыкі тэрапэўтычных аддзяленьняў кансультуюць хворых ад шаснаццатай гадзіны да дваццатай, калі паліклініка зачыняецца.

Як гэта наладжана, Свабодзе паведаміла намесьніца галоўнага ўрача Людміла Казлова:

«Скайп-кансультаваньне — гэта перадусім неадкладныя пытаньні. Да прыкладу, чалавек сядзіць дома, у яго падымаецца тэмпэратура, а ў паліклініку ісьці ня можа, альбо гэта адбываецца ў вячэрні час. Хуткую выклікаць ня хоча, бо падобныя сытуацыі ўжо былі, а кансультацыя патрэбная тэрмінова: вось ён мае дома тры таблеткі ад чагосьці, і якую яму выпіць? Ён набірае скайп-кансультаваньне і перапытвае ў лекара, што ён можа выпіць з таго, што мае. Лекар скажа, што яму выпіць, і дадасьць: а заўтра раніцай, калі ня стане лепш, то абавязкова ідзіце ў паліклініку. Бывае і так, што ёсьць хранічныя хворыя, і з-за сэсіі ці зь іншых прычынаў гэты студэнт не прыйшоў своечасова на прыём. І вось ён зьвяртаецца да загадчыка аддзяленьня, і той падрабязна адказвае, як зьняць прыступ, ці параіць, што рабіць, калі стала горш. Альбо студэнт перапытвае, ці можа, да прыкладу, ехаць адпачываць на мора. І лекар падрабязна дае кансультацыю, што можна, а што нельга рабіць пры пэўным захворваньні. Калі спэцыяліст ня можа адказаць дыстанцыйна, то запрашае на прыём. Скайп-праграмы ў нас усталяваныя на кампутарах загадчыкаў аддзяленьняў. Іх трое. Яны і кансультуюць паводле раскладу, які зьмешчаны на сайце паліклінікі — тройчы на тыдзень».

Паліклініка № 33 — адзіная ў Менску, якая абслугоўвае выключна студэнтаў. Бальшыня зь іх ужо паздавалі іспыты і паразьяжджаліся на вакацыі. Сярод рэдкіх наведнікаў тых, хто непасрэдна карыстаецца інтэрнэт-паслугамі, не знайшлося. Але пра такія паслугі ведаюць і ўхваляюць іх:

— Ці ведаеце пра магчымасьць інтэрнэт-кансультацыяў у вашай паліклініцы і ці карысталіся ўжо?

— Чуў, натуральна, ведаю. Сам не карыстаўся, але справа вартая. Прагрэс — заўсёды добра.

Мой сябар карыстаецца — ён увогуле рэдка да паліклінікі даходзіць. Начытаецца і нават мне парады дае.

— Не, скайпам яшчэ не карысталіся. Але задавалі пытаньні праз інтэрнэт. Вельмі добра, што ёсьць такая магчымасьць, бо ёсьць дробныя пытаньні, зь якімі да лекара ісьці нібыта несур’ёзна. А праз інтэрнэт — не «загружаеш» нікога сваім візытам і сам часу не марнуеш

— Бываюць таксама пытаньні інтымнага характару, і вельмі шмат... Бывае цяжка і няёмка казаць пра іх лекару непасрэдна, альбо запытацца нешта, да прыкладу. А праз інтэрнэт — і сам адказ атрымаеш, і яшчэ некаму карысна будзе.

Вось жа, акрамя скайп-кансультаваньня, лекары таксама адказваюць на пытаньні пацыентаў праз інтэрнэт-сайт паліклінікі. Каб атрымаць адказ на пэўнае пытаньне, трэба яго даслаць электроннай поштай, і неўзабаве адказ будзе выстаўлены на інтэрнэт-старонцы. Пытаньні праз інтэрнэт могуць задаваць усе ахвочыя, таму пра запатрабаванасьць паслугі сьведчыць іх колькасьць і разнастайнасьць, кажа Людміла Казлова. Вось толькі некаторыя з пытаньняў:

«У дзіцяці вельмі высокая тэмпэратура. Вырашыла зрабіць жарапаніжальны ўкол. Сказала старэйшай дачцэ патрымаць малое. Яна ня справілася. Дзіця ўвесь час рухалася, і ўся вадкасьць уколу прайшла пад скуру. Утварыўся бугарок — вельмі страшна мне. Цяпер позна. Няма куды датэлефанавацца. Дапамажыце. Ці ёсьць магчымасьць абсцэсу?»

«Апошнім часам нямее левая рука, ніякія іншыя болі ня мучаюць. У асноўным нямее ў стане спакою. Прашу дапамагчы, што можа быць, да якога спэцыяліста зьвярнуцца?»

«Пастаўлены дыягназ стэатагепатыт на тле алькагольнай інтаксыкацыі. Была павялічаная пячонка і селязёнка, пасьля 3-х месяцаў лячэньня ўсё аднавілася. Колькі неабходна печані, каб аднавіцца цалкам, і ці рэальна гэта наагул? Ці ўжо застаецца толькі падтрымліваць яе і пазьбягаць шкодных узьдзеяньняў? Дзякуй!»

Паводле Людмілы Казловай, галоўны лекар разьмяркоўвае пытаньні, якія зьяўляюцца на сайце паліклінікі, па адпаведных спэцыялістах. Цягам дня кожны лекар можа атрымаць па некалькі такіх запытаў і мае абавязак на іх адказаць. Праз скайп прыходзіць па 3–4 пытаньні на месяц. І тым ня менш, гэтая практыка мае сэнс: зьніжае нагрузку на брыгады хуткай дапамогі і на самі паліклінікі. Але для большай эфэктыўнасьці павінна быць і адпаведная падрыхтоўка лекараў:

Мы пайшлі па такім шляху заахвочваньня, што, калі лекар самастойна надрукуе хоць аркушык, то мы выпісваем яму прэмію

«На жаль, з падрыхтоўкай пытаньне стаіць вельмі складана: мы самавукі. Мы паволі кампутарызуем усю паліклініку: кампутары былі ў кіраўніцтва, сакратароў, а цяпер — у кожным кабінэце лекара. І тым, каму за шэсьцьдзесят, — ім вельмі складана. Мы пайшлі па такім шляху заахвочваньня, што, калі лекар самастойна надрукуе хоць аркушык, то мы выпісваем яму прэмію. Гэтая інфармацыя імгненна распаўсюдзілася, і вось яны ідуць з гэтымі аркушыкамі надрукаванымі і перапытваюць: а мне прэмія будзе? Хоць яна і маленькая зусім, але ж і заробкі маленькія. Дый працаваць людзі зацікаўленыя, бо калі хтосьці ня зможа асвоіць кампутар, то і працаваць ня зможа. Акадэмія павышэньня кваліфікацыі адкрыла кампутарныя курсы, але на пару месяцаў нам дастаецца толькі адно накіраваньне на навучаньне. Вось калі мы навучымся працаваць, то тады ўсё гэта будзе апраўдана і эфэктыўна. А калі лекар па адной клявішы набірае гэты дзёньнічак наведніка, то часу гэтулькі сыходзіць, што, як кажуць студэнты, яны ўжо просяць: лекар, ды вы на мяне паглядзіце, што вы сядзіце гэтыя кнопачкі націскаеце? Гэта ж таксама праўда, наведніку ж таксама трэба ўвага, а ня толькі на клявішы ціснуць. Цяперашнія выпускнікі мэдынстытуту — яны валодаюць кампутарамі, зь імі няма праблемаў. А тыя, хто даўно працуе — па 30–40 гадоў — тым вельмі цяжка. Таму ў гэтым сэнсе Міністэрству аховы здароўя трэба было лепш прадумаць сытуацыю».

Як паведаміла Людміла Казлова, падобныя інтэрнэт-практыкі распаўсюджваюцца і ў іншых паліклініках Менску. Аднак там іх актыўнасьць і эфэктыўнасьць значна ніжэйшая, бо лекары вельмі загружаныя, а паліклінікі горш укамплектаваныя спэцыялістамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG