Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя спыніла маладафронтаўцаў, якія капалі акопы пад расейскай мяжой

абноўлена

Актывісты «Маладога фронту» пачалі капаць акопы ў лесе пад вёскай Рудня-Споніцкая недалёка ад Веткі, за 25 км ад расейскай мяжы. Празь некалькі хвілін пасьля пачатку акцыі зьявілася група лесьнікоў, да іх далучыліся невядомыя людзі ў цывільным. Неўзабаве прыехалі дзьве машыны з узброенымі супрацоўнікамі міліцыі ў бронекамізэльках. Агулам на дваіх маладафронтаўцаў — 14 чалавек.

Міліцыя складае пратаколы на ўдзельнікаў акцыі: адзін за «парушэньне цэласнасьці подсьцілу і жывога надглебавага покрыва» (5 базавых велічыняў), другі за неадпаведнасьць нормам аптэчкі ў машыне актывістаў (столькі ж). За адміністрацыйнае правапарушэньне ў лесе ім пагражае дадатковы штраф да 20 базавых велічыняў.

Актывісты затрыманыя да высьвятленьня абставінаў: кіраўнік раёну выклікаў апэратыўную групу, бо ў машыне аднаго з удзельнікаў акцыі, лідэра «Маладога Фронту» Зьмітра Дашкевіча знайшлі страйкбольны аўтамат — ідзе праверка муляжу.

Дашкевіч заявіў міліцыянтам, што не разумее расейскай мовы. Для размовы зь ім міліцыя выклікала ў лес настаўніка беларускай мовы. Іншага актывіста, Сяргея Пальчэўскага, адвезьлі ў міліцыю для высьвятленьня асобы. Таксама ў міліцыю «запрашаюць» карэспандэнта Свабоды.

Па 16-й гадзіне ўсіх адпусьцілі з пастарунку. Муляж забралі на экспэртызу.

Зьміцер Дашкевіч і Сяргей Пальчэўскі каля Веткаўскага РУУС
Зьміцер Дашкевіч і Сяргей Пальчэўскі каля Веткаўскага РУУС

Акцыя «Маладога фронту» зьвязаная з агрэсіяй Расеі адносна Ўкраіны: на думку яе ўдзельнікаў, беларусам таксама трэба быць гатовымі да адпору расейскай агрэсіі. За 76 км ад месца правядзеньня акцыі знаходзіцца расейскае мястэчка Клінцы, куды зь нядаўняга часу сьцягваюцца расейскія войскі.

Зьміцер Дашкевіч пра акоп пад Веткай: «Мы іх сустрэнем»

Перад тым як узяць у рукі рыдлёўку і капаць акоп у лесе пад вёскай Рудня Споніцкая Веткаўскага раёну, Зьміцер Дашкевіч патлумачыў журналістам сэнс акцыі Маладога фронту:

«Мы вырашылі правесьці акцыю, якой прадэманструем, што межы Беларусі трэба бараніць найперш з усходу.

Ніколі краіны НАТО, якія з намі суседнічаюць, не ваявалі зь Беларусьсю, а вось Расея ваявала і зноў нацэльваецца на Беларусь.

Калі Расея кажа, што мы браты, навошта ў Клінцах будаваць новую вайсковую базу? Хіба не для наступу на Беларусь?

Таму мы вырашылі рыхтавацца да абароны і рыем тут гэты акоп, каб паказаць, што мы іх сустрэнем.

Цяперашнія падзеі ва Ўкраіне даказваюць, як хутка могуць прыйсьці ворагі і захапіць наш дом. Каб не давялося рыць акопы ўжо перад тварам агрэсара, як цяпер рыюць на Данбасе, на Днепрапятроўшчыне і Хэрсоншчыне, трэба думаць пра гэта раней і падрыхтавацца раней.

Таму сёньня, у 19-ю гадавіну „Маладога фронту“, мы вырашылі правесьці гэтую акцыю — вырыць сымбалічныя акопы на нашай усходняй мяжы.

Адсюль да расейскага гораду Клінцы, дзе будуецца новая расейская вайсковая база і ўжо разгорнутыя дадатковыя часткі з Уралу, усяго некалькі дзясяткаў кілямэтраў. Калі расейцы пяройдуць нашу мяжу, яны пойдуць на Гомель і будуць ісьці праз гэтыя мясьціны. Мы дэманструем гэтым акопам, што мусім быць гатовыя.

Канечне, каб спыніць расейскія танкі, акопаў будзе недастаткова. І любой зброі ня хопіць. Найперш, як мы кажам, трэба гаварыць усім па-беларуску, каб Пуцін потым не сказаў, што ён прыйшоў бараніць і вызваляць рускамоўных».

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч адмовіўся размаўляць па-расейску зь лесьнікамі, якія складалі на яго пратакол за парушэньне покрыва ў лесе. Лесьнікі з Веткаўскага лясгасу адмовіліся размаўляць з Дашкевічам па-беларуску, маўляў, не разумеюць. Тады для размовы з актывістам адмыслова прывезьлі зь Веткі дзьвюх настаўніц беларускай мовы. Зьміцер Дашкевіч выказаў абурэньне, што лесьнікі ня ведаюць беларускай мовы і адмаўляюцца на ёй размаўляць.

«Жрэ беларускія каўбасы, па-беларуску-ж ні гу-гу, ды за такое папуасы яго б пусьцілі на рагу!» — Дашкевіч публічна працытаваў на адрас лесьнікоў радкі Ведзьмака Лысагорскага.

Дарэчы, прадстаўнік Сьледчага камітэту размаўляў з актывістамі і журналістамі па-беларуску, адзін зь лесьнікоў таксама ў размове ўжываў беларускія словы.

Пакуль складаліся пратаколы на Зьмітра Дашкевіча, паміж ім і міліцыянтамі ўзьнікла дыскусія пра падзеі ва Ўкраіне.

Беларускамоўных настаўніц у выніку выкарысталі як сьведак пры складаньні пратаколаў аб парушэньні покрыва ў лесе і аб выманьні з аўто Зьмітра Дашкевіча аўтамата для страйкболу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG