Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі будзе «гібрыднае радыё» — скончылася эпоха кароткіх, доўгіх і сярэдніх хваляў


Беларусь выключыла радыёперадатчыкі, якія вяшчалі на тэрыторыю краіны і замежжа на ўсіх дыяпазонах, апрача ФМ.

З 1 красавіка спынілася вяшчаньне Беларускага радыё і радыёстанцыі «Беларусь», якая вяшчае на замежжа, на доўгіх, сярэдніх і кароткіх хвалях.

Пра гэта паведамляе сайт Беларускага радыётэлевізійнага перадавальнага цэнтру.

«У сувязі з адмовай Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь ад паслугаў РУП «БРТПЦ» і адсутнасьцю іншых замоўнікаў, з 01.04.2016 году спыняецца эфірная трансьляцыя гукавых праграм «Першы нацыянальны канал Беларускага радыё» і «Радыёстанцыі Беларусь» у дыяпазонах нізкіх, сярэдніх і высокіх частот. І ідзе пералік перадатчыкаў, якія перастаюць працаваць у Калодзішчах, Асіповічах ды іншых.

Супрацоўнік тэхнічнага аддзелу Беларускага радыётэлевізійнага перадавальнага цэнтру патлумачыў:

«Па-першае, спынена вяшчаньне на доўгіх хвалях — гэта праграмы, якія распаўсюджваліся на тэрыторыі Беларусі. Гэты перадатчык накрываў практычна ўсю тэрыторыю краіны ў дыяпазоне доўгіх хваляў — 279 кілягерц. То бок першы канал Беларускага радыё ў гэтым дыяпазоне перастаў распаўсюджвацца з 1 красавіка.

На кароткіх і сярэдніх хвалях мы вяшчалі на Заходнюю Эўропу і на Расею. Там трансьляваліся праграмы Першага канала Беларускага радыё і замежнае вяшчаньне — праграмы радыёстанцыі „Беларусь“.

Сярэднія хвалі „дабівалі“ да Афрыкі. Распаўсюд хваляў ішоў промнем, таму ня ўся Заходняя Эўропа пакрывалася, а толькі частка. Ангельшчына не трапляла, паўночная частка Францыі, Бэльгія, скандынаўскія краіны. А Цэнтральная і Паўднёвая частка Эўропы траплялі. Пры працы перадатчыкаў на максымальнай магутнасьці беларускае вяшчаньне даходзіла да Афрыкі. Хоць нам пісала адна нямецкая кампанія, што нас было чуваць нават у Паўночнай і Паўднёвай Амэрыцы.

А цяпер наш заказчык — Белтэлерадыёкампанія — адмовіўся ад нашых паслугаў. І мы вымушаны былі выключыць перадатчыкі.

Афіцыйная прычына — зьніжэньне фінансаваньня. Ліст падпісаў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.

Цяпер Беларускае радыё можна слухаць толькі ў FM дыяпазоне і на УКХ. А вось СХ, КХ, ДХ дыяпазоны ў Беларусі перасталі выкарыстоўваць».

На пытаньне, ці можа нешта зьмяніцца, ці магчыма будзе ўключыць перадатчыкі ў будучым, супрацоўнік тэхнічнага аддзелу БРТПЦ адказаў, што ў бліжэйшыя два гады — 2016 і 2017 — нічога ня зьменіцца. Дый наагул вяртаньня ўжо ня будзе:

«Перадатчыкі выключаны, і ўключыць зноў іх ужо немагчыма. Новы перадатчык такога кшталту, якія працавалі, каштуе каля 1 мільёна даляраў».

Галоўны дырэктар «Радыё Беларусь», якое вяшчае на замежжа, Навум Гальпяровіч заявіў Свабодзе, што гэта агульная тэндэнцыя пераходу на новыя тэхналёгіі, у інтэрнэт:

«Мы пашыраем вяшчаньне ў інтэрнэце на ўсіх васьмі мовах, цяпер нас можна слухаць на разнастайных гаджэтах, працуем у дыяпазоне FM на блізкія рэгіёны, а таксама на спадарожніку. Так што ў нас ня толькі не звужаецца, а пашыраецца вяшчаньне. Цяпер гэта гібрыднае радыё. На нашым сайце зьявілася відэа».

Рымантас Пляйкіс (Rimantas Pleikys)
Рымантас Пляйкіс (Rimantas Pleikys)

А вось Рымантас Пляйкіс, былы міністар сувязі Літвы, заснавальнік радыё «Балтыйскія хвалі», празь якія Радыё Свабода рэтрансьлюецца на сярэдніх хвалях ад 2000 году, спэцыяліст па радыётэхналёгіях, аўтар дасьледаваньня пра радыёглушэньне, такім чынам камэнтуе Свабодзе спыненьне вяшчаньня Беларускага радыё на доўгіх, сярэдніх і кароткіх хвалях:

«У сувязі з гэтым варта адзначыць пяць рэчаў.

Па-першае, гэта сацыяльна несправядлівы крок у дачыненьні да незаможных людзей, якія будуць вымушаныя купляць FM-прымачы.

Па-другое, такая „ашчаднасьць“ — гэта прыкмета фінансавага крызісу рэжыму.

Па-трэцяе, Беларускае нацыянальнае радыё больш ня будуць чуць беларусы, якія жывуць або падарожнічаюць у Літве, Польшчы, Украіне, Расеі, Латвіі.

Па-чацьвертае, „ашчаджаныя“ грошы беларускае Дзяржтэлерадыё можа карупцыйна „праесьці“ разам з прыхільнымі яму прыватнымі прадусарскімі кампаніямі.

Па-пятае, страчваецца нагода ўвесьці лічбавую трансьляцыю паводле тэхналёгіі DRM».

У той жа час суседняя Літва працягвае трансьляцыю радыёпраграм на Расею і іншыя краіны на ўсход ад яе, паведамляе МЗС Літвы.

Гэтыя праграмы трансьлююцца празь перадатчык магутнасьцю 75 кіляват, які знаходзіцца ў паселішчы Сіткунай пад Коўнам. Акрамя таго, ЗША падаруе Літве сучасны перадатчык магутнасьцю 200 кіляват. (Для параўнаньня, адключаныя перадатчыкі ў Калодзішчах мелі магутнасьць 150 і 250 кВт, у Асіповічах — 500 і 800 кВт).

Новае абсталяваньне дазволіць узмацніць палітыку інфармаваньня краінаў Захаду і барацьбу з расейскай прапагандай у рэгіёне, а таксама камунікацыю ў Расеі, Украіне і іншых дзяржавах рэгіёна", — цытуе заяву МЗС Літвы Delfi.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG