Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяргей Калякін ідзе ў прэзыдэнты: левыя бяруцца сабраць 100 тысяч подпісаў


Сяргей Калякін, архіўнае фота

Сяргей Калякін, архіўнае фота

«Мы, партыя левых, прапануем выбарнікам праграму выйсьця Беларусі з тупіку і выступаем супраць „партыі вайны“ ва Ўкраіне. З колькасьцю 1300 чальцоў партыі мы здолеем сабраць подпісы для вылучэньня Сяргея Калякіна», — заявіў у інтэрвію Свабодзе намесьнік старшыні «Справядлівага сьвету» Валер Ухналёў.

— Спадар Валер, вылучэньне кандыдата ў прэзыдэнты ад «Справядлівага сьвету» — гэта ўжо вырашаная рэч?

— Гэтае рашэньне прыме зьезд беларускай партыі аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет», які адбудзецца 23–24 траўня. Пленум ЦК, які складаецца з 41 чалавека, 19 красавіка вырашыў прапанаваць зьезду вылучыць у якасьці кандыдата ад нашай партыі Сяргея Калякіна. Зразумела, што паводле закону вылучэньне адбываецца шляхам збору 100 тысяч подпісаў выбарнікаў. Гэтым мы зоймемся пасьля рашэньня зьезду.

— Ці можа «Справядлівы сьвет» сабраць 100 тысяч подпісаў?

— Тут сытуацыя такая: мы рэальна разумеем, што наш прадстаўнік, як і любы іншы прадстаўнік ад апазыцыйных структураў, ня мае шанцу выйграць прэзыдэнцкія выбары ў гэтым годзе. Таму што выбараў няма. Але для таго каб прасунуць сваю партыю і вырашыць партыйныя пытаньні, мала толькі заявіцца. Мы лічым, што ў нас абавязкова павінен быць зарэгістраваны кандыдат. Мы абавязаныя і плянуем сабраць неабходныя подпісы. Мы пралічылі гэтыя рэчы — мы зьбяром подпісы і зарэгіструем нашага кандыдата. Толькі тады будзе сур’ёзная праца па прасоўваньні і прапагандзе нашай партыі і нашых ідэяў. А проста заявіцца і сказаць, што мы пойдзем, а пасьля не сабраць подпісы — гэта нас не задавальняе. Нашы арганізацыі гатовыя да такой працы. У нас ужо ёсьць разьлікі і сьпісы будучай ініцыятыўнай групы. Ёсьць анкетаваньне ўсіх чальцоў партыі, ёсьць пралік таго, колькі подпісаў могуць сабраць яны і беспартыйныя людзі, далучаныя да збору подпісаў.

— Колькі чальцоў у партыі «Справядлівы сьвет»?

Валер Ухналёў

Валер Ухналёў

— 1300 чалавек. Гэта тая лічба, якую мы падаём у Міністэрства юстыцыі.

— «Справядлівы сьвет» разам з АГП уваходзіць у кааліцыю «Талака». Чаму ваша партыя не падтрымае Анатоля Лябедзьку, які ўжо даўно заявіў пра прэзыдэнцкія амбіцыі?

— Пакуль яшчэ няма канчатковага рашэньня. Наколькі я ведаю, і Анатоль Лябедзька да канца яшчэ ня вызначыўся. Увогуле, наша партыя выступала за тое, каб ад апазыцыі быў адзіны кандыдат. Але з улікам таго, што гэтага не атрымалася, цяпер будзем прымаць іншыя рашэньні. Але гэта не азначае, што мы закрытыя для кансультацыяў зь іншымі партыямі, зь іншымі магчымымі кандыдатамі. Але, зыходзячы з рэчаіснасьці, мы бачым, што нам неабходна ісьці са сваім кандыдатам.

— З кім канкрэтна партыя «Справядлівы сьвет» лічыць пэрспэктыўным аб’ядноўвацца і дамаўляцца?

— Толькі з Анатолем Лябедзькам і з АГП. Што тычыцца кандыдата ад «Народнага рэфэрэндуму», прадстаўніцы кампаніі «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч, то ў нас адназначна ня можа быць магчымасьці падтрымаць гэтую кандыдатуру.

— Чаму выбарнік павінен паставіць подпіс за Сяргея Калякіна? Чым вы будзеце прывабліваць электарат?

— Складана сказаць у двух словах. У нас ёсьць праграма, якая распрацаваная супольна зь іншымі левымі партыямі і прынятая на форуме левых сілаў у лістападзе летась. Гэта праграма разьвіцьця Рэспублікі Беларусь да 2020 году. Там прапісаныя сур’ёзныя рэчы — канстытуцыйная рэформа, рэформа кіраваньня, эканамічныя рэчы. Тыя зьмены, якія павінны адбыцца ў Беларусі, каб краіна магла разьвівацца. Мы лічым, што цяпер Беларусь не разьвіваецца і нават ідзе ў тупік.

— Палітыка — гэта ня толькі распрацоўка праграмаў, але і ацэнка таго, што адбываецца. Як «Справядлівы сьвет» ставіцца да расейска-ўкраінскага канфлікту?

— У нас ёсьць заява што да ўкраінскіх падзеяў. Мы вельмі жорстка выступаем за тое, каб вайна спынілася. Мы віталі падпісаньне менскіх дамоўленасьцяў, хоць і разумеем, што па факце яны ня цалкам выконваюцца. Мы выступаем супраць украінскай «партыі вайны», тых, хто хоча працягваць вайну на ўсходзе Ўкраіны, і выступаем супраць такіх жа расейскіх палітыкаў, якія працягваюць гэтую вайну. Мы лічым, што толькі мірным шляхам можна пра нешта дамовіцца. Вайна нічога ня вырашыць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG