Як паведаміла на брыфінгу прэс-сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава, першая такая падборка ўжо апублікаваная.
«Задача ў тым, каб паказаць тэндэнцыю і асноўныя трэнды ў публікацыі „фэйкавых навінаў“ пра нашу краіну (Расею.— Рэд.), зрабіць усё магчымае, каб спыніць іх тыражаваньне», — сказала яна.
Гэтае паведамленьне выклікала нямала пытаньняў, на многія зь якіх Захарава не змагла даць канкрэтных адказаў.
У прыватнасьці, на пытаньне, ці трапіць у гэты разьдзел верагодны артыкул, у якім напішуць, што ў малаазійскі «Боінг» страляў расейскі «Бук» (расьсьледаваньне катастрофы, якая адбылася ў 2014 годзе над акупаванай часткай Данбасу, лічыць гэты момант даказаным, але Расея працягвае адмаўляць гэта. — Рэд.), яна адказала: «Мне нават у галаву ня можа прыйсьці, што такі артыкул зьявіцца, а належнай базы аргумэнтаў ня будзе. Такое хіба магчыма?»
У той жа час яна запэўніла, што ніякіх «рэпрэсіяў» або санкцыяў супраць аўтараў матэрыялаў, якія ўнясуць у гэтую рубрыку, ня будзе.
У першай падборцы на сайце МЗС Расеі ўжо зьмешчана пяць матэрыялаў заходніх сродкаў інфармацыі, ад буйных да малавядомых рэгіянальных, у якіх Масква ўбачыла, на яе думку, «ілжывую інфармацыю».
Расейскія сродкі масавай інфармацыі, значная частка якіх падкантрольная Крамлю ці ідзе ўсьлед за крамлёўскай лініяй, рэгулярна публікуюць ілжывыя матэрыялы пра падзеі ў іншых краінах (апошнім часам вельмі часта гэта тычыцца публікацыяў у дачыненьні да Ўкраіны). Над пашырэньнем такой дэзынфармацыі працуюць і расейскія СМІ, якія працуюць для замежных спажыўцоў. Але Расея адмаўляе, што сьвядома фальсыфікуе падзеі, замест гэтага абвінавачвае іншых у тым, што яны публікуюць у дачыненьні да Расеі паведамленьні, якія не адпавядаюць пазыцыі Масквы.