Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзікія мадэлі» Беларусі: 7 прыдатных для фотапаляваньня мясьцін


Белавеская пушча. Тут і ніжэй фота: Сяргей Плыткевіч, planetabelarus.by

Белавеская пушча. Тут і ніжэй фота: Сяргей Плыткевіч, planetabelarus.by

Дзе жывуць самыя фотагенічныя алені? Як фатаграфаваць бабра? Куды паехаць на фатабёрдынг? Дзе і калі паўдзельнічаць у падліку жывёл з дапамогай фатакамэры?

Наша аўтарка Яна Шыдлоўская вызначыла сем прыгожых беларускіх мясьцін, куды варта паехаць па фотатрафэі.

1. Налібоцкая пушча

planetabelarus.by

planetabelarus.by

Налібоцкая пушча мае статус найвялікшага лесу ў краіне і, магчыма, ва ўсёй Усходняй Эўропе, які знаходзіцца непадалёк ад вялікага гораду. Зьвяры пачуваюць сябе тут бясьпечна, не загнаныя і не запалоханыя шматлікімі гучнымі паляваньнямі. Таму фатаграфаваць іх у кампаніі вопытнага егера-правадніка з адной зь лясных гаспадарак пушчы лёгка, і посьпех, можна сказаць, гарантаваны.

Узімку тут можна ўбачыць рысь, увосень лепш прыехаць на аленевы гон, а ўвесну — глядзець праз аб’ектыў на такавішча глушцоў. Цікава зьняць казулю, лася, дзіка, што прыйшлі падсілкавацца на кармавое поле. Гадуюцца ў Налібоцкай пушчы і зубры — тут іх больш за сотню.

Здараецца, што на фотапаляваньне запрашаюць самі лясныя гаспадаркі. Так, у Налібоцкім заказьніку ўжо некалькі гадоў фатографы дапамагаюць падлічыць жывёл мэтадам шумавога прагону. Гэта звычайна бывае ў апошнія выходныя лютага.

2. Бярэзінскі біясфэрны запаведнік

planetabelarus.by

planetabelarus.by

Экскурсіі ў прыроду Бярэзінскага біясфэрнага запаведніка разьлічаныя на знаёмства зь дзікімі жывёламі і ўмовамі іх жыцьця. Ладзяць азнаямляльныя вандроўкі з сакавіка па верасень, калі зьвяры паводзяць сябе найбольш актыўна: у лесе чуваць такаваньне цецеруковых птушак, аглушальныя сьпевы жабаў, вытанчаны пошчак салаўя і працяглы рык аленя.

У кампаніі прафэсійнага суправаджальніка можна сустрэцца з зубрам, ласём, барсуком, бабром і мядзьведзем. Апошніх у запаведніку 35, гэта трэцяя частка ад усяго мядзьведжага насельніцтва краіны. Ня выключана, што ўдасца ўбачыць і сфатаграфаваць ваўка і рысь. Зрабіць добры здымак драпежніка надзвычай складана, высочваць яго можна гадзінамі, аднак фатограф павінен быць падрыхтаваны і да раптоўнай сустрэчы.

Дагэтуль, пэўна, нікому ў кадар ня трапіўся Балотнік — гаспадар тутэйшых вярховых балот, якія займаюць больш за палову Бярэзінскага запаведніка. Від на ягоныя ўладаньні адкрываецца зь вежы вышынёю 15 мэтраў. У запаведніку ствараюць музэй мітычных істот, і неўзабаве па адмыслова пракладзенай экасьцежцы можна будзе выправіцца на фотапаляваньне і ва ўладаньні Балотніка.

3. Прыродны комплекс «Чырвоны бор»

planetabelarus.by

planetabelarus.by

Для фатографаў, якія спэцыялізуюцца на жывой прыродзе, гэты турыстычны комплекс на Віцебшчыне — сапраўдная знаходка. Чырванаборскія вальеры — адны з самых вялікіх для ўтрыманьня дзікіх жывёлаў на Беларусі. На 2000 гектараў у прыродных умовах гадуецца каля дзьвюх тысяч зьвяроў — высакародных аленяў, зуброў, ласёў, казуль, муфлёнаў, ланяў, зайцоў, вавёрак і іншых лясных жыхароў.

Навакольныя мясьціны маляўнічыя і пры гэтым маюць інфраструктуру, якая дазваляе займацца фотапаляваньнем на прафэсійным узроўні. На тэрыторыі вальераў ёсьць назіральныя вышкі-дамкі, альтанкі, адмысловыя намёты назіраць за птушкамі. Дамовіўшыся папярэдне, наведвальнікі могуць скарыстаць паслугу «джып-сафары» і зрабіць экскурсію ў вальеры на аўтамабілі павышанай праходнасьці, а зімой — на балатаходзе ў суправаджэньні вопытнага егера.

4. Прыпяцкае Палесьсе

planetabelarus.by

planetabelarus.by

У беларускай Амазоніі захаваліся ўнікальныя прыродныя сыстэмы з багатым расьлінным і жывёльным сьветам. Створаны тут нацыянальны парк дае магчымасьць убачыць некалькі дзясяткаў відаў зьвяроў, якія жывуць у звыклым для іх прыродным асяродзьдзі — гэта дзікі, лані, ласі, зубры, рысі, барсукі.

Прыпяцкі нацыянальны парк адзначаюць як месца, дзе можна сфатаграфаваць аленя падчас шлюбнага рыку амаль са 100% гарантыяй. Больш за тое, парк мае міжнародны статус выключнай арніталягічнай тэрыторыі — яго арнітафаўну складаюць 256 відаў птушак, сярод якіх можна ўбачыць і, калі пашанцуе, сфатаграфаваць занесеных у Чырвоную кнігу шэрага жураўля, чорнага бусла, балотную саву, зялёнага дзятла і арлана-белахвоста.

Штогод праз пойму Прыпяці падарожнічаюць пералётныя птушкі. З пачатку красавіка пачынаюцца міграцыі гусей, качак, кулікоў, чаек, буслоў і бакланаў, якія таксама могуць быць цудоўнымі мадэлямі для фотапаляваньня.

5. Тураўскі луг

planetabelarus.by

planetabelarus.by

Тураўскі луг у навакольлі старажытнага Турава мае шанец стаць цэнтрам арніталягічнага турызму ў Беларусі. Для гнездаваньня і прыпынку падчас міграцыі яго абралі шматлікія, пераважна водна-балотныя птушкі, большасьць якіх упісаная ў Чырвоную кнігу краіны.

Часам падчас пералёту за адзін дзень тут магчыма ўбачыць 100 тысяч турухтанаў і 150 тысяч качак-сьвіязяў. Вядомы Тураўскі луг прыпынкамі кулікоў розных відаў, у тым ліку вялікага вераценьніка, куліка-сарокі.

Штогод Тураў становіцца птушынай сталіцай краіны. Гэта адбываецца падчас Фэстывалю кулікоў, які ладзіць грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Падчас фэстывалю праводзяцца кулічыныя экскурсіі, калі можна ўбачыць некалькі відаў кулікоў, сярод якіх — самы прыгожы і самы маленькі кулік краіны, паўдзельнічаць у кальцаваньні кулікоў на адзінай у Беларусі станцыі кальцаваньня птушак. Сёлета ў праграме фэстывалю быў майстар-кляс для аматараў фатабёрдынгу і для тых, хто толькі пачынае працаваць з крылатымі мадэлямі.

Ня раз Тураўскі луг абіраўся пляцоўкай для адкрытага чэмпіянату Беларусі па фотапаляваньні.

6. Белавеская пушча

planetabelarus.by

planetabelarus.by

Яшчэ некалькі стагодзьдзяў таму ў Белавескай пушчы можна было ўпаляваць тура, расамаху, тарпана ці муфлёна. А на пачатку ХХ стагодзьдзя абвешчаны яшчэ Ягайлам запаведны лес ледзь ня страціў апетага Міколам Гусоўскім зубра. Сёньня аматары фотапаляваньня цярпліва пільнуюць аднаго з найбуйнейшых зьвяроў Эўропы, які ўлетку і ўвосень пахаджае па пушчы.

Аднаўляць папуляцыю зубра тут пачалі 70 гадоў таму, і цяпер у найстарэйшым запаведніку жыве 480 асобінаў. Каб атрымаць фотатрафэй, варта ведаць характар і нораў зьвера. Кажуць, больш шанцаў мае той фотапаляўнічы, хто перад выправай перачытае «Песьню пра зубра».

На тэрыторыі нацыянальнага парку працуюць экскурсійныя вальеры з жывёламі і Музэй прыроды. Аднак многія фатографы імкнуцца трапіць углыб пушчы. Распрацаваныя маршруты, на якіх можна ўбачыць зьвярыны пераход і злавіць у кадар аленя, дзіка, лань, казулю, рысь, лісу ці ваўка. Ня менш фотагенічныя — янот, барсук, выдра, куніца, тхор, гарнастай, ласка, буразубка, якую называюць самым дробным з млекакормячых у сьвеце. За мадэлі можна абраць і птушак, якіх тут звыш 250 відаў. Як пашанцуе, то ўдасца зрабіць здымак арлана-белахвоста, чорнага бусла ці пугача.

За апошнія гады тур «Сьвет дзікай прыроды» ў Белавескай пушчы стаў адным з самых запатрабаваных. Экскурсіі адбываюцца зранку і ўвечары, калі зьвяры пакідаюць лясны гушчар, каб падсілкавацца на адкрытым месцы.

7. Браслаўскі край

planetabelarus.by

planetabelarus.by

У нацыянальным парку, які створаны ў гэтым азёрным краі, шмат каго з наведнікаў цікавіць назіраньне за дзікімі жывёламі ў прыродным асяродзьдзі.

Вандроўка па браслаўскім лесе доўжыцца паўтары-тры гадзіны, а маршрут вызначае егер — ён выбірае месца ў залежнасьці ад таго, каго турысты пажадаюць убачыць. Экскурсія адбываецца ці а шостай-сёмай рана, ці пасьля дзявятай гадзіны вечара, калі жывёлы зьяўляюцца на адкрытых месцах, каб падсілкавацца. Падчас такой вандроўкі можна ўбачыць і сфатаграфаваць лісу, казулю, дзіка.

Браслаўшчыну адзначаюць як адно з найлепшых месцаў для фатаграфаваньня лася. На азёрах лёгка напаткаць бабра. Гэтых жывёл апошнім часам стала вельмі шмат. Бабры-дамаседы амаль нікуды не адыходзяць ад сваіх хатак. Падчас здымак галоўнае — дзейнічаць ціха і спакойна, каб не спужаць мадэль альбо не справакаваць напад.

planetabelarus.by

planetabelarus.by

Усе фота: Сяргей Плыткевіч, planetabelarus.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG