Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Сяргей Грыневіч малюе Ўкраіну, каб прачнулася Беларусь


Мастак Сяргей Грыневіч — пра эўрапейскі гапак Украіны, касьмічны «мусар» зь Беларусі ды цэнзарскія нажніцы ад «мастацтвазнаўцаў у цывільным».

Сяргей Грыневіч наракае, што ягоныя запасьнікі цяпер напаўпустыя — нядаўна завяршылася вялікая пэрсанальная выстава ў гішпанскай Сарагосе, адкуль творы разьляцеліся па прыватных калекцыях. Зрэшты, працы ў папулярнай майстэрні, якая месьціцца ў самым цэнтры старадаўняй Горадні, не залежваюцца пры любым раскладзе — сьмелыя экспэрымэнты майстра вабяць аматараў жывапісу з усіх куткоў сьвету.

Крамлёўская «гуманітарка» і дзень Перамогі

Спадар Сяргей — бадай, адзін зь нямногіх беларускіх мастакоў, хто не цураецца рэпартажнасьці і трымае руку на пульсе геапалітычных падзеяў.

Сяргей Грыневіч

Сяргей Грыневіч

Сярод прыярытэтных тэмаў апошняга году — вайна на ўсходзе Ўкраіны. Адна зь першых рэфлексіяў у гэтым кантэксьце — расейская «гуманітарная дапамога» «свабодалюбнаму Данбасу». Назва і зьмест красамоўныя — «Эшалён»: чыгуначныя плятформы перакідваюць танкі, каб падтрымаць «русский мир», у самаабвешчаныя «дээнэры» ды «элэнэры». Цяпер карціна экспануецца на выставе да... 70-годзьдзя Перамогі ў Вялікай айчыннай вайне:

— Так, гэта я намаляваў дзесьці год таму, калі вайна ва Ўкраіне ўжо ішла поўным ходам. Таму гэта як бы адгалосак тых падзеяў, мая асабістая рэфлексія.

— Наколькі ведаю, карціну ўзялі на выставу да 70-годзьдзя Перамогі?

— Ну, напэўна, палічылі, што з майго боку гэта будзе, як кажуць, меншае зло. Бо тое, што я ім прапаноўваў, было б яшчэ больш радыкальна.

«Эшалён» з «гуманітаркай»

«Эшалён» з «гуманітаркай»

— Ці варта чакаць, што супрацьстаяньне Ўкраіны ваеннай і прапагандысцкай экспансіі Крамля будзе і надалей знаходзіць увасабленьне ў творах мастака?

— Ня ведаю, плянаваць нешта цяжка. Але я і так даволі шмат увасабляю, як бачыце, пэўныя рэфлексіі ўсё ж маюць месца. Дарэчы, у мяне ёсьць адна карціна, якая наўпрост адсылае да тых падзеяў. Яе, дарэчы, дагэтуль ніхто яшчэ ня бачыў....

Гапак у атачэньні зорак Эўразьвязу

«Гапак»: «шпагат» у Эўропу

«Гапак»: «шпагат» у Эўропу

Убачанае сапраўды ўражвае: украінец у нацыянальных шараварах застыў у «шпагаце». Фонам — залатыя зоркі сьцяга Эўразьвязу. Хіба можна выразьней адлюстраваць цывілізацыйны выбар украінскага народу?

— Такая вось нібыта вясёлая карцінка, называецца яна „Гапак“. Ніхто дагэтуль ня бачыў, дый, можа, яшчэ і не пара. Спадзяюся, яе сапраўдны час яшчэ надыдзе...

— То бок Украіна ў вас адназначна эўрапейская?

— Прынамсі хацелася б, каб так сталася. Можа, дасьць прыклад і іншым. Але каб гэтая карціна стала актуальнай, украінцы яшчэ павінны прайсьці вельмі цяжкі шлях, ён для Ўкраіны фактычна толькі пачаўся. То бок гэта, хутчэй, такі аптымізм са сьлязьмі на вачах.

З «Цэнзарскіх нажніц»: «Гарадзенская турма»

З «Цэнзарскіх нажніц»: «Гарадзенская турма»

— А Беларусь бачыце ў эўрапейскіх зорках? Не абавязкова ў танцы — у нейкім іншым выглядзе?

— Не, пакуль што яна там ня бачыцца. Але калі ўдасца Ўкраіне, то, напэўна, гэта будзе добрым арыенцірам у тым ліку і для Беларусі. Хоць, як паказвае досьвед, добрым прыкладам беларусаў асабліва не спакусіш. Скажам, у той жа Польшчы цяпер усё зусім ня кепска — у Эўропе, бадай, адзіная краіна, якая плюсуе. Маю на ўвазе — у эканамічным сэнсе. Паўсюль крызіс, а ў Польшчы збольшага ўсё добра. Але для нашага шырокага грамадзтва нават гэта не пераканаўча, ня вераць.

З «Цэнзарскіх нажніц»: «Працэсія»

З «Цэнзарскіх нажніц»: «Працэсія»

— У Беларусі хіба што адзінкі мастакоў адрэагавалі на падзеі ва Ўкраіне — нават зь ліку тых, хто лічыць сябе праўкраінскім. Чаму?

— Некаторыя баяцца, некаторыя не баяцца. Але ёсьць такая канцэпцыя ў мастакоў, што наўпрост рэфлексаваць — гэта задача журналістаў, публіцыстаў, ня ведаю яшчэ каго. А мастацтва — яно больш шырокае, мастак як бы над бойкай. Хоць у гісторыі мастацтва дастаткова прыкладаў адваротнага стаўленьня, калі мастакі непасрэдна рэагавалі на тую ці іншую падзею. Таму тут такая дыскусія, якая пераможцаў ня мае. Асабіста мне ўсё ж неяк закарцела, і я некалькі карцін „на злобу дня“ намаляваў.

«Дуэль»: новы час, новая «зброя»

«Дуэль»: новы час, новая «зброя»

Крамольная бульба для Масквы і маскалёў

Тым часам на стэндзе вылоўліваю позіркам цэлы шэраг палотнаў з выявай лёгка пазнавальнага эўразьвязаўскага сьцяга. Пра зорны сэрыял — сам аўтар:

«Так, у мяне ёсьць некалькі працаў са сьцягам Уніі Эўрапейскай, досыць правакацыйных. Прыкладам, Напалеон, які сядзіць у сучасным офісным крэсьле на тле гэтага сьцяга. Бо Эўрапейскі Зьвяз — гэта ў пэўным сэнсе тое, чаго Напалеон і дабіваўся. Ці, скажам, Уол-Стрыт Бул: Нью-ёрскі бык, які сымбалізуе агрэсіўную фінансавую палітыку ЗША. Карціна называецца „Выкраданьне Эўропы“ — іхні „Бул“ замахнуўся на нашу Эўропу».

Напалеон Эўразьвязу

Напалеон Эўразьвязу

Творчасьць Сяргея Грыневіча даўно на адмысловым уліку ў байцоў нябачнага фронту. Ня так даўно мастака фактычна абвінавацілі ў спробе «ўбіць клін» у братэрскія адносіны народаў Беларусі і Расеі. Так, пад цэнзарскія нажніцы трапіла карціна пад назвай «На Москву»: усю прастору на палатне займае трактарны прычэп, з коптарам нагружаны адборнай бульбай і адрасам атрымальніка на борце. Што пільныя ідэолягі знайшлі крамольнага?

«На Москву»: крамольная бульба

«На Москву»: крамольная бульба

— Што крымінальнага? Самае цікавае, што я нічога нават не прыдумляў. Калісьці езьдзіў на радзіму, а побач з нашым пасёлкам ёсьць вёска Ендрыхоўцы, дзе, дарэчы, нарадзіўся знакаміты мастак Станіслаў Жукоўскі. Была акурат восень, і там стаялі прычэпы, на якіх крэйдай было выведзена — „На Москву“. Пэўна, потым гэтую бульбу везьлі на чыгуначную станцыю ў Ваўкавыск, каб адправіць у Маскву ці ў Піцер. Бульба, мабыць, была адборная, але там гэта не адзначалі. Быў толькі канцавы адрас. Так што я тут нічога не прыдумаў.

— Той выпадак, калі рэалізм не прайшоў дзяржпрыёмку?

— На мінулым зьезьдзе мастакоў ладзілася вялікая зборная выстава: сябры саюзу маглі выставіць у Палацы мастацтваў па адной карціне. Спачатку яе нават прыладзілі на „алтарнай сьцяне“, але потым усё ж вырашылі павесіць у куточку, у залі дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. Урэшце прыйшла дэлегацыя „мастацтвазнаўцаў“ у цывільным на чале з намесьнікам міністра культуры і заявіла: альбо вісіць карціна, альбо выставы, а заадно і самога саюзу, ня будзе. Так што шырокая грамадзкасьць карціны не пабачыла. Хоць і ня ведаю, што тут такога: выклаў яе ў Фэйсбуку, і былі толькі станоўчыя водгукі. У тым ліку і з Расеі, у мяне там шмат знаёмых.

«Краявід з ручніком» дзяржаўнага значэньня

Made in Belarus: «Касьмічны «мусар»

Made in Belarus: «Касьмічны «мусар»

На асабістай старонцы ў Фэйсбуку Сяргей Грыневіч вымушаны быў стварыць адмысловую тэчку, якая так і называецца — «Цэнзарскія нажніцы». Яе зьмесьціва прырастае як сьвежымі працамі, так і тымі, якія ідэалягічныя куратары пераасэнсавалі на новы лад. Кандыдат у чорны сьпіс яшчэ на стадыі задумы — постмадэрнісцкі «Касьмічны «мусар»:

«Гэта такі постмадэрнісцкі сьцёб, карціна называецца «Касьмічны „мусар“. Зразумела, тут найперш гульня словаў. З аднаго боку, глябальная праблема — засьмечваньне касьмічнай прасторы. Зь іншага — новы „элемэнт“ на арбіце, супрацоўнік МУС, на жаргоне — „мусар“. У гэтай форме іх часьцяком называюць „касманаўтамі“, калі яны выходзяць на свае „спэцзаданьні“. Дык вось, мала таго, што „касманаўт“, дык яшчэ і „мусар“. Так што ўсё адно да аднаго: чаўнок „Буран“ пазбавіўся ад „мусара“ на іншаземнай плянэце і адляцеў, пакінуўшы інвэрсійны сьлед. Тут ужо элемэнт жывапіснасьці, як жа без прыгажосьці?»

Іншая праца на сілавую тэматыку — «Ластаўка», таксама з калекцыі «Цэнзарскіх нажніцаў». Суразмоўца кажа, што ўвасоблены вобраз — з рэальнага жыцьця:

«Такая вось праца з кайданкамі, „Ластаўка“ называецца. „Натхніўся“, калі мой знаёмы Пеця Новікаў трапіў пад міліцэйскую „раздачу“ і яго ў аддзяленьні „выхоўвалі“ менавіта так. Гэта так па-іхняму, пяшчотна „ластаўкай“ называецца».

«Ластаўка»: не сьпявае, але стогне

«Ластаўка»: не сьпявае, але стогне

А вось дзяржаўны сьцяг Беларусі, але ў чорна-шэрых тонах — гэта, аказваецца, «Краявід з ручніком». І праўда: у такім варыянце выглядае зусім арганічна, рыхтык прадукцыя Аршанскага льнокамбінату:

«Краявід з ручнікамі»

«Краявід з ручнікамі»

— Так, „Краявід з ручніком“. Ну а што, не ручнік? Самы натуральны, усё па-чэснаму...

— Ці рэальна дзе-небудзь выставіцца з такім „ручніком“? Казалі, што акурат рыхтуецца выстава ў Горадні.

— Вось пакуль думаю. Прынамсі, у Фэйсбуку — рэальна, пакуль яшчэ спадар Цукербэрг не забаніў. Калі сур’ёзна — ня ведаю. Але хутка спраўдзім. Хачу днямі падыйсьці да арганізатараў, каб у выпадку чаго быў час на замену. Бо так, яна ў пляне, але калі раптам „засякуць“, каб была магчымасьць выставіць нешта іншае.

З наведнікамі майстэрні

З наведнікамі майстэрні

«Фэстываль»: танцы за кратамі

Апроч звыклага жывапісу алеем на палатне, спадар Сяргей практыкуе росьпіс па шкле. Некаторыя працы вытрыманыя ў стылістыцы, якой філігранна валодае ягоны менскі калега Ўладзімер Цэсьлер:

Росьпіс па шкле

Росьпіс па шкле

«Толкам ня ведаю, куды гэта прыстроіць, але час ад часу раблю карцінкі на шкле. Вось, прыкладам, называецца „Рубай“ (RU — BY). Таксама гульня словаў з расейскай, гэта пра нашу „нерушымую дружбу“. Думаю, такое можна несьці, не „зарубаюць“. Увогуле напрошваецца нават сэрыя — з чорна-белага і чырвона-белага. Яшчэ з гэтай опэры: рэгістрацыйны нумар. Хто ў аўтамабільнай тэматыцы, асабліва тлумачыць ня трэба. Нулі — гэта значыць круты. Апошні нуль — гэта міліцыя. Увогуле ў нас сем рэгіёнаў зь лічбамі ад 1 да 7, а нуль аддалі сілавікам. Адпаведна, найкруцейшы нумар у краіне павінен быць у міністра ўнутраных спраў: 00 00 ОО-0. Гэта ўжо проста космас, самае крутое, што можа быць. Пакуль таксама не выстаўлялася, патрэбна нейкая нагода».

На закуску — фэерычная карціна «Фэстываль». З аднаго боку, можа быць працягам сэрыі пра службу, якая «и опасна, и трудна», зь іншага — напрошваецца аналёгія пра танцы за кратамі: весялімся, але ў рамках дазволенага.

«Фэстываль»: танцы пад кантролем

«Фэстываль»: танцы пад кантролем

Сам Сяргей Грыневіч кажа, што запазычыў сюжэт з гарадзенскага Фэстывалю нацыянальных культур, але «рамачнасьць» імпрэзаў — справа звыклая для ўсёй краіны:

«Фэстываль нацыянальных культур — гэта тое, што, як і ў выпадку з прычэпам „На Москву“, бачыў на ўласныя вочы. Вядома, рэч збольшага рэпартажная, але ж прыгожа, праўда? Людзей на першым пляне, думаю, „калегі“ пазнаюць. Праца, якая кранае, абагравае сваёй значнасьцю. На заднім пляне, дарэчы, Дзяржаўны ансамбль танцу Рэспублікі Беларусь. Але такое можна ўбачыць паўсюль — быў у Полацку, дык тое ж самае. Як пісаў хлопцаў? Па памяці (сьмяецца). Было некалькі фатаздымкаў, некаторыя моманты трэба было адлюстраваць дакумэнтальна. Той, які ў цэнтры, — проста з галавы. А тыя, што справа-зьлева — гэта ўжо пэрсанажы канкрэтныя. Але тут нюансы ня так важныя, галоўнае — вынік...»

Сяргей Грыневіч нарадзіўся ў 1960 годзе ў пасёлку Краснасельскім Ваўкавыскага раёну. Расказвае, што ад раньняга дзяцінства не сумняваўся ў выбары прафэсіі і пасьля Рэспубліканскай школы-інтэрнату імя Ахрэмчыка паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся на аддзяленьні манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва. Працуе ў розных манумэнтальна-дэкаратыўных тэхніках (фрэска, вітраж, росьпіс і г. д.), займаецца станковым жывапісам. Сябра Беларускага саюзу мастакоў. Карціны захоўваюцца ў шматлікіх прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой. Сам майстар бачыць сябе на памежжы традыцыйнага і сучаснага мастацтва, яго цікавяць аптычныя эфэкты, дынаміка, але больш за ўсё — колеры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG