Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Шумілінскім раёне знайшлі сьляды скандынаўскага паселішча — аднаго з найбольшых ва Ўсходняй Эўропе


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Беларускія археолягі знайшлі рэшткі буйнога паселішча скандынаваў у Шумілінскім раёне Віцебскай вобласьці. Гэта, магчыма, адно з найвялікшых ва Ўсходняй Эўропе вараскае паселішча.

Дасьледаваньні вяліся на комплексе Кардон у Шумілінскім раёне, перадае газэта «Віцебскія весьці».

На чатырох аб’ектах, дзе вяліся раскопкі, знайшлі каля 600 прадметаў IX–X стагодзьдзяў.

Па значнасьці і пэрыядзе часу, да якога належыць комплекс, гэта адзін з найважнейшых помнікаў археалёгіі ва ўсёй Усходняй Эўропе, кажа Вольга Ляўко, загадчыца Цэнтру археалёгіі і старажытнай гісторыі Беларусі ў Інстытуцe гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук.

«Тут цэласны аб'ект, асабліва IX–X стагоддзяў, калі з поўначы сюды прыбылі варагі і тут аселі, — сказала Ляўко, якая ўзначаліла экспэдыцыю ў Шумілінскі раён.

Пра варагаў на Кардоне сьведчыць матрыца ладзьдзепадобнага бранзалета — такія рабілі толькі ў Скандынавіі. Таксама 14-гранныя гіркі вырабляліся толькі скандынавамі і выкарыстоўваліся для ўзважваньня каштоўных мэталаў.

Усё гэта, разам са знойдзенымі бранзалетамі, накладкамі на паясы, матрыцамі выліваць упрыгожаньні, кажа, што тут была ювэлірная вытворчасьць.

«Арганізавалі яе, хутчэй за ўсё, тыя самыя варагі, — кажа Ляўко. — Тое, што тут ішоў буйны гандаль, пацьвярджае мноства знойдзеных разнастайных гірак».

Археолягі плянуюць далейшыя раскопкі ў Кардоне, які яны лічаць паселішчам №1. Менавіта Кардон найпаўней раскрывае пэрыяд, калі празь беларускія землі праходзіў шлях «з варагаў у грэкі». Дасьледаваньні паказваюць, што Віцебскае Падзьвіньне было самай важнай зонай пры фармаваньні шляху «з варагаў у грэкі». Храналягічна яно апярэджвала расейскае Гнёздава, якое вывучаецца штогод, пачынаючы з XIX стагодзьдзя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG