Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіраўнік дыпмісіі ЗША ў Беларусі Скот Роланд пра візы і адмену санкцыяў


Пасьля ўрачыстага адкрыцьця стэнду амбасады ЗША ў Беларусі на ХХІІІ Менскай міжнароднай выставе-кірмашы павераны ў справах ЗША Скот Роланд адказаў на пытаньні журналістаў.

На пытаньне Свабоды, калі амбасада ЗША ў Беларусі пачне паўнавартасна выдаваць амэрыканскія візы грамадзянам Беларусі, часовы павераны ў справах ЗША Скот Роланд адказаў так:

«Гэтае пытаньне абмяркоўваецца і ў Вашынгтоне, і тут, у Менску. Мы пакуль не гатовыя. Але мы вельмі хочам ажыцьцяўляць усе візавыя паслугі тут. Але гэта залежыць ад складу нашай амбасады тут, у Менску. Як вы ведаеце, мы дагэтуль працуем у вельмі абмежаваным складзе. А трэба, каб было больш амэрыканцаў — супрацоўнікаў амбасады.

Але я спадзяюся, што, можа, праз паўгода-год мы ўжо дамовімся, як палепшыць гэтыя візавыя паслугі».

Колькасьць супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Менску была скарочана з 35 да 5 чалавек у сакавіку 2008 году па настаяньні беларускага боку пасьля таго, як ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да канцэрну «Белнафтахім» у сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі. Тады ж Менск пакінула амэрыканская амбасадарка Карэн Ст’юарт, а Вашынгтон — беларускі амбасадар Міхаіл Хвастоў. У 2014 годзе беларускі бок дазволіў павялічыць штат амэрыканскай амбасады на аднаго чалавека, і яна пачала выдаваць візы студэнтам, удзельнікам праграмаў культурнага абмену і асобам, старэйшым за 70 гадоў.

9 лютага ў Менску адкрылася амбасада Аўстрыі ў Беларусі. І генэральны сакратар Фэдэральнага міністэрства па пытаньнях Эўропы, інтэграцыі і замежных спраў Міхаэль Лінхарт паведаміў, што Аўстрыя выступае за зьняцьцё санкцыяў. Што можа сказаць амэрыканскі бок з гэтай нагоды?

«Эўразьвяз будзе прымаць рашэньне, што тычыцца санкцыяў, у гэтым месяцы. Паглядзім, што яны вырашаць. Мы ж вырашылі прыпыніць санкцыі на 6 месяцаў. Таму мы будзем прымаць рашэньне ў красавіку. За працэсамі ў Беларусі назіраюць мае калегі ў Вашынгтоне. Для мяне пакуль гэта ранавата камэнтаваць», — сказаў кіраўнік дыпляматычнай місіі ЗША ў Беларусі Скот Роланд.

XS
SM
MD
LG