Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадаюцца 25 дамоў зь людзьмі. Рэпартаж зь яшчэ не раскіданых гнёздаў


Прыватная забудова на Лук’яновіча асуджаная на знос

Прыватная забудова на Лук’яновіча асуджаная на знос

Свабода ўжо расказвала пра адчайны супраціў жыхароў сталічнага Сельгаспасёлку плянам гарадзкіх уладаў зьнесьці іх дамы дзеля ўшчыльненьня тэрыторыі «высоткамі».

Тым часам партыю прыватных забудоваў выставілі на аўкцыён, які пройдзе 16 лістапада. Як вынікае з паведамленьня Менскага гарадзкога цэнтру нерухомасьці, лотам стаў участак плошчай 2,3 гектара ў межах вуліц Лук’яновіча, Усходняй, Бяды, 1-й Пасялковай.

Зямля прадаецца пад будаўніцтва групы шматпавярховых жылых дамоў падвышанай камфортнасьці з аб’ектамі сацкультбыту і аўтастаянкай. Пачатковы кошт — больш за 10 мільярдаў рублёў. Згодна з умовамі конкурсу, пасьля вырашэньня тэхнічных працэдураў зь пераможцам таргоў уладальнікі дамоў будуць адселеныя.​

Выстаўлены на аўкцыён участак
Выстаўлены на аўкцыён участак

Паводле новага генпляну тут павінны паўстаць паркінгі і шматпавярховікі

Паводле новага генпляну тут павінны паўстаць паркінгі і шматпавярховікі

Вымушаная зьмена месца жыхарства не задавальняе і не цікавіць

Акурат напярэдадні аўкцыёну Радыё Свабода атрымала ліст ад сям’і Пашко — «карэнных жыхароў Савецкага раёну Менску». Іх дом пад нумарам 17а на 2-й Пасялковай вуліцы, мяркуючы па ўсім, з дня на дзень пяройдзе ва ўласнасьць пакуль яшчэ невядомага інвэстара. Спадарыня Натальля апавядае, што пытаньне зносу не пакідае ў спакоі жыльцоў Сельгаспасёлку больш за 40 гадоў, але толькі цяпер небясьпека страты бацькоўскага дома стала рэальнасьцю:

Цьмяныя пэрспэктывы дома Пашко на 2-й Пасялковай

Цьмяныя пэрспэктывы дома Пашко на 2-й Пасялковай

«Зямельны надзел на месцы балота ў 1952 годзе атрымаў мой бацька, вэтэран вайны. Збудаваў дом, у якім нарадзіліся і вырасьлі чатыры пакаленьні нашай сям’і. Для кожнага, хто тут жыве, гэта цэлае жыцьцё, цягам якога мы не сядзелі, склаўшы рукі, а стваралі ўмовы для камфортнага пражываньня. Кожнае новае пакаленьне ўкладае ў дом маральныя сілы і матэрыяльныя рэсурсы. Так наша маленькая радзіма пераўтварылася ў радавое гняздо. З натуральным прыростам сям’і, дапамагаючы вырашаць дэмаграфічныя задачы краіны, мы зьбіраемся ўзводзіць трэці і чацьвёрты паверхі, тым самым упісваючыся ў стратэгію горадабудаўніцтва. Выступаючы ў ролі інвэстара для саміх сябе, ушчыльняючы квадратныя мэтры, мы вырашаем актуальныя задачы раёну без аптовага аўкцыёну. Але сёньня ў горада свае віды на наш зямельны ўчастак, і гэтыя пляны адрозьніваюцца ад нашых: 25 жылых дамоў са сваёй гісторыяй выстаўлены на аўкцыён 16 лістапада.

Людзі, якія пражываюць тут, не чамаданы, якія можна перастаўляць з аднаго месца ў іншае, не беручы да ўвагі нашы пляны і задачы.

Сёньня наша жыцьцё арганізавана такім чынам, што зьмена месца жыхарства нас не задавальняе і не цікавіць. Мы гатовыя адстойваць якасьць і вынік працы не аднаго пакаленьня».

Арыгінальны дызайн — не паратунак ад зносу

Арыгінальны дызайн — не паратунак ад зносу

Мясцовыя жыхары перакананыя: на 25 ахвярах палітыкі ўшчыльненьня гарадзкія ўлады ня спыняцца і неўзабаве рушаць у далейшы наступ. Тым больш, што красамоўны прыклад — літаральна ў дзясятку мэтраў: першая лінія прыватнай забудовы на супрацьлеглым баку па вуліцы Леаніда Бяды і Ўсходняга завулку пайшла пад знос гадоў пяць таму, цяпер на гэтым месцы ўзвышаюцца расфарбаваныя шматпавярховікі.

Уладальнікі ня ведаюць, што іх уласнасьць выстаўлена на таргі

Дом Любові Лебедзевай — акурат на аўкцыённай мяжы: суседзяў па Ўсходнім завулку «прадаюць», іх пакуль не чапаюць. Але выканкамаўскія эмісары ўжо прыходзілі з варыянтамі новага месца жыхарства — у Фаніпалі пад Менскам. Любоў Пятроўна і яе сын Дзяніс кажуць, што ў шоку ад падобнага нахабства — прапаноўваць пэрыфэрыю ўзамен на цэнтар сталіцы. Тым больш, што сёлета фаніпальцы самі выходзілі на спантанныя акцыі, пратэстуючы супраць рашэньня зьнесьці прыватны сэктар у цэнтры пасёлку пад дамы для жыхароў будучага менскага горада-спадарожніка:

Дзяніс і Любоў Лебедзевы ў двары свайго дому

Дзяніс і Любоў Лебедзевы ў двары свайго дому

«Мы ня просім ні ў каго ні грошай, ні дапамогі, усё робім самі. Мы і ёсьць самыя лепшыя інвэстары. Толькі скажыце, як прывесьці наш дом да нейкіх стандартаў, каб ён „не псаваў зьнешні выгляд горада“. У нас прыстойны дом, увесну зьбіраемся яго ўцяпліць, атынкаваць, пафарбаваць у тон высотак. Трэба — калі ласка, зробім. Але скажыце кожнаму: прыводзьце ў парадак да такіх і такіх стандартаў. Драўляны дом не пасуе, псуе пэйзаж? Тады абкладзіце цэглай, альбо вышэй уздымайце. Пахадзіце, з кожным чалавекам пагаварыце, згодны ён ці не. Толькі разумныя ўмовы прапануйце. Бо дзіву даесься: 16 лістапада аўкцыён.

Мы патэлефанавалі знаёмым, якія жывуць у той зоне: хоць ведаеце? Яны першы раз пачулі! Які аўкцыён? Дык як так — не пагаварыць ні з адным чалавекам?!

Уладальнікі ня ведаюць, што іх участкі, уласнасьць ідуць з малатка! А гэта ні многа ні мала два кварталы ад Лук’яновіча да 1-й Пасялковай, акурат да нас. Надзел паміж Усходняй вуліцай і Ўсходнім завулкам прадаюць, шукаюць інвэстара, забудоўшчыка. Чаму не пагаварыць? Тым больш выстаўляюць фактычна разам з жыльцамі, так атрымліваецца. Ніхто не патурбаваўся, як на гэта адрэагуюць людзі. А там жа вялікія, выдатныя, прыгожыя дамы. І мы ведаем, што людзі таксама не жадаюць выяжджаць, хочуць там жыць».

У адпаведнасьці з новай рэдакцыяй Генэральнага пляну, які неўзабаве мусіць паступіць на подпіс да прэзыдэнта, Сельгаспасёлак зьбіраюцца істотна «прарадзіць» пад «сацыяльныя патрэбы гораду». Насельнікі даўно вядуць ліставаньне з органамі заканадаўчай і выканаўчай улады з патрабаваньнем спыніць мэтанакіраанае зьнішчэньне маёмасьці, аднак усе запыты ўрэшце закальцоўваюцца на Менскі гарвыканкам.

У Драздах зямля даражэйшая — чаму ахвяруюць Сельгаспасёлкам?

У калектыўным звароце, накіраваным на імя Аляксандра Лукашэнкі, амаль паўтары тысячы жыхароў Сельгаспасёлку заклікаюць кіраўніка краіны паказаць уласны прыклад служэньня дэкляраваным «патрэбам». Менавіта прэзыдэнцкімі ўказамі ў галіне горадабудаўнічай палітыкі часьцей за ўсё прыкрываюцца сталічныя чыноўнікі:

«Калі цяперашняе беззаконьне сапраўды адпавядае вашым указаньням, пакажыце прыклад падпарадкаваньня — „закон для ўсіх адзіны“. Аддайце свой дом пад знос, дазвольце на яго месцы ўзьвесьці шматпавярховую „панэльку“. Перасяліцеся з дому з высокімі спажывецкімі якасьцямі на праве ўласнасьці ў кватэру на правах арандатара з разьліку 15 мэтраў на чальца сям’і ці атрымайце кампэнсацыю па 500 даляраў за той жа мэтар квадратны... Пацікаўцеся, як надоўга за вамі захаваецца права ўласнасьці на новы дом ці кватэру, кожныя пяць гадоў праглядайце плян разьвіцьця населенага пункту на прадмет функцыянальнай зьмены тэрыторыі. Як толькі вашу зону перафарбуюць у іншы колер, пачынайце ўсё спачатку, падпарадкоўваючыся „дзяржаўным патрэбам“. Спадзяёмся, вам захочацца даведацца, што гэта за такія патрэбы ў дзяржавы і дзяржслужбоўцаў.. У Драздах ляндшафт лепшы і зямля даражэйшая — патрэбы будуць задаволеныя ў разы больш. Чаму не Дразды, а Сельгаспасёлак? Калі вы ня згодныя, то і мы супраць зносу нашых дамоў», — пішуць Лукашэнку жыхары Сельгаспасёлку.

Жыльцы ня хочуць пакідаць наседжаныя месцы

Жыльцы ня хочуць пакідаць наседжаныя месцы

Сябра ініцыятыўнай групы жыльцоў Вольга Дэйнэкіна ў запытах на адрас дзяржаўных структураў акцэнтуе ўвагу, што ўключэньне забудаванай індывідуальнымі дамамі тэрыторыі Сельгаспасёлку ў Генэральны плян Менску для ўзьвядзеньня там шматпавярховікаў супрацьзаконнае, паколькі забаронена перавыдзяляць зямельныя ўчасткі, калі яны ўжо маюць законных землекарыстальнікаў.

Вольга Дэйнэкіна

Вольга Дэйнэкіна

Горадабудаўнічую каштоўнасьць стваралі жыхары, а ня горад

Аднак некалькі гадоў таму ўлады фактычна перадалі маёмасьць разам зь лёсам іх уласьнікаў у распараджэньне прыватнага прадпрыемства «Гарызонтпраектбуд». Не зьмяніла сытуацыю і тое, што забудоўшчык зь невядомых прычынаў дачасна склаў зь сябе паўнамоцтвы, адмовіўшыся кампэнсаваць выдаткі жыхарам і весьці працы на вызначанай тэрыторыі.

Тым ня меней, як паведамілі спадарыні Дэйнэкінай у Менгарвыканкаме, да 2017 году 119 дамоў у межах вуліц Тыражнай, Дастаеўскага, Корж-Сабліна, Гало ды некаторых іншых у любым выпадку будуць зьнесеныя:

Забудоўшчыкі мяняюцца, пляны «ўшчыльненьня» застаюцца

Забудоўшчыкі мяняюцца, пляны «ўшчыльненьня» застаюцца

«Старшыня Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Павал Лучыновіч пацьвердзіў: на паседжаньні Менгарвыканкаму адмененае рашэньне № 51 ад 16.01.2014 году. Але гэта нічога не мяняе: 4 жніўня на сходзе з жыхарамі Сельгаспасёлку ён сказаў, што тэрыторыя будзе аддадзеная пад забудову Ўпраўленьню капітальнага будаўніцтва. Заявіў публічна, назваў канкрэтны тэрмін: у 2017 годзе гэтых дамоў на вызначанай тэрыторыі ня будзе. Ягоныя словы, яны зафіксаваныя. Пытаньне — чым кіраваўся старшыня камітэту — так і застаецца ў паветры. Калі ўпраўленьне — то дзе фінасаваньне? І справа нават не ў фінасаваньні і не ў выкананьні заканадаўства пры прыняцьці рашэньня. Самае важнае пытаньне, якое ставяць жыхары Сельгаспасёлку, гэта законнасьць дадзеных захадаў. Немагчыма прымаць такія рашэньні, калі ёсьць законныя землекарыстальнікі.

Нельга асвойваць тэрыторыю, ужо асвоеную ў мінулым стагодзьдзі.

Гэта ня новыя ўчасткі, якія падлягаюць асваеньню — як, скажам, Сельгаспасёлак быў у 1940-х гадах звалкай. Асвойваць можна тэрыторыю ў кірунку Заслаўя, дзе сьметніца мае патрэбу ў асваеньні. Вось гэта будзе ў горадабудаўнічым дакумэнце, якім ёсьць Генплян, асваеньне тэрыторыі. Гэта тэрыторыя ўжо асвоена жыхарамі Сельгаспасёлку, і яна сапраўды мае горадабудаўнічую каштоўнасьць. Але гэтую каштоўнасьць стваралі жыхары, а ня горад».

Зямля даецца пад дом, а не пад гнілы хлеў, які мусіць стаяць 200 гадоў

Многія дабудаваліся акурат пад навіну пра знос

Многія дабудаваліся акурат пад навіну пра знос

Жыхары Сельгаспасёлку абмежаваныя ў сваіх дзеяньнях апошнія 40-45 гадоў. На пачатку 1970-х гарадзкія ўлады папярэдзілі пра заплянаваны знос прыватнага сэктару, забараніўшы ўсялякую будаўнічую «самадзейнасьць». Як кажа жыхарка дому на Ўсходнім завулку, 116 Лідзія Курапаткіна, ад той пары не дазволена ня толькі разбудоўвацца, а нават рабіць капітальны рамонт. Выключэньнем — мінімальнае ўмяшаньне дзеля «падтрыманьня душы ў целе»:

У гэтага сэктара адтэрміноўка да 2020 году

У гэтага сэктара адтэрміноўка да 2020 году

«Бачылі, якія ёсьць халупы, у нас была аналягічная — як кажуць, засыпная, зь пілаваньня. Домік яшчэ маёй бабулі, яна прыехала з Сыбіры ў 1945 годзе з трыма дзецьмі, муж загінуў. На гэтай вуліцы жыла яе мама, аддала дачцэ хляўчук, яна там зьляпіла дамок, мамін брат дапамог засыпаць прыбудову, мы там усе жылі. Пілаваньне за гэты час, натуральна, згніло.

Які „падтрымальны рамонт“ можна зрабіць у гнілым пілавіньні? Зламалі. Пабудавалі дом. Але здаць яго ня можам — павелічэньне жылой плошчы забаронена. Ня толькі ў мяне, ва ўсіх тут такая гісторыя.

Сусед нават у суд падаваў, бо выканкам прыняў рашэньне зьнесьці самавольную пабудову, аднавіць у адпаведнасьці з тэхпашпартам. Суд рашэньне пакінуў у сіле. Чаму ў нас законы прымаюцца супраць людзей? Я разумею так: прыйшлі, паглядзелі, калі ў доме можна жыць, навошта яго зносіць? Так, людзі павялічылі жылую плошчу, і што? А дзе жыць? Што за законы такія? Гэта першае. Па-другое, мы што, жывём у іншай дзяржаве? 40 гадоў нас зносяць, 40 гадоў нічога не дазваляюць. Чаму ў вялікіх дамах можна рабіць капітальны рамонт, а нам нельга нічога? Як у ва ўсіх жыхароў прыватных дамоў, у нас ёсьць дакумэнт — акт на зямлю. Там напісана, што нам зямля дадзена пад жылы дом, а не пад гнілы хлеў, які мусіць стаяць 200 гадоў».

Як адзначаюць аўтары звароту ў дзяржаўныя інстанцыі, Сельгаспасёлак забудоўваўся на падставе пастановы Савету міністраў БССР № 1381 «Аб праве грамадзянаў на куплю і будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў» ад 5 кастрычніка 1948 году. Як вынікае з дакумэнту, адвод зямельных участкаў ажыцьцяўляўся ў бестэрміновае карыстаньне, то бок навечна. У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўстам Рэспублікі Беларусь, падставаў для абмежаваньня тэрміну карыстаньня надзеламі няма, паколькі з кожным забудоўшчыкам заключаная пэрсанальная дамова. Канфіскацыя ўчастка прадугледжана толькі ў выпадку грубага парушэньня будаўніча-тэхнічных нормаў і адмовы іх выпраўляць. Скасаваньне пагадненьня адбываецца выключна ў судовым парадку. На гэты момант юрыдычныя дакумэнты жыльцоў зацьверджаныя ў натарыяльных канторах і зьяўляюцца сапраўднымі.

Такім чынам, робяць выснову падпісанты, уключэньне ўжо забудаванай індывідуальнымі дамамі тэрыторыі ў Генэральны плян Менску дзеля будаўніцтва іншых аб’ектаў цалкам супрацьзаконнае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG