Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніка вэртыкалі ў Рагачове судзяць за карупцыю


Сяргей Якаўлеў

Сяргей Якаўлеў

У Рагачоўскім раённым судзе разглядаецца справа па абвінавачваньні ў карупцыі і злоўжываньні службовым становішчам у карысьлівых мэтах былога старшыні райвыканкаму Сяргея Якаўлева.

Паводле абвінавачваньня, у 2010–2013 гадах, будучы першым намесьнікам старшыні райвыканкаму, начальнікам управы сельскай гаспадаркі, Сяргей Якаўлеў выкарыстоўваў сваё службовае становішча, каб зьнізіць выдаткі на будоўлю ўласнага дома. Ён распараджаўся, каб кіраўнікі гаспадарак і прадпрыемстваў прадавалі яму будаўнічыя матэрыялы па заніжаных коштах. Агульная сума шкоды, нанесенай дзевяці мясцовым прадпрыемствам, перавысіла 12800 рублёў.

Тэхніка й людзі, каб рыць катлаван, перавозіць матэрыялы і ўзводзіць сьцены, выкарыстоўваліся без заключэньня дамоваў, аплата не адпавядала абʼёму зробленай працы.

У судзе былы кіраўнік раённай «вэртыкалі» не прызнаў ніводнага пункту з абвінавачаньня: маўляў, на распачатай і няскончанай будоўлі дома няма новых матэрыялаў — блёкі і пліты ўзятыя са старых пабудоваў, якія зносіліся пры навядзеньні парадку на зямлі.

Што да разьлікаў, то іх нібыта вёў знаёмы прараб, які займаўся тэхнічнымі пытаньнямі будоўлі. Якаўлеў казаў, што сам ён, аграном па спэцыяльнасьці, ня ведае тонкасьцяў будаўніцтва.

У судзе дапыталі першых сьведак. Разгляд справы працягваецца.

Кандыдатура саракашасьцігадовага Сяргея Якаўлева была ўзгоднена Аляксандрам Лукашэнкам на пасаду старшыні Рагачоўскага райвыканкаму ў красавіку 2013 году. Да гэтага ў рангу першага намесьніка старшыні райвыканкаму Якаўлеў тры гады ачольваў у Рагачове раённую ўправу сельскай гаспадаркі й харчаваньня.

У верасьні 2015 году пракуратура распачала супраць Сяргея Якаўлева крымінальную справу «Злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі службовай асобай, якая займае адказнае становішча».

Папярэдніка Якаўлева на пасадзе старшыні райвыканкаму Віктара Банчука сьпярша падвысілі — перавялі першым намесьнікам старшыні Гомельскага аблвыканкаму. Але неўзабаве арыштавалі, разам зь яшчэ адным намесьнікам старшыні аблвыканкаму — таксама за карупцыю і злоўжываньне службовым становішчам.

XS
SM
MD
LG