Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адпаведнае рашэньне было прынятае яшчэ 4 лютага мінулага году. Аднак пра гэта былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і палітвязень даведаўся толькі сёньня.

«Я днямі дапусьціў невялікае парушэньне дарожных правілаў, — кажа Свабодзе Сяргей Скрабец. — Мяне спыніў аўтаінспэктар. Пачалі разьбірацца. І раптам ён кажа: «Вам жа яшчэ ў лютым мінулага году забаранілі на пяць год вадзіць машыну». Я літаральна аслупянеў.

Канечне, давялося высьвятляць сытуацыю. Аказваецца, сапраўды 4 лютага 2016 году судзьдзя Эканамічнага суду Менску Натальля Зайцава прыняла рашэньне аб абмежаваньні майго права на карыстаньне транспартным сродкам тэрмінам на 5 гадоў. Падстава — я не разьлічыўся за крэдыт, які браў у «Беларусбанку». А я як магу разьлічыцца, калі мяне нікуды не бяруць на працу?! Куды ні сунуся — усюды на мне кляймо «ворага народу».

Сяргей Скрабец лічыць, што такім чынам улады помсьцяць яму:

«Мяне і маю сямʼю пазбавілі апошняй магчымасьці зарабіць кавалак хлеба. Мне і майму малодшаму брату забаронены выезд за мяжу. У мяне, бацькоў, брата канфіскавалі маёмасьць. Я адседзеў у турме, хоць абвінавачаньне ў Вярхоўным судзе фактычна развалілася. І ўсё таму, што ў 2001 годзе, калі я яшчэ быў дэпутатам, паспрабаваў балятавацца ў прэзыдэнты».

Сяргей Скрабец быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2000–2004 гады). Некаторы час узначальваў нефармальную дэпутацкую групу «Рэспубліка». Летам 2004 году разам з дэпутатамі з гэтай групы Ўладзімерам Парфяновічам і Валерам Фраловым правялі галадоўку пратэсту супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі і супраць унясеньня паправак у выбарчае заканадаўства. Дэпутаты таксама патрабавалі вызваліць палітвязьня Міхаіла Марыніча. Скрабец быў адным з арганізатараў акцыі пратэсту, прымеркаванай да 10-годзьдзя прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Пасьля затрыманьня ў траўні 2005 году Скрабца зьвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў і ў лютым 2006-га асудзілі на два з паловай гады. Разам з Аляксандрам Казуліным у калёніі «Віцьба-3» трымаў галадоўку. Рашэньнем пракуратуры Сяргея Скрабца амніставалі на год і вызвалілі 15 лістапада 2006 году.

Дэпутацкая група «Рэспубліка» была створаная ў Палаце прадстаўнікоў 2 скліканьня, ёй кіравалі спачатку Валер Фралоў, пасьля Сяргей Скрабец. У розны час у складзе групы было ад 8 да 13 дэпутатаў. Група, у якую ўваходзілі пераважна дэпутаты-бізнэсоўцы, выступала за прыняцьцё новых эканамічных законаў, якія б адпавядалі канонам рынкавай эканомікі. Некаторыя з дэпутатаў, у прыватнасьці Парфяновіч, Скрабец і Фралоў, далучалі да гэтых патрабаваньняў палітычныя.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG