Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ: Стабільнасьць у Беларусі могуць падарваць рознагалосьсі з Расеяй


Вонкавая і ўнутраная стабільнасьць Беларусі можа быць падарваная, калі ня будуць урэгуляваныя рознагалосьсі з Расеяй наконт цэнаў на энэрганосьбіты.

Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным 21 верасьня дакладзе супрацоўнікаў МВФ аб эканамічнай сытуацыі ў Беларусі.

У дакумэнце адзначаецца, што Беларусь уразьлівая да вонкавых і ўнутраных шокаў і ваганьняў узроўню даверу, а гэта можа прывесьці да крызісу пад уплывам макрафінансавых узаемасувязяў.

«Паніжэньне (падвышэньне) цэнаў на энэрганосьбіты можа зьнізіць (падвысіць) тэмпы росту і ўзровень замежнаэканамічнай стабільнасьці. Вонкавая і ўнутраная стабільнасьць можа быць падарваная, калі ня будуць урэгуляваныя наяўныя на сёньня рознагалосьсі з Расеяй наконт цэнаў на энэрганосьбіты», — цытуе БелаПАН даклад МВФ.

Паводле экспэртаў фонду, у выпадку новага істотнага зьніжэньня курсу нацыянальнай валюты аслабнуць карпарацыйныя і банкаўскія балянсы і зьнізіцца ўзровень даверу хатніх гаспадарак. Гэта абумоўлена высокай ступеньню далярызацыі, неадпаведнасьцю валютнай структуры, абмежаваным доступам да валютнай ліквіднасьці і значнымі валавымі патрэбамі ў вонкавым фінансаваньні, якое складае прыкладна 18 млрд даляраў ЗША (35% ВУП).

У цэлым, на думку экспэртаў МВФ, кароткатэрміновыя макраэканамічныя пэрспэктывы для Беларусі — працяг эканамічнага спаду і ўстойліва высокі ўзровень інфляцыі.

У рамках базіснага сцэнару (з частковымі карэкцыямі), пададзенага пэрсаналам МВФ, тэмпы эканамічнага росту, як чакаецца, застануцца адмоўнымі і сёлета (мінус 3%), і налета (мінус 0,5%). Адносна сьціплае аднаўленьне эканамічнага росту пачнецца ў 2018 годзе (плюс 0,5%). Пры гэтым працэс аднаўленьня будзе са спазьненьнем ісьці за аналягічным працэсам у Расеі, што тлумачыцца слабейшымі балянсамі і структурнымі перашкодамі ў Беларусі.

Паводле МВФ, узровень інфляцыі ў Беларусі на канец сьнежня складзе 13% у гадавым выяўленьні. Гэта амаль на 1 працэнтны пункт больш, чым летась, што ў асноўным абумоўлена зьніжэньнем абменнага курсу і падвышэньнем тарыфаў на камунальныя паслугі. У рамках базіснага сцэнару мяркуецца, што інфляцыя наступныя тры гады будзе заставацца ў дыяпазоне нізкіх двухзначных паказьнікаў. У рамках сцэнару карэкцыі мяркуецца, што больш эфэктыўнае ажыцьцяўленьне эканамічнай палітыкі дазволіць зьнізіць узровень інфляцыі прыкладна да 6% да 2020 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG