Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адна з мэтаў Расеі — уцягнуць Беларусь у новую халодную вайну, у канфрантацыю з Захадам, з НАТО», — Арсені Сівіцкі


Арсені Сівіцкі
Арсені Сівіцкі

Беларускія чыноўнікі і вайскоўцы павінны падпісаць «Патрыятычны акт» — дакумэнт, які фіксуе «экзыстэнцыяльныя каштоўнасьці і мэты беларускай дзяржавы, галоўнымі зь якіх зьяўляюцца сувэрэнітэт і незалежнасьць». Такую прапанову ўносяць аўтары дакладу «Беларусь у кантэксьце супрацьстаяньня Расея — НАТО» Арсені Сівіцкі і Юры Царык.

«Патрыятычны акт павінен падпісвацца ўсімі дзяржаўнымі і вайскоўцамі, супрацоўнікамі дзяржаўных арганізацыяў, а прапісаныя ў ім устаноўкі і каштоўнасьці павінны трансьлявацца імі ня толькі падчас прафэсійнай дзейнасьці, але і падзяляцца ў штодзённым жыцьці. Публічнае адмаўленьне гэтых каштоўнасьцяў павінна быць дастатковай падставай для звальненьня зь дзяржаўнай службы», — прапануюць аналітыкі.

З чым зьвязаная такая прапанова, чаму ўзьнікла неабходнасьць аналізаваць пагрозы і выклікі для сувэрэнітэту і нацыянальнай бясьпекі Беларусі, якія паходзяць ад самай братэрскай і прыязнай да нашай краіны дзяржавы — Расеі, распавёў Радыё Свабода адзін з аўтараў дакладу, кіраўнік Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсені Сівіцкі:

— На жаль, сёньня ў дзяржаўным апараце працуюць людзі, якія вельмі скептычна ставяцца да тэзы, якую апошнім часам пастаянна рэтрансьлюе Аляксандар Лукашэнка: што Беларусь зьяўляецца самастойнай, сувэрэннай, незалежнай краінай.

Наша прапанова кожнаму службоўцу падпісаць патрыятычны акт зьвязаная з тым, каб людзі маглі вызначыцца са сваімі поглядамі. І калі яны ня лічаць, што працуюць на самастойную, незалежную краіну, то, відаць, ім трэба пашукаць іншае месца для працы. Гэта рэкамэндацыя, бо, на жаль, такія людзі ў дзяржаўных установах працуюць на даволі значных пасадах, некаторыя зь іх вызначаюць стратэгічныя напрамкі разьвіцьця нашай краіны. Гэта, з нашага пункту гледжаньня, не зусім здаровая сытуацыя, і таму ўзьнікла такая прапанова.

— Як вы мяркуеце, ці дойдзе ваш даклад да патэнцыйных адрасатаў — сілавых структураў: Міністэрства абароны, Савету Бясьпекі ды іншых?

— Канечне, такая мэта ёсьць. Па рассылцы гэты даклад трапляе ў тым ліку і ў дзяржаўныя ўстановы. Да таго ж пра гэты даклад напісалі даволі шмат выданьняў, таму так ці інакш гэты даклад дойдзе, тут няма сумневу. Гэта спроба аб’ектыўна паглядзець на тую геапалітычную сытуацыю, у якой Беларусь апынулася. І тыя рэкамэндацыі, якія там дадзеныя, тычацца ня толькі кіраўніцтва краіны, але і грамадзянскай супольнасьці.

— Летась Цэнтар стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў падрыхтаваў даклад «Новая расейская геастратэгія: выклікі і пагрозы для міжнароднай архітэктуры бясьпекі». Сёлета вы цалкам сканцэнтраваліся на Беларусі, прычым у кантэксьце супрацьстаяньня Расея — НАТО. Няўжо Беларусі пагражае небясьпека з боку самай братняй краіны — Расеі?

— Наш стратэгічны партнэр — Расейская Фэдэрацыя, пачынаючы з украінскага крызісу праводзіць вельмі спантанную, нечаканую нават для беларускага боку зьнешнюю палітыку, вельмі агрэсіўную. І што самае цікавае — гэтая палітыка была вельмі агрэсіўна рэалізаваная супраць сяброўскай краіны, якой была Ўкраіна. Я нагадаю, што на той момант паміж Расеяй і Ўкраінай была падпісана так званая стратэгічная дамова аб сяброўстве, супрацоўніцтве, паміж Расеяй і Ўкраінай існавала дамова аб вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве, якой, дарэчы, Украіна ня мела зь ніводнай краінай сьвету. На ўкраінскай тэрыторыі ў Крыме разьмяшчаліся ваенныя аб’екты РФ, базы Чарнаморскага флёту. І, нягледзячы на такі глыбокі ўзровень стасункаў, Расея выкарыстала і палітычны крызіс ва Ўкраіне для таго, каб умяшацца ва ўнутраныя справы і пачаць дэстабілізацыю ва Ўкраіне, нягледзячы на ўсе братэрскія стасункі.

Беларусь, на жаль, таксама ў зоне рызыкі

Беларусь, на жаль, таксама ў зоне рызыкі, і мы паспрабавалі прааналізаваць, чаму і па якім сцэнары гэта можа рушыць, калі наш партнэр — Расея — вырашыць, што Беларусь таксама перайшла нейкія чырвоныя лініі ў адносінах з Захадам і з Кітаем. Думаю, гэта відавочна ня толькі для нас, але і для вышэйшага беларускага кіраўніцтва, бо крымскі крызіс і дэстабілізацыя на ўсходзе Ўкраіны былі нечаканасьцю для беларускай улады.

На самой справе, гэты даклад у асноўнай сваёй частцы быў падрыхтаваны даволі даўно, але некалькі тыдняў таму здарыўся так званы крымскі інцыдэнт, і нам падалося, што гэта даволі значная падстава, каб гэты даклад апублікаваць. Бо такія ж самыя правакацыі могуць адбыцца і адносна Беларусі з расейскага боку. І няма сумневу, што будуць правакацыі, галоўная мэта якіх — уцягнуць Беларусь у новую халодную вайну, у канфрантацыю з Захадам, з НАТО, і ператварыць у крыніцу канвэнцыянальных і гібрыдных пагрозаў перш за ўсё для нашых суседзяў.

Ну, і наагул, вельмі сур’ёзна рэфармавалася стратэгія Расеі. Калі да ўкраінскага крызісу яна была зьвязаная з кантраляваньнем постсавецкай прасторы праз прасоўваньне розных інтэграцыйных праектаў накшталт Мытнага саюзу, Эўразійскага эканамічнага саюзу, то цяпер для гэтага няма рэсурсаў. Адзіны сродак кіраваньня постсавецкай прасторай — гэта стварэньне канфліктнай дынамікі, як гэта было рэалізавана ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG