Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягам гісторыі ня толькі мова ўсходніх суседзяў уплывала на беларускую. Бывала і наадварот. Разам зь беларускімі навукоўцамі й майстрамі (часьцяком прывезенымі туды ґвалтам) у мову Масковіі траплялі й прынесеныя імі словы. Прыкладам, з Захаду ў Масковію ішло гарматнае майстэрства. Беларускія літнікі й гарматнікі адлівалі й выпрабоўвалі там гарматы (той самы Андрэй Чохаў, «Кашпіраў вучань», аўтар Цар-гарматы, паводле некаторых зьвестак, беларускага паходжаньня). Беларусы называлі гарматны рыштунак па-свойму. Так, начыньне для пораху – гэта пушка. Слова вядомае і старабеларускай мове, і сучасным гаворкам. Пушка запалак.

Пушка

Пушка

Паходжаньне цьмянае, узводзяць да лацінскай. Але маскоўцы, якія пераймалі рамяство, перанесьлі назву скрыначкі на ўсю гармату. Мяркую, гэта праўдападобна тлумачыць значэньне расейскага слова пушка.

Зрэшты, празь беларускую і ўкраінскую мову ў расейскую прыйшло значна больш «культурных» лацінізмаў і грэцызмаў. Лацінізмы автор, лекция, оратор, студент, фамилия ды інш., даўно вядомыя старабеларускай мове, у расейскай зьявіліся толькі ў XVII ст. «праз украінска-беларускае пасярэдніцтва» (паводле знакамітага расейскага лінгвіста Ўладзіміра Жураўлёва).

Выстава да 380-годзьдзя Сымона Полацкага ў Нацыянальнай бібліятэцы

Выстава да 380-годзьдзя Сымона Полацкага ў Нацыянальнай бібліятэцы

Мастом для перадачы агульнаэўрапейскай навукова-адукацыйнай лексыкі былі выданьні ды ўстановы, створаныя Мялетам Сматрыцкім, Сымонам Полацкім (Самуілам Пятроўскім-Сітняновічам), Лаўрэнам Зізаніем, Пятром Магілам ды іншымі.

Гэта высокія сфэры. Што ж да нізкіх, то старое і сучаснае расейскае крымінальнае арго зьдзіўляе непасьвячонага такімі беларусізмамі, як хата,

конать, куток, шибеница, халява, мастак, кишеня, газ 'ґаза' («керосин»), а таксама беларускімі ці ўкраінскімі ідышызмамі хевра, бэбахи, голый васар (параўнай бел. варголы 'кіпень').

Шаноўны чытач дазволіць мне не падаваць значэньняў усіх гэтых словаў у мове расейскай «братвы».

Шляхі фармаваньня гэтага арго былі такія. Злодзеі (і адпаведна вязьні) імкнуліся, каб іх не разумелі навакольныя і турэмныя дазорцы. Пасьля захопу Беларусі і Ўкраіны насельнікі былога ВКЛ розных нацыянальнасьцяў адыгралі пэўную ролю ў фармаваньні цалкам закрытых ад улады крымінальных станаў у Расейскай імпэрыі, жыхары гэтых земляў патраплялі ў вязьніцы, і лексычныя асаблівасьці іхных моваў аказаліся ў прыгодзе. Пра тое пераканаўча сьведчыць колькасьць беларусізмаў, украінізмаў, гэбраізмаў, палянізмаў у асноўных арго расейскага злачыннага сьвету XIX—XX ст.

Многія беларусы гавораць па-расейску. Дакладней, думаюць, што па-расейску. І ў сваёй расейскай мове вымаўляюць словы гэтак: [яйцо] або, скажам, [Япония]. Слова «яйцо» пішацца празь я- -- дык і выгаворваюць, як напісана. Але як артыкулююць самі расейцы?

Состоянье у тебя истерическое, Скушай, доченька, яйцо диетическое. Или, может, обратиться к врачу? - Ничего я не хочу!!!

Выразна чуваць: [ийцо], [иичко]. Ніякага «я» няма, вымаўленчыя нормы расейскай мовы яго не дазваляюць.

А вось прыклад вымаўленьня слова па-беларуску:

ГЛЯДЗЕЦЬ: КУРАЧКА-РАБКА ПА-БЕЛАРУСКУ

Нанесла курачка яечак поўны падпечак

Яечак поўны падпечак. У нас – яканьне. У першым складзе перад націскам і каранёвае «я» зьберагаецца: яечка, Японія. У нас моцнае аканьне: часы цяпер цяжкія. Калі беларус кажа па-расейску [чясы], ён падсьвядома захоўвае гэтую рысу беларускага вымаўленьня. Па-расейску – [чисы], [Епония]. Таму нават калі вы авалодалі мяккімі расейскімі шыпячымі, а таксама ўмееце казаць [четверьг] і [прачешная], вас усё роўна выкрыюць як беларуса.

У расейскай мове ненаціскныя галосныя рэдукуюцца – г. зн. моцна скарачаюцца і набываюць невыразны тэмбр (часам да зьнікненьня – [зрасть] «здравствуйте»). У маскоўскай норме гук [а] перад націскам часам расьцягваюць: [ну даавай]. У беларускай усе галосныя зьберагаюць свой тэмбр, рытм мовы раўнейшы. Гэта моцна і незаўважна для беларусаў уплывае на іхнае расейскае маўленьне. Але расейскамоўныя вядоўцы «Глаўнага эфіру» БТ стараюцца падладжвацца пад сваіх маскоўскіх калег:

[паадробнсти] на 0:12;

[зделт] («сделает») на 0:42;

[ридаавымі] («рядовыми») на 0:50.

Кантрастам іхнаму вымаўленьню гучыць артыкуляцыя расейскай мовы ў выкананьні А. Лукашэнкі (пачынаючы з 2:00), у якой ня толькі чуваць цьвёрдыя шыпячыя, але і няма рэдукцыі галосных. Міжволі паўстае нават пытаньне, ці не парушаюць тыя вядоўцы субардынацыі.

Гэтаксама выбіраючы слова ці складаючы выказваньне па-расейску, беларусы неўпрыкмет для сябе выкрываюць свае беларускія моўныя карані. Часта ўжываны расейскамоўнымі беларусамі для апісаньня жыцьцёвых і палітычных сытуацыяў ёмісты выраз «цирк на дроте» расейцы, аказваецца, не разумеюць, у іх жа і слова «дрот» няма. І даслоўна перакласьці на расейскую не атрымаецца, няма ў іх фразэалягізму «цирк на проволоке». Такога патрэбнага штодзённага слова, як шуфляда, расейская літаратурная мова таксама ня ведае. «Выдвижной ящик стола». Усім у нас вядомая школьная сьцірка там «ластик». Гульня ў квача або ў берасьцейскім двары майго дзяцінства ў бэрыка – у іх «салочки», у сьляпога ката – «жмурки».

На працу там бяруць не ссабойку, а «тормозок». «Мне мулит, всё ляснулось, полная жменя, наклеить цетлик, 100 грамм сальтисона, не сёрбай, лузгать семки» – гэта не па-расейску, бо муляць, ляснуцца, жменя, цэтлік, сальцісон і семкі – беларускія словы, іх няма ў расейскай літаратурнай мове.

Звычайнае для нас цёплае дзіцячае слова буська дай маме буську – таксама невядомае расейцам. Яны выносяць гэтае слова ў загалоўкі сваіх падарожных нататак як дзівосны беларускі экзатызм. А ў самой беларускай мове слова самае што ні ёсьць жывое. Буся, буська, пабусяць. Паходжаньне, хутчэй за ўсё, гукапераймальнае.

Беларусы ў сваім расейскім маўленьні, нават афіцыйных і кніжных стыляў, адмаўляюць верагоднасьць нечага выразам: «Ни в коем разе!» Але ж гэта калька з нашага – ні ў якім разе. Фразэалягізм у беларускай мове заканамерны, са словам і коранем “раз” у значэньні ‘выпадак’ у нас такіх выразаў нямала: за кожным разам, раз за разам, штораз. А вось у расейскай літаратурнай мове трэба казаць “ни в коем случае”. Пры гэтым выраз “ни в коем разе” там ведаюць, але ён лічыцца нізкастылёвым. Ён ёсьць у дыялектах, дзе знойдзем ці мала словаў, падобных да беларускіх або нават магчымых беларусізмаў (калі гаворкі перасяленскія). Скажам, ва ўральскіх гаворках:

“вехотка” (мочалка), “враз” (сразу), “голбец” (подпол; параўнай наш гаўбец ‘балькон’), “гомонок” (кошелек; параўнай наш гаманец), “ни в коем разе” (ни в коем случае), “обабок” (подберезовик), “стайка” (сарай) – ці не ад стайні.

Расейскія ваяўнікі за культуру мовы змагаюцца супраць пранікненьня беларусізмаў і ўкраінізмаў, запісваючы іх у прастамоўе – нізкі стыль маўленьня. (Калі-нікалі падобныя словы ёсьць або былі ў расейскіх дыялектах, але ня трапілі ў літаратурную норму.)

Але дзіва, калі расейская лексычная вайна перакідваецца на нашыя прасторы. Я быў кагадзе двойчы ўражаны. Разьвітваемся з крэўнымі. Галава вясковай паходжаньнем (з Палесься), але цяпер збольшага расейскамоўнай сям'і пытаецца: Кудою паедзем? – і дастае ад жонкі прачуханца: што гэта за «кудою», абы-што, непісьменны! І другі эпізод: пачуўшы ад мяне словы сюдою і тудою, беларускамоўны фізык (родам з Паўночнай Беларусі) крывіцца: такіх словаў у правільнай мове няма!

Ня ведаю, ці продкаў маіх суразмоўцаў за беларускі акцэнт і беларускія словы фізычна ставілі на калені ў кут з насыпаным сушаным гарохам. Але што некага там маральна ставілі на віртуальны гарох за словы кудою – сюдою – тудою, дык пэўна. І займаліся гэтым носьбіты расейскай мовы, навязваючы беларусам сваю моўную матрыцу. У іхным літаратурным стандарце такога няма. А ці ёсьць такія словы ў «правільнай» беларускай мове і што яны азначаюць?

Іван Насовіч у «Слоўніку беларускай мовы» (1870) фіксуе сюдою і тудою з фанэтычнымі варыянтамі:

Сюдою. Этою дорогою. Сюдою лепей ехаць.

Тудэй. Туда, тою дорогою. Тудэй паедзеш, ды назад вернешся: бо тудэй з вазамі ніхто ня езьдзіць.

Тудою. Там. Тудою лепей будзець ехаць.

Яшчэ Насовіч запісаў цікавы прыметнік, які дае адказ, як утварылася форма прыслоўя тудою:

Тудый, тудая, тудэе. Прыметнік. Там пролегающий, говорится о дороге. Тудая дарога калюгвіста. Тудэй дарогі я ня знаю. Тудэю і тудою дарогаю дальшы, да лепі ехаць.

Тудою дарогаю лепей ехаць! Вось жа тудою (тудой, тудэю, тудэй, тудэма) і сюдою (сюдой, сюдэю, сюдэй, сюдэма) – зусім ня тое самае, што туды і сюды. Для перакладнога слоўніка я даў бы ім такое тлумачэньне: «непереводимые на русский наречия, обозначающие соответствующий цели выбор маршрута».

Пытальнае слова – кудою (з гукавымі варыянтамі). У клясычным «Беларуска-расійскім слоўніку» Міколы Байкова і Сьцяпана Некрашэвіча (1926 г.) яно ілюструецца прыкладам змрочным, але з Купалы:

Скрогат нясецца з асін...
Рабству паклоны біў дзед,
Гнуўся пад палкамі ў крук;
Бацька – за дзедам; усьлед
З бацькам пляцецца і сын;
Ты ж кудой пойдзеш, унук?..

Бледныя буднія дні..., 1912.

(Зборнік «Шляхам жыцьця»)

Цяперашнія афіцыйныя (так званыя «акадэмічныя») слоўнікі або ігнаруюць гэтыя прыслоўі (як Тлумачальны 1996 году), або пазначаюць маргіналізатарскім кляймом «абл.» – г. зн. слова «абласное», ня вартае ўжываньня ў нэўтральных стылях літаратурнае мовы. Хаця прыклады – зь Цішкі Гартнага, Платона Галавача, Янкі Брыля («З коньмі сюдой не пралезеш! – сказаў Серада».) Як бачым, пісьменьнікі з розных абшараў Беларусі, дык якія ж тыя словы «абласныя»?

Палымяна выступіў у абарону літаратурнага, агульнанацыянальнага статусу прыслоўяў тудою – сюдою тонкі знаўца слова, мовазнаўца і пісьменьнік Фёдар Янкоўскі:

Фёдар Янкоўскі

Фёдар Янкоўскі

«І раптам наткнуўся на такое: туды і тудою (тудой) – аб'ект спрэчкі, шуканьне дыялектызма. Што? Ці не падганяньне пад іншамоўныя слоўнікі?

– А як вы думаеце дабірацца? Тудою? Трамваем? Ці сюдою? Аўтобусам?

Ад пэўнай мясьціны ... можа быць і не адна сьцежка (дарожка, дарога, шлях), а дзьве сьцежкі (дарожкі, дарогі). На гэта і паказваюць яны – два словы: тудою – сюдою.

[Запісаныя яны] пад Слуцкам і Бабруйскам, Любаньню і Асіпавічамі, Радашкавічамі і Лідаю.

Сюдою бліжэй, але далей, а тудою далей, але бліжэй = Як пойдзеш нацянькі, то праходзіш тры дзянькі.

А ў бары, у бары

Тры дарожанькі,

Тудою ішлі

Тры жаўнерыкі.

З правам (і без аглядак: «А што ў іншых мовах?») ужываецца туды і тудою ў літаратурнай мове».

Ф. Янкоўскі. 1986 г.

Зрэшты, для носьбітаў мовы праблемы няма. Слоўкі займаюць такую патрэбную сэмантычную нішу, што іх зусім неўпрыкмет уплятаюць у сваю мову і расейскамоўныя жыхары Беларусі (ды Ўкраіны таксама). Гаворыць народ:

Так што маем чарговае сьведчаньне адарванасьці савецкай лексыкаграфічнай завядзёнкі ад жывой мовы.

Паўднёвыя суседзі такімі слоўкамі, ужытымі менавіта ў расейскай мове, казыраюць і нават на іх зарабляюць.

І нашым расейскамоўным ня варта баяцца беларусізмаў у сваім маўленьні, з чаго, аднак, не вынікае, што трэ прызнаваць і ўзаконьваць нейкі “беларускі варыянт расейскае мовы”. Як ні стараймася ўдаваць зь сябе расейца, нашае маўленьне нас выдасьць. Таму лепш гаварэма па-беларуску.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG