Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі арыштаванага ва Ўкраіне расейскага салдата: «Вялікія дзядзькі гуляюць жыцьцямі»


Аляксандар Аляксандраў у шпіталі ў Кіеве, 28 траўня 2015 году
Аляксандар Аляксандраў у шпіталі ў Кіеве, 28 траўня 2015 году

Бацькі затрыманага на Данбасе расейскага спэцназаўца Аляксандра Аляксандрава ўпершыню далі інтэрвію СМІ.

Журналіст «Новой газеты» Павел Каныгін пагутарыў з бацькамі затрыманага на Данбасе расейскага спэцназаўца Аляксандра Аляксандрава, якія жывуць у вёсцы Ражкі Кіраўскай вобласьці, перадае «Новая газета».

Спачатку маці і бацька ГРУшніка не хацелі гутарыць з журналістам, абвінавачваючы яго ў тым, што ён працуе на Амэрыку і Ўкраіну. Але неўзабаве яны пагадзіліся на размову.

Маці Аляксандрава распавяла, што сын не папярэдзіў яе аб сваёй адпраўцы на Данбас:

«Ня ведаю я, а павінен быў? Вы сваёй маці кажаце, калі едзеце кудысьці? Даюць справаздачу ці што?»

Акрамя таго, жанчына пацікавілася, ці змогуць яе сына абмяняць на ўкраінцаў Саўчанку або Сянцова.

«Я ня ведаю, у мяне ўжо ніякіх сіл не засталося! Каму верыць? А можа, абмен будзе. Можа, іх змогуць абмяняць ... А Саўчанка гэтая? Абмяняцца на яе? А чаму не? Навошта яна ў Расеі патрэбная? Чаму Ўкраіна ня хоча абмяняць нашых хлопцаў на яе? Па тэлевізары кажуць, што гэта ўкраінцы ня хочуць абмену», — выказала сваё меркаваньне маці Аляксандрава.

У сваю чаргу бацька заявіў аб тым, што вырашыць сытуацыю могуць толькі «вялікія дзядзькі».

«Вялікія дзядзькі гуляюць жыцьцямі людзей, а просты чалавек для іх нічога ня значыць — растаптаў ды і выкінуў. Раскралі войска, а крайнія нашы два пацаны! Васільеву (Яўгенію Васільеву — былую начальніцу дэпартамэнта маёмасных адносінаў Міністэрства абароны Расеі) адпусьцілі, а нашы сядзяць, вось і ўсё! » — сказаў бацька Аляксандрава.

Таксама бацькі запісалі відэазварот для Аляксандрава, які журналіст перадаў затрыманым спэцназаўцам.

16 траўня ўкраінскія войскі затрымалі ў зоне баявых дзеяньняў у Луганскай вобласьці двух расейскіх вайскоўцаў — капітана Ерафеева і сяржанта Аляксандрава. Іх перавезьлі ў ваенны шпіталь у Кіеве, дзе аказалі мэдыцынскую дапамогу. Абодва былі арыштаваныя Шаўчэнкаўскім раённым судом Кіева.

Аляксандар Аляксандраў (зьлева) і Яўген Ерафееў
Аляксандар Аляксандраў (зьлева) і Яўген Ерафееў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG