Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скот Роланд: Новы павераны ў справах ЗША ў Беларусі прыедзе ў Менск у канцы жніўня


Скот Роланд

Скот Роланд

Новы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт (Боб) Райлі прыбудзе ў Менск у канцы жніўня.

Пра гэта ў інтэрвію БелаПАН паведаміў кіраўнік амэрыканскай амбасады Скот Роланд, чые дыпляматычныя паўнамоцтвы ў Беларусі завяршаюцца.

Да прызначэньня ў Беларусь Боб Райлі займаў пасаду палітычнага дарадцы ў амбасадзе ЗША ў Вугоршчыне.

Падводзячы вынікі свайго знаходжаньня на пасадзе кіраўніка амэрыканскай дыпмісіі ў Менску, Скот Роланд сказаў:

«Гэта была вельмі цікавая праца, вельмі цікавае прызначэньне. Я наогул лічу, што калі дыплямат не знаходзіць працу ў Беларусі цікавай, яму час сысьці на пэнсію».

Часткова цікавасьць да Беларусі, па словах дыплямата, зьвязана з геапалітычнымі фактарамі.

«Адбыліся падзеі на Майдане ва Ўкраіне, і ў ЗША, у Эўропе па-новаму зірнулі на тое, што адбываецца ў гэтым рэгіёне, на такія рэчы, як сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі, і што можа і павінна быць зроблена для таго, каб іх абараніць. Але гэта — толькі адзін з фактараў», — дадаў Роланд.

Паводле Роланда, калі ён прыбыў на працу ў Менск у чэрвені 2014 году, адносіны паміж Беларусьсю і ЗША «былі ня самымі лепшымі». Аднак цяпер яны знаходзяцца «ў значна лепшым стане, у тым ліку дзякуючы крокам, зробленым беларускімі ўладамі».

Сярод такіх крокаў Роланд назваў вызваленьне палітзьняволеных, правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году без гвалтоўных дзеяньняў, у тым ліку ў дачыненьні да кандыдатаў у прэзыдэнты:

«Гэта ўсё пазытыўныя крокі. Мы разьлічваем, што яны будуць працягвацца і закладуць падмурак далейшаму паляпшэньню нашых адносін».

«Нам удалося дасягнуць даволі многага, цікавых вынікаў нямала. Маглі б зрабіць больш? Так. Але мы змаглі плённа працаваць з рознымі сэктарамі беларускага грамадзтва — і з уладамі, і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і прадпрымальніцтва. Магу сказаць, што на працягу гэтых двух гадоў нам удалося зрабіць больш, чым удавалася зрабіць да таго», — адзначыў Роланд.

Па вяртаньні ў Вашынгтон спадар Роланд зойме пасаду галоўнага дарадцы ад дзярждэпартамэнту ЗША ў Камісіі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе.

«Гэта агенцтва зьяўляецца сувязным зьвяном паміж ЗША і АБСЭ. Я лічу, што вельмі цікавае прызначэньне, паколькі такім чынам я змагу заставацца ў курсе тых пытаньняў, якія актуальныя для гэтага рэгіёну. І ў тым ліку маюць дачыненьне да Беларусі», — сказаў дыплямат.

6 ліпеня Скот Роланд быў прыняты Аляксандрам Лукашэнкам у сувязі з завяршэньнем дыпляматычнай місіі. 8 ліпеня ён пакіне Беларусь.

XS
SM
MD
LG