Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 верасьня глябальная акцыя МЗС Украіны ў падтрымку Сянцова і Кольчанкі


Алег Сянцоў (зьлева) і Аляксандар Кольчанка

Алег Сянцоў (зьлева) і Аляксандар Кольчанка

Міністэрства замежных спраў Украіны правядзе глябальную онлайн-акцыю ў падтрымку зьняволеных у Расеі грамадзян Украіны Алега Сянцова і Аляксандра Кольчанкі.

«8 верасьня ўсе замежныя дыпляматычныя ўстановы Украіны, арганізацыі ўкраінскай дыяспары, праваабарончыя зьвязы, а таксама прадстаўнікі замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый ад Канбэры да Сан-Францыска па чарзе далучацца да кампаніі праз афіцыйныя старонкі ў сацыяльных сетках», — паведамляе ўкраінскае зьнешнепалітычнае ведамства на сваёй старонцы ў Facebook.

У МЗС запрасілі ўсіх карыстальнікаў Facebook далучыцца да міжнароднай кампаніі — данесьці сыгналы аб неправамерных дзеяньнях з боку Расеі і заклікаць вызваліць незаконна зьняволеных ўкраінскіх грамадзян; выкарыстаць тэматычныя малюнкі на сваіх старонках у сацсетках; актыўна выкарыстаць хэштэг #FreeSavchenko, #FreeSentsov, #FreeKolchenko, #LetMyPeopleGo.

25 жніўня суд у Расеі прыгаварыў ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова да 20 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Актывісту Аляксандру Кольчанку расейскі суд даў 10 гадоў пазбаўленьня волі. Іх асудзілі па абвінавачваньні ў арганізацыі тэрактаў у Крыме. Абодва абвінавачваньні адкідаюць, называючы справу палітычнай.

У ЭЗ асудзілі вырак Сянцову і Кольчанку. Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах Фэдэрыка Маґерыні заявіла, што «расейскія суды не маюць кампэтэнцыі вяршыць правасудзьдзе адносна дзеяньняў, учыненых за межамі міжнародна прызнанай тэрыторыі Расеі».

У ЭЗ расцэньваюць гэтую справу як парушэньне міжнароднага права і элементарных стандартаў правасудзьдзя, заклікаюць неадкладна вызваліць Сянцова і Кольчанку і гарантаваць ім бясьпечнае вяртаньне ва Ўкраіну.

XS
SM
MD
LG