Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэледэбаты на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША: як Клінтан стала Трампам


Хто выйграў у гэтым раўндзе двубою?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Учора прайшоў першы раўнд тэледэбатаў паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты ЗША ад дэмакратычнай і рэспубліканскай партыяў Гілары Клінтан і Дональдам Трампам.
Паводле апытаньняў, канкурэнты ідуць да выбараў галава да галавы і перавага некага ў дэбатах можа адыграць вырашальную ролю.

Мяне ў гэтым раўндзе дэбатаў уразіў сплаў, спалучэньне канцэптуальных спрэчак пра шляхі нацыі і двубой асобаў, характараў, які выліўся ў жорсткія ўзаемныя нападкі.

Існуе думка, што ў цэлым у Амэрыцы пануе сацыяльна-палітычны кансэнсус. Але спрэчкі пра падаткаабкладаньне выявілі істотна розныя падыходы канкурэнтаў. Клінтан выступала за большую роўнасьць, за прагрэсіўнае падаткаабкладаньне звышбагатых. Цікавай аналёгіяй зь беларускімі палітычнымі рэаліямі гучала абяцаньне пра 10 мільёнаў новых працоўных месцаў. Барацьба падчас праймэрыз з Бэрні Сандэрсам не прайшла дарма, шмат у чым праграма Клінтан стала больш левай.

У сваю чаргу Трамп, як сапраўдны рэспубліканец, адстойваў ідэю зьніжэньня падаткаў, заахвочваньня бізнэсу, які, паводле яго, працоўныя месцы і стварае. Неўмяшаньне дзяржавы ў справы бізнэсу спалучалася ў Трампа з пратэкцыянізмам у зьнешняй палітыцы. Ён ставіць пад сумнеў асноватворны прынцып шматгаловай амэрыканскай палітыкі адкрытасьці міжнародных рынкаў: паводле яго, дзякуючы міжнародным гандлёвым дамовам, замежныя краіны — Мэксыка, Кітай — «крадуць» працоўныя месцы амэрыканцаў.

Цікавай аналёгіяй зь беларускімі палітычнымі рэаліямі гучала абяцаньне пра 10 мільёнаў новых працоўных месцаў.

Расея ўзьнікла ў дыскусіі ў сувязі з узломам паштовага сэрвэру Дэмакратычнай партыі. Клінтан атакавала Трампа за яго станоўчыя ацэнкі Пуціна, які, паводле яе, падрывае нацыянальную бясьпеку Амэрыкі, у адказ Трамп сказаў, што, магчыма, хакерская атака была і не з Расеі, а з Кітаю ці Ірану.

Таксама важным момантам дэбатаў было тое, што Трамп паўтарыў сваю тэзу аб тым, што саюзьнікі ЗША па НАТО мусяць рабіць адпаведны ўнёсак у супольную абарону. Ён, праўда, выказаў упэўненасьць, што яны гэта і зробяць, але менавіта дзякуючы яго ціску.

Ну, а зараз пра двубой асобаў. У Трампа падчас кампаніі склалася рэпутацыя грубага палеміста, які абражае, дыскрэдытуе канкурэнта. Але ва ўчорашніх дэбатах наступальным бокам у гэтым сэнсе была хутчэй Клінтан. Яна абрынула на Трампа цэлы каскад асабістых выпадаў і падколак. Нават у канцэптуальных рэчах яна ўжывала гэты прыём. Гаворачы пра сацыяльную палітыку, пра падаткаабкладаньне, прыгадала, што Трамп — сынок багача, а вось яна, маўляў, з простага народу і разумее народныя памкненьні.

Ну, і па іншых нагодах: Трамп не клапоціцца пра пэрсанал, ад яго 4 банкруцтваў пацярпела шмат людзей, Трамп ня вытрыманы, яго можна вывесьці з раўнавагі адным твітам, яму нельга даверыць ядзерную кнопку, Трамп не абнародаваў сваю дэклярацыю аб даходах. У апошняй тэме — сэрыя ўколаў: а, можа, ён і не такі багаты, а, можа, ня так і шмат дае на дабрачыннасьць, а, можа, і з падаткамі ў яго ня ўсё ў парадку? Ну, і формула ў стылі фразы Мэркэль пра Пуціна: Дональд, вы жывяце ў нейкай іншай рэальнасьці.

Гэта не абразы, але кулачны бой бяз правілаў. Трамп не заставаўся ў даўгу, але хутчэй контратакаваў, чым нападаў. На прапанову абнародаваць дэклярацыю аб даходах дасьціпна адказаў: абнародую, калі Клінтан абнародуе свае імэйлы, якія яна пасылала на пасадзе дзяржсакратара, парушаючы службовыя правілы. Сапраўды, прыгожы адказ, але непразрыстасьць фінансавых справаў кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў Амэрыцы ня любяць.

Самая распаўсюджаная жаночая роля ў палітыцы — мужык у спадніцы. І Клінтан менавіта гэтую ролю на дэбатах і згуляла.

Мне падалася цікавай яшчэ адна мізансцэна. Напачатку дэбатаў апанэнты паціснулі адна аднаму руку. Але менавіта Клінтан падышла да Трампа і працягнула руку. Іншымі словамі, яна і ў гэтым накідала правілы гульні: хачу — нападаю, хачу — дэманструю вонкавую карэктнасьць.

Канчатковых дадзеных пра тое, як адрэагавала на гэты раўнд амэрыканскае грамадзтва, няма: паводле адных апытаньняў, перавага была на баку Трампа, паводле іншых — на баку Клінтан. Але мне падалося, што як асоба дамінавала ў гэтым раўндзе ўсё ж Клінтан. Магчыма, Трампу параілі крыху зьменшыць узровень агрэсіі, затое яе прадэманстравала Клінтан. Самая распаўсюджаная жаночая роля ў палітыцы — мужык у спадніцы. І Клінтан менавіта гэтую ролю на дэбатах і згуляла. Лішні раз нагадаўшы, што палітычныя дэбаты — гэта не акадэмічная дыскусія пра прынцыпы і праграмы, а двубой асобаў.

Глод: Я абсалютна згодны з выказваньнем Юрыя Дракахруста, што дэбаты гэта не акадэмічная дыскусія пра прынцыпы і праграмы, а гэта двубой. Таму спачатку пра тое, як праходзілі дэбаты. А пасьля пра шанцы кандыдатаў.

Бліскучага шоў, якога чакалі ад Трампа, не атрымалася. Кандыдат ад рэспубліканцаў, выглядае, перастрахаваўся. Ён спрабаваў быць больш ветлівым, асьцярожным, памяркоўным і акуратным, чым звычайна. То бок, гэтым разам ён быў ня вельмі падобны на таго Трампа, да якога ўжо прызвычаіліся. Гэта быў не зусім той Трамп, якім ён выглядаў раней. Кудысьці зьніклі ягоныя самаўпэўненасьць, напорыстасьць, настойлівасьць. І, падобна, гэта яго і падсекла. І ён згубіў добры шанец схіліць грамадзян ЗША, якія дагэтуль ня вызначаліся, за каго галасаваць, на свой бок.

На мой погляд, першыя дэбаты істотна не паўплывалі на рэйтынг абодвух кандыдатаў. Шанцы на перамогу ў Клінтан і Трампа па-ранейшаму прыкладна роўныя.

Нельга сказаць, што і Клінтан была ва ўдары. Аглядальнікі адзначаюць яе занадта «гладкія» заявы. Нават у спрыяльна настроенай да яе аўдыторыі словы кандыдаткі выклікалі сьмяшкі. І гэта толькі пацьвярджае, што традыцыйныя праблемы іміджу Клінтан (ненатуральнасьць паводзінаў, бяздушнасьць, халодны разьлік) па-ранейшаму застаюцца пры ёй. Экспансіўны Трамп мог бы на яе тле сарваць добры куш, але ён чамусьці часткова здрадзіў свайму іміджу.

З-за ўсяго гэтага і само гледзішча, і рэакцыя на яго не былі такімі бурнымі, як можна было спадзявацца да пачатку першых тэледэбатаў.

А цяпер пра шанцы. Аўдыторыя, якая сабралася ў залі кінатэатру Калюмбусу, дзе трансьляваліся дэбаты, адназначна падтрымлівала Гілары Клінтан. Аднак гэта зусім не азначае, што ў прадстаўніцы дэмакратычнай партыі больш прыхільнікаў, чым у прэтэндэнта ад рэспубліканцаў. Калюмбус адносіцца да сярэдніх па памеры гарадоў Злучаных Штатаў. І тое, што там аўдыторыя сымпатызавала спадарыні Клінтан, толькі пацьвярджае высновы амэрыканскіх сацыёлягаў — насельніцтва сярэдніх і буйных гарадоў ЗША выступае ў асноўным за Клінтан. Але ж велізарныя памерам Злучаныя Штаты складаюцца ня толькі з гарадоў вялікага і сярэдняга памеру.

На мой погляд, першыя дэбаты істотна не паўплывалі на рэйтынг абодвух кандыдатаў. Шанцы на перамогу ў Клінтан і Трампа па-ранейшаму прыкладна роўныя.

Fбодва кандыдаты ў прэзыдэнты на гэтых дэбатах нібыта памяняліся ролямі. Здаецца, што гэта прынесла большы посьпех Гілары Клінтан.

Цыганкоў: Сапраўды, мне здаецца, што абодва кандыдаты ў прэзыдэнты на гэтых дэбатах нібыта памяняліся ролямі. Здаецца, што гэта прынесла большы посьпех Гілары Клінтан. Відаць, Трамп пад уплывам сваіх паліттэхнолягаў захацеў падчас дэбатаў трошкі стрымаць самога сябе, быць больш абачлівым, памяркоўным, гаварыць па сутнасьці, перайсьці ад тактыкі пэрсанальных нападак, якую ён ужываў падчас рэспубліканскіх праймэрыз, да тактыкі зьмястоўных адказаў на эканамічныя, палітычныя і ваенныя пытаньні. Але так выглядае, у тым ліку і паводле апытаньняў, што менавіта Клінтан аказалася пераможцам гэтых дэбатаў.

Наперадзе яшчэ два раўнды дэбатаў. І перад Трампам паўстане пытаньне: ці заставацца ў іпастасі ўчорашніх дэбатаў ці вярнуцца да сябе самога, адкінуўшы парады больш памяркоўных чальцоў яго каманды, і практыкаваць больш агрэсіўны стыль. Для многіх, відаць, стала нечаканасьцю, што на гэтых дэбатах Клінтан наступала, а Трамп абараняўся. Гэта было паліттэхналягічнай перамогай каманды Клінтан. Магчыма, Трамп будзе рабіць высновы з першага раўнду дэбатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG