Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Рыжоў вярнуўся ў Віцебск. І зноў хоча балятавацца ў прэзыдэнты


Сяргей Рыжоў
Сяргей Рыжоў

Пра гатоўнасьць стаць кіраўніком ініцыятыўнай групы па вылучэньні Сяргея Рыжова абвясьціў віцебскі «лекар-праўдаруб» Ігар Пасноў.

Сваё бачаньне будучай выбарчай кампаніі з удзелам Сяргея Рыжова ён апісвае ў разьмешчаным у інтэрнэце «адкрытым лісьце да першых асобаў дзяржавы і дэпутацкага корпусу». Ён піша пра лёзунг «Выбары 2015 году — выбары без Лукашэнкі», заклікае да «байкоту выбараў грамадзяніна Лукашэнкі», але, тым ня менш, запрашае патэнцыйных прыхільнікаў далучыцца да ініцыятыўнай групы, чальцы якой «прынялі рашэньне наконт удзелу аднаго з нашых лідэраў — Сяргея Рыжова».

Ігар Пасноў цытуе словы Рыжова, зь якіх вынікае, што вядзецца пра датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. «Я заклікаю ўсіх уключыцца напярэдадні палітычнага мерапрыемства 2015 году не ў перавыбары прэзыдэнта Лукашэнкі, а ў антывыбары яго. Я заклікаю ўсіх беларусаў стацца героямі не перавыбараў 2015 году, а датэрміновых выбараў прэзыдэнта Белай Русі», — у такіх выразах акрэсьліў сваю пазыцыю Сяргей Рыжоў.

На момант напісаньня гэтых словаў ён знаходзіўся ў замежжы — у Расеі, куды ўцёк год таму, у лютым 2014-га. Свае ўцёкі ён тлумачыў тым, што ў Беларусі яму пагражае арышт на 15 сутак за хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам выцьвярэзьніка ў 2013 годзе. Рыжоў цьвердзіў, што справу супраць яго сфабрыкавалі і што ён сам стаўся ахвярай міліцэйскага гвалту.

Праз год ён ізноў зьявіўся ў Віцебску, пра колішні міліцэйскі і судовы перасьлед ужо ня згадвае. Намер балятавацца на прэзыдэнта Сяргей Рыжоў пацьвярджае, падкрэсьліваючы, што абавязкі кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы добраахвотна ўзяў на сябе Ігар Пасноў. Гэты «лекар-праўдаруб» вядомы ў горадзе сваімі крытычнымі выступамі супраць былога старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца, нядаўна прызначанага кіраўніком адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Спадар Пасноў ня раз меў непрыемнасьці праз сваю грамадзкую пазыцыю. Улетку 2013 году яго гвалтам зьмясьцілі на прымусовае псыхіятрычнае лекаваньне. Пры гэтым былі зафіксаваныя шматлікія парушэньні ягоных правоў — у прыватнасьці, падчас працэсу ў Віцебскім райсудзе, які санкцыянаваў прымусовае лекаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG