Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня скончыўся 15-суткавы адміністрацыйны арышт Сяргея Штоды — грузаперавозчыка, які быў затрыманы і асуджаны 3 лютага, калі прыйшоў у Дом ураду на заплянаваную сустрэчу зь першым віцэ-прэм’ерам Васілём Мацюшэўскім. Тады бізнэсоўца абвінавацілі ў дробным хуліганстве — «нецэнзурнай лаянцы».

Аднак у прызначаны час карэспандэнт Свабоды з турмы на Акрэсьціна яго не дачакаўся. Куды зьнік прадпрымальнік?

У 10:30, — гэта час, калі два тыдні таму ў адносінах да Сяргея Штоды і быў складзены пратакол аб неналежных паводзінах у грамадзкім месцы, — на парозе ізалятара часовага ўтрыманьня ён так і не зьявіўся. Пакінуўшы адміністрацыі ўстановы 2-гадзінны люфт на вырашэньне арганізацыйных пытаньняў, разам з калегам і паплечнікам затрыманага прадпрымальніка Алегам Новікавым пачынаем высьвятляць ягоны лёс.

Пасьля працяглых перамоваў голас на тым канцы тэлефона канстатуе: «А ён ужо даўно сышоў дамоў». Нібыта з гасьцей: пабыў крыху дый пайшоў дахаты. Гэта пры тым, што звычайна на Акрэсьціна «марынуюць» да апошняй хвіліны вызначанага тэрміну, а пачынаючы ад 10-й раніцы з будынка дакладна ніхто не выходзіў — яго толькі «ўпакоўвалі» новымі пастаяльцамі.

Спрабуем дазнацца навінаў у Вольгі Юркойць, жонкі Сяргея Штоды. Спачатку яна, гэтаксама як і журналісты, спрабавала назвоньваць мужу на мабільны тэлефон, але ўвесь час спрацоўвала «скрыня». А роўна ў 12:30 паведаміла, што Сяргей затэлефанаваў з гарадзкога нумара і толькі пасьпеў сказаць, што ён у аддзяленьні міліцыі Цэнтральнага раёну, куды яго прывезьлі проста з ізалятара.

У няведаньні прайшло яшчэ пару гадзін, і ў сярэдзіне дня Сяргей нарэшце дабраўся дадому. Зрэшты, ад камэнтароў па гарачых сьлядох устрымаўся, сказаўшы, што ўсю праўду пра сваё затрыманьне раскажа заўтра — аб 11-й раніцы ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі прызначаная ягоная прэс-канфэрэнцыя.

Кіраўнік менскай транспартнай фірмы Сяргей Штода быў затрыманы неўзабаве пасьля таго, як абвясьціў аб правядзеньні 4 лютага каля Дому ўраду ў Менску акцыі пратэсту падманутых грузаперавозчыкаў. Ініцыятара супраціву па дзіўным супадзеньні затрымалі 3 лютага, калі ён прыйшоў на сустрэчу зь першым віцэ-прэм’ерам Васілём Мацюшэўскім. Сустрэча не адбылася, а лідэра грузаперавозчыкаў абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. На аўдыенцыі ў чыноўніка Штода спадзяваўся дамовіцца пра скасаваньне штрафаў за нібыта парушэньні правілаў перавозак грузаў у рамках сыстэмы BelToll.

У 2013 годзе ў Беларусі стварылі сыстэму платных дарог, але непасрэдных карыстальнікаў увесьці ў курс справы не палічылі патрэбным — не было ні адпаведнай працы зь перавозчыкамі, ні маштабнай інфармацыйнай кампаніі. У выніку блізу 5 тысяч юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў мусілі сплачваць вялізныя штрафы за неадпаведнае карыстаньне сыстэмай.

Сам Сяргей Штода за тры экспэрымэнтальныя месяцы «ўляцеў» на штраф у 80 тысяч эўра. Практычна ва ўсіх выпадках парушэньне было зьвязанае зь няправільным выкарыстаньнем бартавога прыстасаваньня, якое фіксуе перасоўваньні па платных дарогах. У выпадку штрафу часта ўжываецца так званы мэтад прымусовага сьпісваньня сродкаў, калі грошы здымаюцца з рахункаў, а гаспадароў пра гэта нават не папярэджваюць. Пры такім раскладзе, заявіў Радыё Свабода напярэдадні меркаванай акцыі спадар Штода, спагнаньні прывядуць да масавага банкруцтва грузаперавозчыкаў:

«Зь Мінфіну паступіў загад у транспартную інспэкцыю, каб тыя тэрмінова спаганялі сродкі. У сваю чаргу, цяпер інспэкцыя блякуе разьліковыя рахункі і прымусова здымае шалёныя грошы. Праўда, у бальшыні народу няма ня толькі такіх грошай, а нават дзясятай часткі таго, што ім выстаўляюць — людзі ня ў стане плаціць такія неадэкватныя сумы. Практычна з усёй Беларусі тэлефануюць прадпрымальнікі, ня ведаюць, што ім рабіць, куды ісьці, да каго грукацца.

У бальшыні народу няма ня толькі такіх грошай, а нават дзясятай часткі таго, што ім выстаўляюць

Мы з такой пастаноўкай пытаньня катэгарычна ня згодныя, таму што для многіх кампаніяў, для многіх арганізацыяў гэтая сытуацыя проста забойчая, давядзецца абвяшчаць банкруцтва. Таму ідзём на радыкальныя крокі, будзем прасіць зацікаўленыя ведамствы разабрацца, самім стаць на месца нашых грузаперавозчыкаў. Дарэчы, усе чыноўнікі, з кім я размаўляў, разумеюць, што гэта абсурд, што гэта маразм, але паказваюць пальцам наверх — маўляў, нічога ня можам, мэханізм запушчаны. Дык а хто можа? Пакажыце пальцам на таго чалавека! Лукашэнка можа? Тады будзем прасіць яго. У любым выпадку трэба разьбірацца, трэба нешта вырашаць».

Улады абяцалі правесьці амністыю па штрафах, якія ўтварыліся ў першыя тры месяцы працы сыстэмы BelToll з прычыны тэхнічных збояў і недастатковага інфармаваньня перавозчыкаў. Аднак пасьля зьмены эканамічнай сытуацыі пра абяцаньне забылі.

У сваім звароце да грузаперавозчыкаў Сяргей Штода заявіў, што транспартная інспэкцыя запусьціла працэдуру банкруцтва найперш для невялікіх арганізацыяў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Ён заклікаў выйсьці да Дому ўраду і зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай разабрацца ў сытуацыі:

«Мы нічога супрацьзаконнага ня робім, мы толькі просім разабрацца ў нашай сытуацыі, мы — частка народу, мы законапаслухмяныя падаткаплатнікі. Неадэкватныя штрафы прывядуць да банкруцтва, такога дапусьціць нельга», — адзначыў ён, але скаардынаваць акцыю так і не пасьпеў, бо сеў на 15 сутак як «мацяршчыньнік»

XS
SM
MD
LG