Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля Расеі працаўладкавацца ва Ўкраіне наўрад ці ўдасца», — «галяндзкі кашмар» Сяргей Герасімец, закладнік футболу і палітыкі


Сяргей Герасімец
Сяргей Герасімец

Легендарны беларускі футбаліст Сяргей Герасімец, які нарадзіўся ў Кіеве, а цяпер працуе ў Расеі, даў шчырае інтэрвію Свабодзе.

Праз тыдзень, 7 кастрычніка, у рамках адборачнага турніру да чэмпіянату сьвету-2018 зборная Беларусі па футболе выправіцца ў Галяндыю.

І спэцыялісты, і заўзятары чакаюць ад выхаванцаў Аляксандра Хацкевіча калі ня цуду, то годнай гульні. Распачаты з ініцыятывы кіраўніка дэпартамэнту маркетынгу і камунікацыяў Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімера Беражкова рэбрэндынг «каманды пад белымі крыламі» родзіць аптымізм: хатняе супрацьстаяньне зь віцэ-чэмпіёнамі Эўра-2016, французамі, скончылася нічыёй, а ў таварыскай сустрэчы з нарвэжцамі ўдалося здабыць перамогу.

Досьвед удалага выступу супраць «аранжавых» ужо ёсьць. У 1995 годзе зборная Беларусі на менскім стадыёне «Дынама» сэнсацыйна перайграла безумоўных фаварытаў групы, і тое дасягненьне дагэтуль застаецца адным з самых гучных у гісторыі беларускага футболу. А Сяргей Герасімец, аўтар адзінага мяча ў вароты ван дэр Сара, стаў кумірам заўзятараў.

Тым часам як Беражкоў і кампанія заклікаюць разам заўзець за беларусаў у абноўленым Палацы спорту «Ўручча», Радыё Свабода адшукала галоўнага героя матчу ўжо больш як 20-гадовай даўнасьці.

«Будучая жонка паказала, у якія вароты забʼю галяндцам»

Сяргея Герасімца ўдалося вызваніць у Хэльсынкі — тут яны з жонкай Тацянай адзначаюць 20 гадоў сумеснага жыцьця. Апошнія гады Герасімцы жывуць у Санкт-Пецярбургу, у іх двое дзяцей — блізьняты Тацяна і Аляксандар. У канцы 1990-х Сяргей на пазыцыі паўабаронцы гуляў за мясцовы «Зэніт», потым трэніраваў некаторыя каманды, цяпер кіруе клюбам «Юніёр».

— Сяргей, дык можна павіншаваць з круглай датай? 20 гадоў разам, — гэта, як любяць казаць у Беларусі, ужо прыкмета стабільнасьці.

— Так, акурат сёньня (запіс быў 28 верасьня — РС). Праўда, нешта так і не ўзгадалі ЗАГС у Менску, дзе расьпісваліся, нібыта ў Ленінскім раёне. Але здарылася менавіта ў гэты дзень 20 гадоў таму. Хочацца спадзявацца, што гэта толькі пачатак (сьмяецца).

Пяшчотныя пачуцьці і праз 20 гадоў
Пяшчотныя пачуцьці і праз 20 гадоў

— Праз тыдзень Беларусь згуляе другі групавы матч, супернікам — добра знаёмыя вам Нідэрлянды. Так склалася, што ў беларускіх аматараў футболу любая геаграфічная адсылка да Галяндыі аўтаматычна асацыюецца з прозьвішчам Герасімца. Ня крыўдна, што пры досыць працяглай карʼеры вас успрымаюць як героя адной гульні?

— Не, ня крыўдна. Я з разуменьнем да гэтага стаўлюся, хоць перамогу зрабіла ўся каманда на чале зь Сяргеем Уладзімеравічам Бароўскім. Пагадзіцеся, чаго б быў варты той гол, каб мы гульню ўрэшце прайгралі? Але як матч выйгралі, то і гол, і сама перамога над супернікам такога ўзроўню набылі асаблівую каштоўнасьць.

Зрэшты, ёсьць некалькі цікавых фактараў, пра якія цяпер мала хто і памятае. У той год лепшым футбалістам Беларусі быў прызнаны Валік Бялькевіч, а я быў першым у гэтым сьпісе двума гадамі раней. Тым ня меней памятаюць як аўтара менавіта мяча ў вароты галяндцаў. Ну што тут можна сказаць? Для мяне прыемна, што людзі памятаюць, гэта самае галоўнае. І чым больш яны будуць памятаць і гол, і мяне, і маю гульню, напэўна, у гэтым і будзе той глыбокі сэнс, дзеля якога і варта гуляць, жыць, працаваць. Мне гэта сапраўды прыемна, ніякіх іншых эмоцыяў няма.

Срэбныя мэдалі і кубак «Юніёра» ў надзейных руках
Срэбныя мэдалі і кубак «Юніёра» ў надзейных руках

— Нашым слухачам і чытачам прызнаюся, што мы з вашай жонкай — аднакурсьнікі па журфаку. Дык вось яна кажа, што «напрарочыла» гол ван дэр Сару — маўляў, седзячы за пару дзён да гульні на стадыёне, сказала, у якія вароты вы забʼяце...

— Усё было менавіта так (сьмяецца). Тады мы, праўда, яшчэ не былі расьпісаныя, але яна пранесла праз усю маю карʼеру ўласнае жыцьцё, каханьне. Любоў і да мяне, і да футболу, да ўсяго, што нас суправаджае. Я нават не магу сказаць, што яна заўзела і нешта прадказвала, яна проста гуляла са мной на футбольным полі. Таму так і адбылося. Бо жыла маім жыцьцём і тады, і жыве дагэтуль.

Жонка на трыбуне — на ўдачу
Жонка на трыбуне — на ўдачу

— Абсалютна футбольны чалавек, калі ў кантэксьце вашага жыцьця...

— Яна мой чалавек, а значыць — футбольны (сьмяецца).

«Кожны мае права падтрымліваць каманду сваім сьцягам»

— Сяргей, ці сочыце за тым, што цяпер адбываецца вакол зборнай Беларусі? Рэбрэндынг па матывах «белых крылаў» Уладзімера Караткевіча, новая форма з элемэнтамі традыцыйнага арнамэнту, адкрытыя трэніроўкі з запрашэньнем заўзятараў. Такое адчуваньне, што ўпершыню галоўная каманда стала зразумелай людзям, нават ня надта блізкім да футболу...

— Мне цяжка сказаць, якая была сытуацыя, найперш псыхалягічная, пры іншых трэнэрах — пры тым жа Кандрацьеву. Але, напрыклад, у мой час крыху не хапала амбіцыяў з боку самой фэдэрацыі. То бок не акрэсьлівалі рэальных задач, што адчувалі і футбалісты. А я лічу, што беларусы павінны ставіць перад сабой максымальныя мэты. Таму зьяўленьне Хацкевіча на чале зборнай абсалютна дарэчы. Гэта амбітны чалавек, які пазнаў радасьць вялікіх перамог, выступаў на самым высокім узроўні — дарэчы, у маёй роднай камандзе (Герасімец — выхаванец кіеўскага «Дынама». — РС). Складаецца адчуваньне, што ягоная пазыцыя і пазыцыя фэдэрацыі нарэшце супадаюць, таму пэўна, што задачы, якіх раней не было, гэтым разам перад камандай ставяцца. Прынамсі, пра іх пачалі гаварыць, а значыць, гэта адчулі і футбалісты. Тыя гульні, якія я бачыў, асабліва супраць Францыі, сьведчаць, што хлопцы гуляюць ня толькі нагамі, а і сэрцам. Глядзець на гэта вельмі прыемна.

Герасімцы: дзьве Тацяны
Герасімцы: дзьве Тацяны

— А што тычыцца спадарожнага антуражу?

— Шчыра кажучы, на лёзунгі зьвяртаю ўвагу ў апошнюю чаргу, пакуль не магу толкам зразумець сэнсу «пад белымі крыламі». Але прыемна, што запаўняюцца трыбуны, а футбалісты цалкам пакідаюць сябе на футбольным полі. Гэта самае галоўнае. Калі зьмены ў антуражы таму паспрыялі — выдатна. Так, перад матчам з французамі кінулася ў вочы новае афармленьне, элемэнты арнамэнту. Чаму не? Падкрэсьлівае гісторыю, «народнасьць» каманды. Гэта важна, але ўсё ж не галоўнае. Галоўнае, каб футбалісты выходзілі з адной думкай: аддаць усяго сябе перамозе. Менавіта на гэтым павінна будавацца праца і фэдэрацыі, і галоўнага трэнэра — прышчапіць зборнай баявы дух, будаваць і захоўваць лепшае. Дарэчы, хацеў бы адзначыць, што падабраўся вельмі добры склад. Для мяне ня тое што сюрпрыз, але добры знак. Паглядзеў на хлопцаў, якіх выклікае Хацкевіч, дык практычна ўсе гуляюць у моцных клюбах. Нават зь беларускага чэмпіянату гульцы толькі з БАТЭ. Таму гэтыя фактары таксама сьведчаць: пара ўжо беларускай камандзе на нешта сурʼёзнае прэтэндаваць. Ва ўсялякім разе, буду за іх перажываць.

Аляксандар, сын Сяргея і Тацяны, задаткі мастака
Аляксандар, сын Сяргея і Тацяны, задаткі мастака

— Сяргей, у першай палове 1990-х, калі пачыналася ваша карʼера ў зборнай, бел-чырвона-белы сьцяг быў дзяржаўным атрыбутам, пад ім выступала і каманда. Потым быў зацяжны пэрыяд перасьледу за сымболіку, але сёлета настала «адліга». Падчас матчу Беларусь — Францыя на «Барысаў Арэне» ўпершыню за 20 гадоў міліцыя не затрымлівала заўзятараў за герб «Пагоня» і нацыянальныя сьцягі...

— Думаю, што гэта правільна, кожны мае права падтрымліваць каманду так, як лічыць патрэбным. Галоўнае, каб не было «перагібаў» у заўзеньні, каб была нармальная падтрымка зборнай без абразы суперніка, без экстрэмізму, каб не было гвалту ў адносінах да заўзятараў іншай каманды. Самае важнае, каб на трыбунах было сьвята для ўсіх. А як ты будзеш падтрымліваць, пад якім сьцягам — гэта ня мае асаблівага значэньня. Абы такая падтрымка не выходзіла за рамкі спартыўнага духу.

«Украіна была, ёсьць і назаўжды застанецца ў маім сэрцы»

— Бальшыня заўзятараў нават не сумняецца ў вашай беларускасьці, тым больш што на беларускі пэрыяд прыпалі найбольш плённыя гады футбольнай карʼеры. Развал Саюзу даў права выбару, дзе жыць і колеры якой каманды абараняць. Але паводле паходжаньня вы ўсё ж украінец?

— А як жа? Канечне, тут нават без пытаньняў. Тое, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне, — гэта і боль, і смутак, вельмі цяжка ўсё перажываю. Дарэчы, мой сын Сяргей ад першага шлюбу таксама гуляе, выступае за футбольную каманду «Верес», якую ў Роўне называюць няйначай як «народным клюбам». Футбол абʼядноўвае, там сапраўды футбольны бум, заўсёды поўныя трыбуны... Канечне, хацелася б, каб сытуацыя нарэшце нармалізавалася. І футбол, напэўна, як ніводзін іншы сацыяльны праект, спрыяе і служыць нармалізацыі вось гэтага жыцьця. Хацелася б, каб вялікі футбол вярнуўся і ў Данецк, і ў Луганск, і ўва ўсе іншыя куткі Ўкраіны. Каб людзі спакойна хадзілі і атрымлівалі асалоду ад гульні любімай каманды. Мне гэтага хацелася б найбольш.

У перапынках паміж трэніроўкамі — раздача інтэрвію
У перапынках паміж трэніроўкамі — раздача інтэрвію

— Як самі ацэньваеце: наколькі зацяжны гэты канфлікт?

— Пэўныя пробліскі нармалізацыі ёсьць. Прынамсі, спадзяюся, што бліжэйшым часам сытуацыя ўсё ж зьменіцца да лепшага, нарэшце пачнецца мірнае жыцьцё. Гэтага ўсе хочуць, людзі стаміліся ад гэтых канфліктаў. Калі ўжо пра сваё, то сытуацыя вельмі моцна ўплывае і на ўкраінскі футбол. Тыя ж данецкі «Шахтар» і луганская «Зара» ўвогуле незразумела, на якім сьвеце і каму належаць. Два вядучыя ўкраінскія клюбы, якія выступаюць у эўракубках, ня маюць магчымасьці гуляць дома, на сваіх стадыёнах. Дзе яшчэ, у якой краіне такое можна сабе ўявіць? Многія іншыя каманды, спартоўцы пакутуюць ад гэтага. Бо футбол, як і іншыя сфэры, моцна залежыць ад палітыкі, ад таго, наколькі хутка жыцьцё ўвойдзе ў нармальнае рэчышча.

З вэтэранамі «Зэніту»
З вэтэранамі «Зэніту»

— Якая сваяцкая повязь з Украінай? Пра сына ўжо казалі...

— Мая мама жыве ў Кіеве, родны брат таксама, там жа дзеці ад першага шлюбу. Пад Кіевам у мяне ёсьць дом. Мінімум раз на год туды ежджу, апошні раз быў сёлета ў ліпені. У кастрычніку зноў зьбіраюся паляцець, бо «Верес», за які гуляе сын, прымае ў Кубку Ўкраіны «Ворсклу», самому вельмі цікава паглядзець на гэтае супрацьстаяньне. Калі атрымаецца, то абавязкова буду там.

— Як самі ацэньваеце ўзровень Герасімца-малодшага? Радуе сын бацьку?

— Радуе найперш тое, што ён нарэшце трапіў у добрую каманду да добрага трэнэра. У першай лізе «Верес» цяпер ідзе другім, рэальна прэтэндуючы на падвышэньне ў клясе. А яшчэ больш цешыць, што на хатнія гульні зьбіраецца поўны стадыён. Я сам любіў гуляць для заўзятараў, заўсёды лічыў, што футбол існуе для тых, хто яго любіць і разумее. Таму вельмі важна, калі прыходзіць шмат гледачоў.

Сяргей Герасімец, гульнявыя гады
Сяргей Герасімец, гульнявыя гады

— Як «разрываецеся» паміж заўзеньнем за Ўкраіну, Беларусь, а з улікам жыцьця і працы ў Санкт-Пецярбургу, мабыць, яшчэ цікавяць і вынікі Расеі?

— Такі вось «бэрмудзкі трохкутнік» (сьмяецца)... Для мяне Ўкраіна заўсёды была, ёсьць і будзе на першым месцы. Як бы для кагосьці крыўдна гэта ні гучала, але гэта мая Радзіма...

«Хутчэй вярнуся ў Беларусь, чым мяне прымуць ва Ўкраіне»

— Ці чулі пра ініцыятыву некаторых клюбаў стварыць Прафэсійную футбольную лігу Беларусі? То бок адысьці ад апекі фэдэрацыі і ў пэўным сэнсе перайсьці на гаспадарчы разьлік. Ці сасьпела футбольная гаспадарка для такога кроку? І галоўнае, ці пацягнуцца на трыбуны людзі, як ва Ўкраіне?

— Зноў жа, усіх нюансаў ня ведаю, але думаю, што гэта правільныя крокі, правільныя рашэньні для беларускага футболу. Тым ня меней, думаю, што ў Беларусі цяжка будзе прыцягваць гледачоў, бо найлепшыя футбалісты пастаянна зьяжджаюць за мяжу, найперш у Расею. Іх і так абʼектыўна няшмат, таленавітых хлопцаў, а пастаянны адток зусім не спрыяе таму, каб падтрымліваць на высокім узроўні глядацкі інтарэс. Хоць пры гэтым лічу, што Беларусь для футболу — ідэальная краіна. І адлегласьці паміж гарадамі невялікія, і стадыёны хай сабе ня самыя сучасныя, але ёсьць. Зрабіць чэмпіянат дабротнага ўзроўню цалкам магчыма.

З выхаванцамі клюбу «Юніёр»
З выхаванцамі клюбу «Юніёр»

— Некаторыя спэцыялісты крытыкуюць спаўзаньне ўзроўню чэмпіянату ўніз — бо зьяўляюцца клюбы, якія існуюць на энтузіязьме і маюць аматарскую псыхалёгію, гатовыя гуляць ледзь не бясплатна. Маўляў, канчаткова зьнікае канкурэнцыя, якой і без таго было няшмат.

— Таксама складана сказаць, бо я даўно не глядзеў гульні беларускага чэмпіянату. Назіраю, толькі калі БАТЭ гуляе ў Лізе чэмпіёнаў ці «Дынама» ў Лізе Эўропы. Але раз гэтыя каманды прабіліся ў Вышэйшую лігу беларускага чэмпіянату, значыць, такі ўзровень. Яны ж не зялёную карту атрымалі, а трапілі дзякуючы спартыўным вынікам. Таму варта адзначыць, што пэўная праца вядзецца, маюць кваліфікацыю і футбалісты, і трэнэр. Проста так ніхто нікуды не праходзіць. Іншая справа, што беларускія традыцыі трэба адраджаць. Мяне, прыкладам, зьдзіўляе, на якіх задворках цяпер магілёўскі «Днепр», дзе гарадзенская каманда, дзе «Гомель», дзе «Віцебск»? Вось гэтыя рэчы мяне зьдзіўляюць, бо гэта ж гісторыя беларускага футболу! Гэтыя каманды павінны быць у вышэйшай лізе, павінны гуляць для людзей. Куды народу падацца? А гэта ж месцы, дзе і ёсьць сапраўдная беларуская гісторыя футболу. Тое самае, дарэчы, і адносна менскага «Дынама»: даўно пара змагацца за чэмпіёнства. А то гляджу — 20 ачкоў адрыву ад БАТЭ, ну як такое можа быць? Дзе амбіцыі, дзе імкненьне стаць найлепшай камандай? Калі яны апошні раз чэмпіёнамі былі? Проста бянтэжыць.

Разбор палётаў
Разбор палётаў

— Сяргей, цяжка загадваць наперад, але Піцер — усё ж часовае прыстанішча ці ўжо сталае? Могуць у біяграфіі зьявіцца іншыя гарады? Або вяртаньне ў Беларусь, ці на гістарычную радзіму ва Ўкраіну?

— Піцер? Ну, так склалася. Час бяжыць, сьвяткуем з Тацянай 20 гадоў жыцьця, а адчуваньне, што ўсё праляцела як адзін дзень. Самі не перастаём зьдзіўляцца, наколькі хутка і дынамічна ўсё адбываецца. Галоўнае, быць запатрабаваным. Працы цяпер шмат, яна розная — і футбольная, і трэнэрская, і выкладчыцкая. Пакуль гэта Піцер, а як далей — хто ведае (сьмяецца). Мяне некалі ў Беларусі «чалавекам сьвету» называлі, вы ж самі адзначалі, колькі ёсьць зборных — Беларусь, Украіна, Расея — з усімі я тым ці іншым чынам зьвязаны. Таму ўсё можа быць, я адкрыты і не выключаю, што і ў Беларусі яшчэ ўдасца папрацаваць, і ў іншых краінах...

«Бацькі пакінулі дом пад Кіевам, ёсьць запасны пляцдарм»

— Чаму выключаеце Ўкраіну?

— Што тычыцца Ўкраіны, сказаць складана. Ва Ўкраіне спэцыфічнае стаўленьне да людзей, якія маюць адносіны да Расеі, у любым выглядзе. Таму наўрад ці мне прапануюць там месца працы. А ўсё астатняе — цалкам магчыма. Самае галоўнае: жаданьня, сілы, энэргіі — зь лішкам. Таму не выключаю, што іншыя месцы яшчэ зьявяцца.

— То бок у Кіеве вас абвінавачваюць, што працуеце на футбольную сыстэму Расеі?

— Такіх абвінавачаньняў няма, але трэба лічыцца з рэаліямі. Гэты канфлікт паміж Украінай і Расеяй прывёў да таго, што я, напрыклад, спакойна прыехаць на радзіму ўжо не магу. Няважна, у аэрапорце ці на аўтапераходзе, але пытаюцца: а ў вас ёсьць запрашэньне? Гэта мне, чалавеку, які нарадзіўся ва Ўкраіне, які любіць гэтую краіну, у якога там маці жыве, нешта пытаць пра запрашэньне? Ад каго мне патрэбна запрашэньне, каб паехаць на радзіму? Да якога абсурду даходзіць...

Але факт, што людзі ставяцца вельмі нэгатыўна да тых, хто жыве ў Расеі. Многія выказваюцца публічна. Скажам, трэнэр «Зары» Юра Вернідуб, чалавек, зь якім мы разам гулялі ў адной камандзе, наўпрост кажа, што ніколі ў жыцьці не паедзе працаваць у Расею. І такія антырасейскія настроі ва Ўкраіне досыць моцныя. Таму я рэальна гляджу на тое, што працаваць ва Ўкраіне, напэўна, мне ўжо не давядзецца. Што тычыцца таго, каб там жыць? Складана сказаць, паглядзім. Мне бацькі пакінулі дом пад Кіевам, у цудоўным месцы. У гэтым сэнсе — магчыма. Пакуль больш рэальнай выглядае магчымасьць у Беларусі. Чаму, скажам, не зрабіць менскае «Дынама» чэмпіёнам краіны?

Карысная парада па ходу сустрэчы
Карысная парада па ходу сустрэчы

— А ў Расеі няма насьцярожанага стаўленьня да таго, што вы з Украіны?

— Дык у Расеі лічаць, што я зь Беларусі. Бальшыня людзей у Піцеры перакананыя, што я беларус. Ня ведаю, з чым гэта канкрэтна асацыюецца, але для многіх становіцца нечаканасьцю, калі кажу, што я кіяўлянін. Бо былі ўпэўненыя, што нікім іншым, як беларусам, быць не магу (сьмяецца). Але нейкага перадузятага стаўленьня няма ў любым выпадку. Хоць Піцер паводле мэнталітэту ад той жа Масквы адрозьніваецца істотна. Самае галоўнае, што людзі тут мяне памятаюць, ведаюць, гэта таксама важна.

Сяргей Герасімец нарадзіўся 13 кастрычніка 1965 году ў Кіеве. Выхаванец футбольнай школы «Юны дынамавец». У кіеўскае «Дынама» трапіў пры легендарным Валерыю Лабаноўскім. Гуляў у складзе дублёраў, а ў 1986-м перайшоў у данецкі «Шахтар». Неўзабаве паступіла прапанова ад менскага «Дынама», дзе Сяргей раскрыўся напоўніцу. У 1993 годзе прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі.

Пасьля распаду СССР прыняў запрашэньне Міхаіла Вяргеенкі выступаць за беларускую зборную, якая фармавалася з чыстага аркуша. Згуляў 26 гульняў і забіў 7 мячоў. Адзін зь іх — у вароты Эдвіна ван дэр Сара ў адборачным матчы супраць зборнай Галяндыі ў 1995 годзе. Гол быў прызнаны найлепшым у туры.

У пазьнейшыя гады гуляў за «Бней Егуду» з Тэль-Авіву, калінінградзкую «Балтыку», піцерскі «Зэніт», ковенскі «Жальгірыс». Завяршыў карʼеру ў вэтэранскім узросьце (37 гадоў) у менскім «Тарпэда-МАЗ».

Ад 2004 году — на трэнэрскай працы, мае ліцэнзію PRO UEFA.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG