Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд паўторна аштрафаваў актывіста Вячаслава Сіўчыка: «Гэтак заканчваецца лібэралізацыя»


Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык

1470 «новых» рублёў, альбо 70 базавых велічынь. Такі штраф прысудзіў 6 кастрычніка судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Міхаіл Хома актывісту руху салідарнасьці «Разам» Вячаславу Сіўчыку.

«Ну вось, гэтак заканчваецца лібэралізацыя!», — сказаў пра пастанову суду Вячаслаў Сіўчык.

Справа Вячаслава Сіўчыка цягнулася амаль 5 месяцаў і нарабіла шмат шуму. На дадатак да пратаколу за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце на Дзень Волі 25 сакавіка, яшчэ актывіста судзілі паводле інцыдэнту, які зь ім здарыўся ўначы 19 красавіка. Тады Сіўчыка затрымалі каля дому нібыта за тое, што быў нецьвярозы. Потым распранутага і ў кайданках яго прывезьлі ў пастарунак ды абвінавацілі ў хуліганстве і непадпарадкаваньні. Справу спачатку разглядала судзьдзя Цэнтральнага суду Натальля Вайцэховіч, потым — Вікторыя Шабуня. У выніку Вячаслаў Сіўчык атрымаў штраф 70 базавых велічынь: 50 за Дзень Волі і па 10 базавых за два іншыя парушэньні, але пастанову абскардзіў у гарсудзе.

«Перад выбарамі маю скаргу задаволілі, пастанову адмянілі і адправілі на новы разгляд. Але, як бачым, гэта была толькі адтэрміноўка. Суды ў нас па-ранейшаму залежныя ад улады, да таго ж судзьдзі салідарныя адзін з адным, інакш бы цяперашнія штрафы хоць бы ў нечым адрозьнівалася ад ранейшых», — кажа Вячаслаў Сіўчык. Актывіст мае намер абскардзіць сама менш два штрафы — за хуліганства і за непадпарадкаваньне.

Пра тое, што Вячаслаў Сіўчык 19 красавіка а 3 гадзіне ночы «быў нападпітку і нецэнзурна лаяўся ў бок міліцыянтаў», сьведчыў на судзе міліцыянт Аляксандар Давыдаў. Аднак у некаторых істотных дэталях ягоныя паказаньні адрозьніваліся ад папярэдніх, а таксама супярэчылі паказаньням другога сьведкі, міліцыянта Сяргея Корсака. Паказаньні Корсака ў судзе прагучалі толькі ў пісьмовым выглядзе — у суд міліцыянт не зьявіўся, маўляў, напісаў рапарт пра тэрміновы адпачынак.

Вячаслаў Сіўчык заявіў пра паказаньні міліцыянтаў, што яго абылгалі. Тое, што муж не супраціўляўся міліцыянтам і не хуліганіў уначы 19 красавіка каля іх дому № 33 на праспэкце Незалежнасьці, засьведчыла жонка актывіста Галіна Сіўчык.

У дакумэнтах адміністрацыйнай справы Вячаслава Сіўчыка пазначана, што ад праверкі на алькаголь у той дзень ён адмовіўся.

Суду былы лідэр руху салідарнасьці «Разам» таксама заявіў, што ягоная справа была сфальшаваная і зьявілася «толькі таму, што ён Вячаслаў Сіўчык».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG