Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісту «За свабоду» прыгразілі адлічэньнем з каледжу. Дырэктар: «Гэта адзін з найлепшых вучняў»


Вадзім Бабін
Вадзім Бабін

Сябра руху «За свабоду» Вадзім Бабін заявіў на сайце руху пра пагрозу адлічэньня зь Менскага дзяржаўнага тэхналягічнага каледжу з боку супрацоўніка КДБ.

Бабін сьцьвярджае, што 25 кастрычніка каля 12 гадзін дня яго выклікалі ў кабінэт дырэктара, дзе чалавек, які назваўся супрацоўнікам КДБ, пытаўся ў яго пра ўдзел у кіеўскім маратонскім забегу-эстафэце ў камандзе «За свабоду» і ўдзел у назіраньні за выбарамі. Мужчына загадаў Бабіну спыніць сяброўства ў руху, іначай яго адлічаць (студэнту засталося давучыцца 4 месяцы да выпуску).

«Ён не паказваў дакумэнтаў, але быў абазнаны ва ўсім, таму ня ўзьнікла сумневаў, што ён з КДБ, — кажа Свабодзе Бабін. — Пытаў пра маю пазыцыю, ці буду я далей у руху. Пагражаў, што адлічаць, але я ўсё роўна застануся ў руху».

Дырэктар каледжу Мікалай Цыральчук пацьвердзіў Свабодзе, што гутарка адбывалася ў яго прысутнасьці, але заявіў, што гэта быў не супрацоўнік КДБ, а гутарка была не пра адлічэньне. Казаць, хто гэта быў і пра што размаўлялі, ён адмовіўся.

«Ніхто нікім не прадстаўляўся падчас гэтай размовы, на тэму палітычнай дзейнасьці ніхто зь ім ня гутарыў, ніхто нікому не пагражаў ніякім адлічэньнем. Я гэта вам дакладна кажу, бо гэта было ў маёй прысутнасьці, — заяўляе Цыральчук. — Выключэньнем яму мог бы я пагражаць, калі б мой навучэнец дапускаў пропускі заняткаў, меў нездавальняючыя адзнакі. Але ён у нас вельмі добра вучыцца. Можна сказаць, адзін з найлепшых вучняў у сваёй групе! І ходзіць на ўсе заняткі. Ніякага выключэньня ня можа быць і блізка. Што яму здалося, я ня ведаю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG