Саюз беларускіх пісьменьнікаў і беларускі ПЭН-цэнтар не ўвайшлі ў вызначаны Міністэрствам культуры пералік 13 творчых саюзаў, сябрам якіх ня трэба плаціць «падатак на дармаедаў».
«Для нас гэта была нечаканасьць, — сказаў Свабодзе старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч. — Па ранейшых дакумэнтах саюз зьяўляўся творчым.
Больш за тое, летась да нас зьвярнулася Міністэрства па падатках і зборах, каб мы прадставілі сьпісы нашай арганізацыі і каб нашым сябрам не рассылалі так званыя „лісты шчасьця“.
Літаральна да ўчорашняга дня наш саюз уваходзіў у пералік творчых арганізацый, сябры якіх ня лічацца дармаедамі.
Учора мы даведаліся пра гэтую пастанову, паводле якой нас у гэтым сьпісе няма.
Вядома, мы будзем прадпрымаць дзеяньні, каб гэтую несправядлівасьць неяк зьмяніць — мы зьвернемся да міністра культуры, мы зробім адмысловую заяву па гэтай сытуацыі і г.д.».
Барыс Пятровіч сьцьвярджае, што гэтае рашэньне Міністэрства культуры ніяк не патлумачыла. Раней нават размовы не было пра тое, што Саюз беларускіх пісьменьнікаў можа ня трапіць у гэты сьпіс. «У параўнаньні з іншымі арганізацыямі, якія ўвайшлі ў гэты сьпіс, мы маем нашмат больш падстаў лічыцца творчым саюзам», — упэўнены ён.
У сьпісе Міністэрства культуры 13 творчых саюзаў:
- Беларуская гільдыя актораў кіно,
- Беларускі саюз архітэктараў,
- Беларускі саюз дызайнэраў,
- Беларускі саюз журналістаў,
- Беларускі саюз кінэматаграфістаў,
- Беларускі саюз кампазытараў,
- Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў,
- Беларускі саюз майстроў народнай творчасьці,
- Беларускі саюз музычных дзеячаў,
- Беларускі саюз тэатральных дзеячаў,
- Беларускі саюз мастакоў,
- Саюз пісьменьнікаў Беларусі,
- Беларускае грамадзкае абʼяднаньне «Фотамастацтва».