Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня адкрываецца XVIII зьезд Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет»


Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

23–24 траўня ў Менску, у канфэрэнц-залі сталічнага гатэля «Беларусь», адбудзецца чарговы, XVIII зьезд Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет». На форум абрана 200 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны. На парадку дня зьезду — справаздача Цэнтральнага камітэту партыі, зь якой выступіць старшыня партыі Сяргей Калякін, і справаздача Цэнтральнай кантрольна-рэвізійнай камісіі. Гэта два абавязковыя пытаньні, якія выносяцца на чарговы зьезд. Мяркуецца таксама, што будуць уносіцца зьмены ў праграму партыі. З прапановамі выступіць намесьнік старшыні партыі Аляксей Елісееў.

Таксама плянуецца прыняцьце асобнага дакумэнту па фармаце ўдзелу партыі ў прэзыдэнцкіх выбарах. Цэнтральны камітэт партыі рэкамэндаваў зьезду вылучыць свайго кандыдата ў прэзыдэнты, і прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта, паводле ЦК партыі левых «Справядлівы сьвет», мае стаць старшыня партыі. Гэта пытаньне будзе разглядацца зьездам у нядзелю, 24 траўня. Калі зьезд ухваліць прапанову ЦК, Сяргей Калякін стане сёмым па ліку кандыдатам, які заявіў пра сваё жаданьне ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі.

Адбудуцца выбары новага кіраўніцтва партыі.

Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» (да 2009 году — Партыя камуністаў Беларуская, ПКБ) — левая палітычная партыя.

Заснавана ў 1991 годзе ў выніку прыпыненьня дзейнасьці КПБ — КПСС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У 1996 годзе частка сяброў ПКБ, якія падтрымалі палітыку Лукашэнкі, аддзялілася ад партыі і стварыла прапрэзыдэнцкую Камуністычную партыю Беларусі.

З 1994 году нязьменны лідэр (старшыня) партыі — Сяргей Калякін. Партыя мае разгалінаваную сетку рэгіянальных арганізацыяў. Уваходзіць у склад Эўрапейскіх левых і ў Форум сацыялістычных і сацыял-дэмакратычных партыяў СНД.

XS
SM
MD
LG