Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Шклове лідэрам кампаніі «Гавары праўду» паабяцалі здаць лядовы палац у час


 Гаварыпраўдаўцы ў роздумах, ці ісьці на будаўнічую пляцоўку (лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, зьлева былая кандыдатка на прэзыдэнта Тацяна Караткевіч. Наводдаль — будучы вылучэнец у Палату прадстаўнікоў Пётар Шымбалёў)

Гаварыпраўдаўцы ў роздумах, ці ісьці на будаўнічую пляцоўку (лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, зьлева былая кандыдатка на прэзыдэнта Тацяна Караткевіч. Наводдаль — будучы вылучэнец у Палату прадстаўнікоў Пётар Шымбалёў)

Жыхары Шклова незадаволеныя малымі заробкамі і марудным узьвядзеньнем лядовага палацу. Пра гэта яны паскардзіліся кіраўніцтву кампаніі «Гавары праўду», якое наведала райцэнтар.

Лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч наведаліся ў Шклоў, каб «дасьледаваць мясцовую спэцыфіку праблемаў», а таксама прадставіць шклоўцам вылучэнца ад іх арганізацыі на выбары ў Палату прадстаўнікоў, жыхара Бялыніч Пятра Шымбалёва.

Лядовы палац у Шклове ўзводзіцца больш за пяць год. Неаднойчы будоўля прыпынялася праз праблемы зь фінансаваньнем. Будаўнікі, зь якімі сустрэліся сёньня актывісты, назвалі прастоі «тэхналягічнымі перапынкамі».

Пасьля чарговага такога перапынку працы на лядовым палацы аднавіліся летась у лістападзе. Цяпер на аб’екце працуе больш за сто будаўнікоў з Круглянскай ПМК-266.

Будуецца Лядовы палац у Шклове

Будуецца Лядовы палац у Шклове

«У пляне стаіць кастрычнік, але зьбіраемся завяршыць працы ў ліпені. У нас дзьве чаргі. У першую мы мусім здаць сам палац, а ў другую — упарадкаваць вакол яго тэрыторыю і зрабіць прывязку на інфраструктуры», — даводзіў гаварыпраўдаўцам прараб будоўлі.

На пытаньне, ці не задарагі палац для дзяржаўнага бюджэту, будаўнікі адказалі: «Як па цяперашнім часе, дык будзе цяжкавата яго выцягнуць».

«Але падлічваць выдаткі ня ў нашай кампэтэнцыі, — дадалі яны. — Няхай высокае начальства думае за нас пра гэта».

«Цяпер самае важнае для людзей — гэта цэны і заробак, — выказаліся будаўнікі пра свае надзённыя праблемы. — Як завершым гэты аб’ект, то будзем шукаць сабе іншую працу. Ужо наша кіраўніцтва шукае. Дапускаем, што можам паехаць працаваць у Расею. У наступным жа годзе дзяржаўнай падтрымкі больш ня будзе. Трэба будзе неяк круціцца».

Паводле прараба, у сярэднім будаўнікі на лядовым палацы зарабляюць блізу пяці мільёнаў рублёў.

Тым часам жыхары райцэнтру незадаволеныя тэмпамі будаўніцтва.

Так выглядае лядовы палац з Ганчарнай вуліцы. Яна забудаваная прыватнымі сядзібамі

Так выглядае лядовы палац з Ганчарнай вуліцы. Яна забудаваная прыватнымі сядзібамі

«Тут быў у свой час добры луг. Можна было адпачываць, а цяпер усё перакапалі. Як завершыцца будоўля, мо будзе і добра, але калі гэта адбудзецца...» — выказаў незадаволенасьць актывістам адзін з жыхароў Ганчарнай вуліцы, якая побач з будоўляй.

На думку жыхара Шклова, цяпер у эканоміцы «ўсюды праблемы».

«Вы ж усё добра разумееце, а мне паўтара году да пэнсіі. Вас такі адказ ці задаволіць?» — перапыніў гутарку мужчына, як толькі гаварыпраўдаўцы прапанавалі назваць актуальныя праблемы жыхароў Шклова.

«5 гадоў на ўзьвядзеньне такога аб’екта як лядовы палац — гэта зашмат. А потым колькі бюджэтных грошай будзе патрэбна, каб ён функцыянаваў», — выказала меркаваньне Тацяна Караткевіч пасьля наведваньня будаўнічай пляцоўкі.

«Мне думаецца, што варта было аддаць прыватніку гэты аб’ект, каб ён яго дабудоўваў, — дадае палітык. — Мо ён бы зрабіў гэты комплекс больш функцыянальным, каб ня толькі хакейная пляцоўка была».

Наведаліся гаварыпраўдаўцы і на рынак райцэнтру. У дзьве гадзіны дня не засьпелі там пакупнікоў. Большая частка гандляроў таксама пасьпела разьехацца. Некаторыя з тых, хто застаўся, пабачыўшы нязвыкла апранутых пры гальштуках гасьцей, палічылі за лепшае зачыніцца.

«Калі б ў насельніцтва было болей грошай, то ў малога бізнэсу праблемаў было б паменей», — адказала на пытаньне пра мясцовыя праблемы адна з прадпрымальніц на рынку.

Яна таксама згадала лядовы палац:

«У Шклове не хапае нармальных трэнэраў. Хто ж зь іх пойдзе працаваць на мільён васямсот? Многія бацькі возяць сваіх дзяцей на спартовыя сэкцыі ў Магілёў. Я мяркую, што ўсе маленькія гарады маюць такога кшталту праблемы».

Прадпрымальніца асабліва ня прагнула гаварыць з гасьцямі. На спробы актывістаў разгаварыць суразмоўніцу тая адказала: «Пра праблемы майго маленькага гораду я лепей казаць ня буду, бо мне тут яшчэ працаваць. У мяне асаблівых праблемаў пакуль няма. У горадзе не хапае годных заробкаў. Гэта праблема».

За «гурком» Шклоўскі рынак. Бязьлюдны

За «гурком» Шклоўскі рынак. Бязьлюдны

Акрамя Шклова гаварыпраўдаўцы наведалі Бялынічы і Круглае — гэтыя райцэнтры ўваходзяць у Шклоўскую выбарчую акругу.

«Мы спрабуем дазнацца ад людзей праблемы — гэтай акругі», — паведаміла экс-кандыдатка на прэзыдэнцтва.

«Большасьць людзей кажуць: мы за тое, каб заробкі вырасьлі, але каб яны былі большымі, трэба вызначыцца, над чым працаваць. Насьпеў час казаць пра праблемы і ня ўтойваць іх, даносіць да кіраўніцтва гарадоў і раёнаў, — лічыць палітык. — У гэтую выбарчую кампанію нам трэба даць больш рашэньняў: як і што рабіць у розных сфэрах».

Шклоўскае раздарожжа

Шклоўскае раздарожжа

«Сёньня трэба дэманстраваць грамадзкі запыт на перамены, — дадае Андрэй Дзьмітрыеў. — Пра гэта цяпер нібыта ўсе кажуць, але пакуль гэта не відавочна. Калі ўлада працягне рабіць тое, што цяпер робіць, мы пойдзем па сьвеце. Дужа важна, каб улада не змагла схавацца, знаходзячы вонкавыя прычыны ці ўнутраных ворагаў. Трэба давесьці, што перамены — гэта галоўнае патрабаваньне грамадзтва».

XS
SM
MD
LG