Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чорны сьпіс прыйшоў з Расеі» — украінца Сяргея Замілюхіна не пусьцілі ў Беларусь


Сяргей Замілюхін
Сяргей Замілюхін

Кіраўніка ўкраінскай арганізацыі «Рускамоўныя ўкраінскія нацыяналісты» Сяргея Замілюхіна беларускія памежнікі не пусьцілі ў Беларусь.

Напярэдадні Новага году ён ехаў разам з жонкай у Гомель да цешчы і цесьця, у якіх гасьцявала дачка. Аднак на прапускным пункце «Новая Гута» іх спынілі.

«Яны паставілі штамп, сказалі, што ўезд забаронены. Я папрасіў патлумачыць прычыны і на які тэрмін забаронены ўезд. Аднак памежнікі мне нічога не змаглі патлумачыць. Мне назвалі нумар дакумэнту, згодна зь якім мне забаронены ўезд, і параілі зьвярнуцца ў расейскую амбасаду, бо дакумэнт быў дасланы з расейскага боку. То бок „чорны сьпіс“ прыйшоў з Расеі. А Беларусь, маўляў, у рамках саюзнай дзяржавы мусіць выконваць пэўныя абавязаньні», — сказаў карэспандэнту Свабоды Сяргей Замілюхін.

Штамп пра забарону ўезду ў пашпарце Сяргея Замілюхіна
Штамп пра забарону ўезду ў пашпарце Сяргея Замілюхіна

Ён сказаў, што дагэтуль ня раз бываў у Беларусі і ніякіх пытаньняў не ўзьнікала.

«Мне давялося вярнуцца, а ў Гомель паехала жонка. Новы год мы сустракалі праз скайп».

Сяргей Замілюхін мяркуе, што забарона на ўезд зьвязаная зь ягонай праўкраінскай пазыцыяй.

«Я ня думаў, што грамадзкія арганізацыі такія небясьпечныя для расейскага соцыюму і для Крамля. Таму для мяне гэта было нечаканасьцю. Відаць, яны баяцца, што маё зьяўленьне ў Расеі ці ў Беларусі будзе пацьвярджаць тое, што Пуцін абараняе не рускамоўных, а вырашае свае праблемы. У гэтым выпадку, я думаю, Лукашэнка і ўсё кіраўніцтва Беларусі — закладнікі палітыкі Расеі, якая вядзе да самаізаляцыі і цягне за сабой Беларусь».

Арганізацыя «Рускамоўныя ўкраінскія нацыяналісты» стваралася да Майдана, сказаў Сяргей Замілюхін.

«Асноўнай мэтай было асьветніцтва на тэрыторыі паўднёвага ўсходу Ўкраіны, прычым на рускай мове. Дзеля таго каб, як мінімум, зрабіць з рускамоўных украінцаў патрыётаў, каб яны адчулі сябе ўкраінцамі і ганарыліся гэтым. Цяпер гэта стала менш актуальным, бо Пуцін зрабіў за нас калясальную працу: цяпер каля 80–90% рускамоўных на паўднёвым усходзе Ўкраіны адназначна сябе пазыцыянуюць як украінскія патрыёты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG