Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчукін ня пойдзе ў дэпутаты, бо здароўе ўжо ня тое і дзьве пары абутку не знасіць


Валеры Шчукін

Валеры Шчукін

«Калі два дзесяткі гадоў таму я абіраўся ў Полацку дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня, то за выбарчую кампанію стаптаў дзьве пары бацінак. А сёньня нават адзін прыпынак стараюся падʼехаць грамадзкім транспартам» — так Валер Шчукін адказаў сёньня на пытаньне Свабоды, ці зьбіраецца ён балятавацца ў Палату прадстаўнікоў:

«Мне ўсё ж ужо 74 гады. Здароўе аслабела. Калі б яшчэ ў нас абіралі дэпутатаў па партыйных сьпісах, то, магчыма, мой досьвед — жыцьцёвы і парлямэнцкі — мог быць дарэчы.

А мажарытарную сыстэму я не асілю, бо пры ёй трэба шмат хадзіць нагамі, сустракацца з выбарцамі. Перакласьці агітацыю за сябе на кагосьці, нават на ініцыятыўную групу, лічу для сябе немагчымым. Працаваць на поўную сілу не магу, таму ад барацьбы за мандат дэпутата я сьвядома адмаўляюся».

Аднак, удзельнічаць у выбарчай кампаніі Валер Шчукін зьбіраецца. Ён выбраў для сябе тут ролю назіральніка:

«Буду акрэдытоўвацца ад праваабарончай арганізацыі. Многія нюансы выбарчай кампаніі я добра ведаю. Таму папрацую на агульную справаздачу».

Экс-дэпутат не спадзяецца, што сёлетнія выбары ў Палату прадстаўнікоў будуць істотна адрозьнівацца ад папярэдніх, што праводзіліся ў 2012 годзе:

«Можа, толькі сёлета Лукашэнка пад выглядам апазыцыянэраў прапусьціць у Палату Гайдукеівчаў — і старэйшага, і малодшага. А вось Лябедзьку ён туды дакладна не прапусьціць».

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня прызначаныя на 11 верасьня 2016 году.

XS
SM
MD
LG