Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады патрабуюць выдачы з Украіны былога сябра «Талакі» Сяргея Нехамеса (Горбіка)


Сяргей Горбік (былое прозьвішча Нехамес), выдачы якога з Украіны патрабуе Беларусь, у канцы 1980-х гадоў быў актыўным сябрам моладзевай адраджэнскай арганізацыі «Талака». «Ён быў у нас галоўным кніганошам, дапамагаў распаўсюджваць беларускія кнігі», — згадваюць талакоўцы пра менчука Сяргея Нехамеса, які на пачатку 2000-х гадоў зьехаў ва Ўкраіну.

Пазьней Сяргей атрымаў статус уцекача, узяў прозьвішча маці — Горбік. На старонцы ў Фэйсбуку Сяргей Горбік называецца протаярэем, кіраўніком прэсавага цэнтру Хмяльніцкай япархіі Ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату. На фатаздымку Сяргея Горбіка можна пабачыць у расе разам з удзельнікамі антытэрарыстычнай апэрацыі.

У мінулую суботу Шаўчэнкаўскі раённы суд Львова пастанавіў зьмясьціць Сяргея Горбіка пад хатні арышт на час, пакуль будзе вырашацца пытаньне аб яго экстрадыцыі на запыт беларускіх уладаў. Беларуская пракуратура нібыта падазрае айца Сяргея Горбіка ў махлярстве. У інтэрнэце ўжо зьявіліся допісы, што насамрэч Сяргей Горбік да Ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату ня мае дачыненьня. Ці гэта так?

Карэспандэнт Свабоды стэлефанаваўся з уладыкам Антоніем, які ўзначальвае Хмяльніцкую япархію гэтай царквы. Ён пацьвердзіў, што беларускія ўлады патрабуюць выдачы айца Сяргея Горбіка і што цяпер той пад хатнім арыштам у Львове, дзе жыве разам зь сям’ёй. Таксама ўладыка Антоні паведаміў, што Сяргей Горбік сапраўды кіруе прэсавым цэнтрам япархіі, але заробку за сваю працу не атрымлівае, а працуе на грамадзкіх асновах. Уладыка Антоні ахарактарызаваў Сяргея Горбіка як чалавека і выказаўся наконт падазрэньняў беларускай пракуратуры ў махлярстве, якія інкрымінуюць беларусу.

Маё меркаваньне — што гэта проста палітычны перасьлед, нічога іншага

«Ён з тых, з кім бы я пайшоў у выведку. І ня раз хадзіў, калі мы езьдзілі на ўсход, дзе ў нас адбываюцца вайсковыя дзеяньні. Ён са мной туды езьдзіў і служыў. На гэты конт у мяне адносна яго характарыстыка толькі станоўчая. Сяргей — былы аўганец, ён мае ордэн Чырвонай зоркі. Ягоны БТР гарэў, і ён застаўся адзіны жывы. Цяпер, калі быў са мной на ўсходзе, ён ня раз на фронт уцякаў, хоць я прасіў яго гэтага не рабіць, бо і так хапала працы. Ён на фронце шмат каго зь беларусаў ведае, знаёмы з праваабаронцамі зь Беларусі, зь беларускімі апазыцыянэрамі-ўцекачамі. Маё меркаваньне — што гэта проста палітычны перасьлед, нічога іншага. Пра тое, што яму інкрымінуюць махлярства, мне казала ягоная адвакатка, якая дапамагла дамагчыся хатняга арышту, інакш бы яго ўжо экстрадзіравалі. Але якое можа быць махлярства — гэта ж вельмі сьціплы і просты чалавек, у ягонае махлярства я ня веру. Паводле характару ён крыху няўжыўчывы, складаны, гэта ёсьць, але нам заўсёды ўдавалася зь ім добра кантактаваць. Трэба зрабіць усё, каб яго ў Беларусь не выдавалі, бо мы ведаем, што такое беларуская турма», — сказаў уладыка Антоні.

Справа на Сяргея Нехамеса ( цяпер Горбіка) нібыта была заведзеная яшчэ на пачатку 2000-х гадоў. Сам Сяргей Горбік, паводле агенцтва Інтэрфакс-Украіна, мяркуе, што перасьлед зьвязаны зь ягонай грамадзка-палітычнай дзейнасьцю і крытычнымі выказваньнямі на адрас беларускіх уладаў, а непасрэднай прычынай перасьледу стала кніга «Беларускі супраціў», напісаная ў суаўтарстве на пачатку 2000-х гадоў.

«Ніхто мяне не чапаў да 2006 году, калі выйшла кніга „Беларускі супраціў“. Праз паўгода, калі па кнізе быў зьняты фільм, да мяне прыехалі прадстаўнікі Беларусі і сказалі, што хочуць узяць у мяне паказаньні як у сьведкі», — цытуе Інтэрфакс-Украіна Сяргея Горбіка, які дадаў, што «празь некалькі гадоў ён са сьведкі ператварыўся ў абвінавачанага». Цяпер зьвязацца зь Сяргеем Горбікам не ўдаецца — на запыты ў Фэйсбуку ён не адказвае.

Чаму справе аб экстрадыцыі айца Сяргея Горбіка далі ход толькі цяпер?

Паводле ўладыкі Антонія, колішнія прэтэнзіі беларускай пракуратуры да Сяргея Горбіка сталі падставай для цяперашняй працэдуры экстрадыцыі ў выніку таго, што Горбік ажаніўся і страціў статус уцекача, які атрымаў па прыезьдзе ва Ўкраіну. Ён нібыта разьлічваў атрымаць грамадзянства Ўкраіны праз шлюб. Ці ўдалося гэта зрабіць? Паводле аднаго зь сяброў Сяргея Горбіка ў Беларусі, які прасіў яго не называць, украінскага грамадзянства ён так і не займеў, і толькі цяпер ягоны адвакат спрабуе дапамагчы «хатняму арыштанту» атрымаць нейкі статус, каб лягчэй бараніцца ад экстрадыцыі.

У якім менавіта махлярстве падазраюць Сяргея Горбіка? Крыніца, якая прасіла яе не называць, згадвае гісторыю пра нейкі грант, атрыманы беларускай грамадзкай арганізацыяй у адной з замежных амбасадаў. Пацьвердзіць гэтыя зьвесткі не ўдалося. У пракуратуры Беларусі інфармацыю пра Сяргея Горбіка (Нехамеса) увогуле не камэнтуюць.

Як стала вядома, падчас працэсу ў Шаўчэнкаўскім судзе Львова Сяргею Горбіку стала блага, былі падазрэньні на інсульт, якія не пацьвердзіліся. «Так, Сяргей Горбік застаецца ў цяжкім стане што да здароўя», — паведаміў Свабодзе ўладыка Антоні.

Адвакат Сяргея Горбіка Алена Кісь дала інтэрвію, у якім настойвае, што падаплёка справы — цалкам палітычная. «Наяўнасьць шэрагу дакумэнтаў, якія маюцца ў яе распараджэньні, у тым ліку пасьведчаньне пра міжнародны шлюб, узяты ў Украіне ў 2003 годзе, а таксама бестэрміновая даведка на сталае месца жыхарства, якая была выдадзеная ў 2011 годзе, сьведчаць аб тым, што на момант выдачы гэтых дакумэнтаў беларускі бок ня меў прэтэнзіяў да сьвятара», — напісаў пра пазыцыю адваката Сяргей Горбік у ліставаньні з карэспандэнтам Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG