Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец не шкадуе, што яго аштрафавалі за збор подпісаў за сьцяг: «Гэта было таго варта»


Павал Севярынец

Павал Севярынец

Суд Савецкага раёну Менску аштрафаваў сустаршыню БХД Паўла Севярынца на 35 базавых велічыняў (735 рублёў) за збор подпісаў у падтрымку наданьня бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Гэта ня першы і не рэкордны штраф за той збор подпісаў: раней маладафронтаўцу Пальчэўскаму далі штрафаў па шасьці пратаколах на 2730 рублёў. Таксама за збор подпісаў за сьцяг штрафавалі ў Баранавічах — двух актывістаў, кожнага на 525 рублёў.

Для Севярынца за апошні час гэта ўжо другі штраф, зьвязаны са сьцягам: раней яго аштрафавалі на 1050 рублёў за арганізацыю акцыі пратэсту 12 верасьня супраць вынікаў парлямэнцкіх выбараў, дзе, кажа ён, і пачаўся збор подпісаў за сьцяг.

Агулам на зьбіральнікаў подпісаў склалі больш за сто пратаколаў, кажа Свабодзе Севярынец. У асноўным пратаколы тычацца шасьцёх актывістаў. Севярынец заўважае, што подпісы зьбіралі збольшага ў Цэнтральным раёне Менску, але суды па пратаколах «раскідваюць» па судох розных раёнаў. Палітык мяркуе, што адзін суд ня справіўся б з такой колькасьцю пратаколаў.

Ці быў збор подпісаў за сьцяг варты ўсіх тых судоў і штрафаў?

«Безумоўна, варты, — кажа Севярынец. — Збор подпісаў — гэта дзясяткі тысяч людзей, якія чулі і бачылі. Калі я гадзіну стаяў, лічыў, хіба кожны пяты падыходзіў падпісвацца, а ўсе бачылі, зьвярталі ўвагу, многія падыходзілі і распытвалі. Таму гэта ўжо сурʼёзна, гэта цяпер аргумэнт.

Калі раней казалі, што са сьцягам хуліганы бегаюць — калі ласка, паводле вашага закону перададзеная вялізная колькасьць подпісаў (10 540 — РС). Калі вы і зараз не прызнаеце сьцяг гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, значыць, там праблемы больш сурʼёзныя, чым форма. Значыць, пытаньне ў зьмесьце. Значыць, вы супраць нацыянальных сымбаляў, хрысьціянскіх сымбаляў. Значыць, вы бязбожная і антынародная ўлада».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG