Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Законьнікаў: На адной кнізе Гілевіч зрабіў прароцкі надпіс: «І ўсё ж ня згінем, ёсьць і будзем


Сяргей Законьнікаў

Сяргей Законьнікаў

Паэт і сябар Ніла Гілевіча Сяргей Законьнікаў кажа, што вельмі цяжка перажывае страты людзей, якія працавалі на самым галоўным участку — на ніве беларускасьці. У 21 стагодзьдзі Беларусь страціла Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Анатоля Кудраўца, Ніла Гілевіча.

«Ніл Сымонавіч прыйшоў у маё жыцьцё ў 1964 годзе, калі я паступіў у БДУ. Мы, хлопцы і дзяўчаты нават зь вёсак, прыходзілі ва ўнівэрсытэт ня з тым багажом беларускасьці, які павінен быў быць. Нават вясковыя школы былі зрусыфікаваныя, і многія прадметы выкладаліся па-расейску. Хаця і сам унівэрсытэт таксама быў зрусыфікаваны. І вось Ніл Сымонавіч на сваіх лекцыях па фальклёры адкрываў для нас беларускасьць. Я памятаю, як ён прыходзіў у аўдыторыю, высокі, прыгожы, і як дзяўчаты глядзелі на яго з захапленьнем. Яму вельмі пашанцавала з жонкай — у Ніла Сымонавіча быў надзейны тыл, Ніна Іванаўна. Безь яе ён бы столькі не стварыў...

Я вельмі ўдзячны Гілевічу за многае, але найперш менавіта за тое, што ён нам падарыў вось гэтае пачуцьцё беларускасьці і падтрымліваў веру ў тое, што наша справа не загіне. І на кніжках, якія Гілевіч мне падпісваў, чытаю: «На ўспамін пра дні і гады змаганьня за нашу Беларусь». У маёй бібліятэцы ёсьць амаль усе кнігі Гілевіча зь яго выдатнымі цёплымі надпісамі. Цяпер шчымліва і кранальна ўсё гэта ўзгадваць...

Яшчэ ў нас была адна такая рэч, мы абменьваліся думкамі, якія ў нас ішлі пад грыфам «Верасьнёўцу ад верасьнёўца». Справа ў тым, што і ён, і я нарадзіліся ў верасьні, і ў нас зь ім была роднасьць па месяцы нараджэньня.

Урачыстае паседжаньне да 85-годзьдзя БНР. Ніл Гілевіч, Анатоль Грыцкевіч, Сяргей Законьнікаў. Менск, 25 сакавіка 2003 г.

Урачыстае паседжаньне да 85-годзьдзя БНР. Ніл Гілевіч, Анатоль Грыцкевіч, Сяргей Законьнікаў. Менск, 25 сакавіка 2003 г.

Ніл Сымонавіч — гэта вялікая старонка ў нашай літаратуры, ён і фальклярыст, і выдатны навуковец, драматург, крытык, літаратуразнаўца, выбітны паэт ва ўсіх іпастасях: і лірык, і грамадзянскі паэт, і гумарыст... Але найперш я яго вельмі цаню як чалавека, як беларуса, за тое, што ён з маленства, зь юнацтва і да апошніх сваіх дзён стаяў за нашу мову. Ён выдатна зразумеў, што наша мова, якая ў нас называецца ня проста родная мова, а матчына мова — гэта вышэйшая ступень роднасьці. І ён крывёю гэта адчуваў. Самы галоўны подзьвіг яго жыцьця — што ён адстойваў мову паўсюль. На адной кнізе ён зрабіў прароцкі надпіс: «І ўсё ж ня згінем, ёсьць і будзем». Я заўсёды захапляўся гэтай упэўненасьцю Ніла Сымонавіча — як бы там ні было, а мы, беларусы, на гэтай зямлі будзем. Беларусы павінны ведаць творчасьць такіх выбітных людзей, як Ніл Гілевіч. Ну, а калі яны яшчэ засьпяваюць «Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы...», то яны заўсёды будуць ведаць, хто яны такія і для чаго прыйшлі на гэтую зямлю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG