Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Луцкевічштрасэ, сядзіба Немаршанскіх і іншыя легенды й прывіды старога аэрапорту на мапе


Фота са збораў Музэя грамадзянскай авіяцыі, 1976 год
Фота са збораў Музэя грамадзянскай авіяцыі, 1976 год

Літаратар і краязнаўца Антон Рудак склаў мапу цікавостак раёну аэрапорту Менск-1.

Неўзабаве раён зьменіцца да непазнавальнасьці: ужо да канца году стары аэрапорт закрыюць для камэрцыйных палётаў, і неўзабаве на яго месцы вырасьце велізарны сучасны раён «Мінск-Сіці». І ён зьмяняецца ўжо: сёлета раён страціў рэшткі сядзібы Немаршанскіх. Застанецца хіба яблыневы сад і будучая станцыя мэтро, названая ў яго гонар.

Як распавёў Свабодзе Антон Рудак, на стварэньне мапы яго натхнілі дзьве рэчы: падобная інтэрактыўная мапа старой Старажоўкі (раён між Палацам спорту і Кіеўскім сквэрам), пра якую аўтарка мапы Паліна Скурко нядаўна распавядала Радыё Свабода, і сямейная гісторыя:

«Я вырашыў, што гэта клясны фармат, у якім можна прадставіць інфармацыю пра нейкі раён. Там ёсьць інфармацыя пра нейкія даваенныя аб’екты, паваенныя, часоў акупацыі, сучасныя аб’екты, гарадзкія легенды. Без усялякай сыстэмы: што існуе цяпер, што зьнікла. Зрабіў за пару дзён і паведаміў людзям, што можна пісаць, зьвяртацца, дасылаць свае гісторыі і фатаздымкі. Мапа будзе абнаўляцца. Заклікаю ўсіх далучацца да такіх ініцыятываў, рабіць мапы па сваіх мясьцінах, мо па цэлых мястэчках.

Раён аэрапорту — гэта месца, дзе я нарадзіўся, і, мяняючы месцы, жыве мая сям’я: і я тут жыву, і маці адсюль, і ейныя бацькі жылі тут яшчэ да вайны. Нараджаліся тут, жылі, пераяжджалі, але за межы раёну не зьяжджалі. Дзіўная, пэўна, містычная сувязь».

Вуліца Чкалава. Фота з альбома В Кірычэнкі «Мінск 1953–1959»
Вуліца Чкалава. Фота з альбома В Кірычэнкі «Мінск 1953–1959»

На мапе можна пабачыць багата старых назваў вуліц. Напрыклад, Чкалава і Кіжаватава да 1929 году былі Койданаўскім трактам, які ішоў праз сам аэрадром, а ў часы нямецкай акупацыі Койданаўскі тракт зваўся Варшаўштрасэ. Вуліца Талстога раней мела назвы Мала-Георгіеўская (на поўнач ад чыгункі) і Нова-Георгіеўская (на поўдзень), а падчас нямецкай акупацыі — Луцкевічштрасэ ў гонар Івана Луцкевіча, аднаго з пачынальнікаў беларускага руху, ініцыятара выданьня газэтаў «Наша Доля» і «Наша Ніва», аднаго з ініцыятараў абвяшчэньня БНР. На мапе можна пабачыць і сучасную вуліцу Караткевіча, ды не таго, пра якога адразу ўспамінаецца: вуліца названая ў гонар савецкага падпольшчыка Дзьмітрыя Караткевіча.

Вуліца Чкалава. Фота з сацыяльных сетак
Вуліца Чкалава. Фота з сацыяльных сетак

Ёсьць і адносна сучасныя гарадзкія легенды: колішняя лазьня чыгуначнікаў у зьнесенай цяпер хацінцы насупраць выхаду з мэтро «Інстытут культуры», фота якой разышлося мэмам у сацсетках; бамбасховішча, у якім напрыканцы 50-х — на пачатку 60-х мясцовая моладзь ладзіла танцы з музыкай замежных выканаўцаў; месца, на якім проста сярод жылых дамоў яшчэ нядаўна стаяў цэлы самалёт Ту-134; або выселеная вёска Вілкаўшчына каля аднайменнай вуліцы.

«Гэта ўсё сямейныя такія гісторыі, якія, я лічу, павінны быць на такой мапе. Але асноўны ўпор там на даваенную спадчыну. Там шмат будынкаў і паваенных, сталінскіх, але я іх большасьць не пазначаў, бо самае цікавае — як вайна адбілася на архітэктурным абліччы горада. Літаральна адзінкі даваенных пабудоваў захаваліся.

Да вайны каля цяперашняй станцыі мэтро быў Суражскі рынак. Фота часоў нямецкай акупацыі
Да вайны каля цяперашняй станцыі мэтро быў Суражскі рынак. Фота часоў нямецкай акупацыі

Яшчэ зь цікавага можна знайсьці адрасы менскіх літаратараў і культурных дзеячаў, пачынаючы ад Зьмітрака Астапенкі, Платона Галавача, Аркадзя Куляшова з даваенных часоў — і амаль да нашых сучасьнікаў, як Алег Белавусаў, Уладзімер Сьвятлоў. Дзіўным чынам такія людзі гуртуюцца ў прасторы побач, усе яны жылі каля вуліцы Маскоўскай, паблізу Талстога. І цяпер людзі, якія займаюцца краязнаўствам, часта жывуць у гэтым раёне, ці нарадзіліся там, ці працавалі».

Ёсьць на мапе і сумныя рэчы: пахаваньні ахвяраў рэпрэсіяў 1920-х гадоў проста каля галоўнага будынку аэрапорту альбо канчаткова зруйнаваная сядзіба абшарнікаў Немаршанскіх, побач зь якой застаўся парк на месцы іхняга яблыневага саду. У гэтым месцы да 2020 году плянуецца збудаваць станцыю мэтро, папярэдняя назва — «Немаршанскі сад».

Руіны сядзібы Немаршанскіх у чэрвені 2015. Фота: kabierac.livejournal.com (здымак зрабіў сам аўтар мапы)
Руіны сядзібы Немаршанскіх у чэрвені 2015. Фота: kabierac.livejournal.com (здымак зрабіў сам аўтар мапы)

«Гісторыя зь сядзібай Немаршанскіх містычная абсалютна. І гэта мой асабісты боль. Вырашыў наведаць сядзібу ў чэрвені, яна стаяла яшчэ ў адносна прыстойным стане. Засталіся толькі цокальныя паверхі, але па ранейшых фатаздымках можна было пабачыць, што ў такім стане яна ўжо даўно. Пра яе нават тутэйшыя жыхары ня ведаюць, ці то ведаюць пра руіны, але не здагадваюцца, што там было. Там дзеці гуляліся заўжды, былі непрывабныя такія сутарэньні. Прыйшоў празь месяц — ужо нейкія разбурэньні, праз два месяцы — цалкам зруйнаваная, было відаць, што працавала цяжкая тэхніка, бульдозэры. На ніжніх тэрасах толькі нейкія пабудовы заставаліся».

Першы будынак менскага аэрапорту, адкрыты ў 1933 годзе. Вуліцы Караткевіча, 9а. Фота: minsky_87.livejournal.com
Першы будынак менскага аэрапорту, адкрыты ў 1933 годзе. Вуліцы Караткевіча, 9а. Фота: minsky_87.livejournal.com

Ужо ідзе знос старых дамоў на Паўночным завулку, дзе мае зьявіцца станцыя мэтро «Плошча Францішака Багушэвіча». Рудак баіцца, што згодна з плянамі забудовы «Менск-сіці» могуць зьнішчыць даваенны будынак аэрапорту, дзе сёньня мэдсанчастка Дзяржкамітэту па авіяцыі.

«У 2011 годзе, калі па вуліцы Караткевіча ўнесьлі тры дамы ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, гэты адзіны ня быў унесены, хоць ён самы галоўны, бо зазнаў маштабныя перабудовы, як унутраныя, так і зьнешнія. Ён мала чым ужо нагадвае ранейшы будынак.

І, вядома, на іншым краі, на ўсходзе лётнага поля ёсьць пасёлак Козырава, раён станцыі Менск-Паўднёвы. Там вялікія кварталы прыватнай забудовы, там пратэстныя настроі час ад часу ўздымаюцца, бо на гэтай тэрыторыі ня толькі нават дамы, а старадаўнія Козыраўскія могілкі. Спадзяюся, хоць яны застануцца».

Сярод пазытыўных сучасных момантаў, адзначаных на мапе, — маштабныя малюнкі на цэлыя сьцены высотных дамоў, створаныя ў межах праекту Urban Myths.

З навінамі праекту мапы аэрапорту можна азнаёміцца на VK, Facebook і Livejournal.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG