Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У „гэбэшнай“ краіне мне не далі б кіраваць рухам, які стварыў» — Сіўчык патлумачыў, чаму ня стаў старшынёй «Разам»


Вячаслаў Сіўчык. Архіўнае фота

Вячаслаў Сіўчык. Архіўнае фота

У Менску прайшоў зьезд Руху салідарнасьці «Разам», на якім абранае новае кіраўніцтва і прынятыя шэраг рэзалюцый адносна палітычнай сытуацыі ў краіне. Рух цяпер будуць узначальваць сустаршыні Алесь Макаеў, Алена Талстая і Юры Ляшэнка.

Стваральнік арганізацыі і яе былы старшыня Вячаслаў Сіўчык сам адмовіўся ад удзелу ў барацьбе за пасаду старшыні і паводле рашэньня дэлегатаў зьезду будзе прадстаўніком Руху салідарнасьці «Разам» у каардынацыйных органах беларускай апазыцыі.

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці ня лічыць Сіўчык такі вынік зьезду «палацавым пераваротам», палітык адказаў:

«Увогуле не разумею, пра што вы пытаецеся. У „гэбэшнай краіне“, якой ёсьць Беларусь, мне б усё роўна не дазволілі кіраваць арганізацыяй такога кшталту, якой ёсьць Рух салідарнасьці „Разам“, які я стварыў, — тлумачыць ён. — Да таго ж трэба даваць шлях новым людзям.

Як летась вярнуўся ў Беларусь, дык 8 месяцаў рыхтаваў новае кіраўніцтва рухам, усе пра гэта ведалі. 40 дзён таму ўжо праводзілі зьезд, тады абралі адно кіраўніцтва, цяпер – іншыя людзі. Лічу, што гэта тыя, хто гатовы працаваць дзеля Беларусі, гатовы ладзіць акцыі і змагацца.

Заўважу, што рэзалюцыя ў падтрымку прадпрымальнікаў, якую прыняў зьезд, вельмі рашучая і палітычна важная. Увогуле я вельмі ўдзячны ўсім дэлегатам зьезду за тое, што змаглі за 4 гадзіны працы прыняць гэтак шмат важных рашэньняў і рэзалюцый».

Трэці зьезд Руху салідарнасьці «Разам» праходзіў 25 чэрвеня ў офісе БНФ у Менску. У зьездзе ўзялі ўдзел 91 дэлегат з розных рэгіёнаў краіны, меркаваўся ўдзел больш за 100 дэлегатаў.

У траўні на другім зьездзе Руху салідарнасьці «Разам» выканаўцам абявязкаў старшыні арганізацыі быў абраны вядомы прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які пасьля зьезду паведаміў журналістам, што яго «ўгаварылі на часовае кіраўніцтва».

Рух салідарнасьці «Разам» утварыўся ў сакавіку 2006 году пасьля разгону Плошчы, але ніколі ня быў зарэгістраваны ў Беларусі. Арганізацыя зарэгістраваная ў Чэхіі, Польшчы і Літве. Паводле Вячаслава Сіўчыка Рух салідарнасьці «Разам» з 2006 году правеў больш за 2 тысячы акцыяў у Беларусі, Ўкраіне, Расеі, Літве ды краінах Усходняй Эўропы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG