Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Падарожжа Свабоды ў Рагачоўскі раён, дзе нядаўна ладзіўся Дзень беларускага пісьменства, на якім не згадалі славутага земляка – Міхася Лынькова.

Дом у цэнтры Старога Сяла

Вёска Старое Сяло цяперашняга Рагачоўскага раёну вядомая з пісьмовых крыніц з ХVI стагодзьдзя як ўласнасьць вялікага князя. І ўваходзіла ў той час паселішча ў Рэчыцкі павет Менскага ваяводзтва. У прыватнасьці, згадваецца, што ў 1567 годзе Старасельскі фальварак мусіў вылучыць сваіх ваяроў у войска Вялікага Княства Літоўскага.

Былая вучэльня

Былая вучэльня

У цэнтры вёскі захаваўся стары прасторны дом з чатырохсхільным дахам.

«Дому гэтаму амаль паўтара стагодзьдзя, — тлумачыць яго ўладальніца, настаўніца з Рагачова Даніта Галомзік. — Пабудаваны ён быў яшчэ ў 1867 годзе. А выкупіла я яго ў раённага аддзелу адукацыі на пачатку дзевяностых мінулага стагодзьдзя за дзьве настаўніцкія зарплаты. Думала музэй зрабіць альбо аграсядзібу ў старадаўнім стылі».​

Даніта Галомзік

Даніта Галомзік

Даніта ў той час выкладала у Старасельскай школе ангельскую мову, пазьней пераехала ў Рагачоў, а дом застаўся пад наглядам суседзяў.

Раней тут была школа. У ёй вучыліся ў пачатковых клясах ці ня ўсе старасельцы старэйшага веку. Сямідзесяціпяцігадовая вяскоўка Ганна Зайцава, якая жыве па суседзтве і назірае за домам, перабірае апошнія восеньскія грыбы, прынесеныя на дамову за два рублі вясковым беспрацоўным, а заадно апавядае:

«У паваенны час я пайшла сюды ў першую клясу. Гэта я цяпер хадзіць не магу, бо нага зламаная, а тады зь Церахоўкі за тры кілямэтры бегала ў гэтую школу. За партаю па тры-чатыры вучні сядзелі, чарніліцы з сабою насілі. Усё мы ведалі, што ў маленстве тут вучыўся і Міхась Лынькоў».

Надзея Шакава

Надзея Шакава

Яшчэ адну былую вучаніцу Надзею Шакаву сустракаем на вуліцы. У плястмасавым вядзерцы яна нясе ад суседа калодзежную ваду.

«Вось толькі на пяцілітровае вядзерца сілаў і хапае, — расказвае кабета. — У мяне ў калодзежы плястмасавая трубачка ад помпы ці то замерзла, ці то забілася — не пампуе. От і клыпаю да суседзяў. У нас тут на вуліцы Рагачоўскай ужо аднагодкаў амаль і не засталося. Хаты дачнікі павыкуплялі. І школу ж нашу былую настаўніца купіла. Я ж у ёй таксама вучылася. А насупраць стаяла яшчэ адна драўляная пабудова — там старэйшыя клясы былі».

«А пра самага вядомага вучня вашай школы, Міхася Лынькова, настаўнікі расказвалі?»

«Ведалі мы, што вучыўся ў нас Лынькоў, у той самай хаце, што й цяпер стаіць. Пісьменьнік дужа добры. А жылі Лыньковы ў будцы пры чыгунцы — з кілямэтар адсюль. Будкі той ужо няма, зьнесьлі. А школа стаіць з забітымі дошкамі вокнамі. Каб парупіліся, то музэй Лынькова мог бы быць у ёй. Няхай бы маладыя, што ў пасёлку за новай школай жывуць, ведалі, што тут і як было. Бо ў горадзе сьвяткавалі Дзень беларускага пісьменства, а ў нас тут нічога не было», — кажа Надзея Рыгораўна.

«То, можа, памятаеце што з напісанага Лыньковым?»

«Я ўжо ня памятаю, чым ураньні сьнедала, — з прыжмурам адказвае вяскоўка. — Нешта ж ён пісаў пра хлапчука-паравоза — той дапамагаў свайму дзеду ваяваць з немцамі яшчэ ў Першую сусьветную вайну».

«Будка», якой няма

Каля былой школы сустракаем маладога мужчыну, які назваўся Аляксандрам. Ён мае вышэйшую адукацыю, але працуе рабочым у мясцовым аддзяленьні птушкафабрыкі «Расьсьвет».

«Пакуль пра Лынькова, то я пра сваё жыцьцё скажу, — ахвотна адклікаецца на размову Аляксандар. — Цяжка жыць на зарплату мільён 300 тысяч, на цяперашнія 130 рублёў. А я яшчэ й курыць ня кінуў. Бульбачка, буракі, памідоры, капустка — гарод выручае. Іначай нявыкрутка. А Лынькоў тут ня жыў, а толькі вучыўся. Мая бабуля ў школе прыбіральшчыцай працавала, дык расказвала. Паедзем за чыгунку — там іхная будка стаяла».

Спадар Аляксандар

Спадар Аляксандар

Пераезд на 230 вярсьце

Пераезд на 230 вярсьце

Ад апошняй старасельскай хаты да чыгуначнага пераезду каля трохсот мэтраў. Як толькі апынуліся за чыгункай па шляху на Зарэчча, Аляксандар загадвае спыніцца.

«Вось тут, справа, побач з бэтонным слупком, быў калодзеж Лыньковых. Калі дарожнікі клалі асфальт, то засыпалі яго. А насупраць, дзе камяні ды цэгла, хаціна стаяла. Зламалі, прысады выкарчавалі. Памяць закапалі».

Акурат на гэтым месцы, на 230-й вярсьце перагону Рагачоў — Быхаў, і пасялілася зімой 1907 году «ў будцы», як называлі чыгуначнікі звычайную драўляную хату невялікага памеру, сям’я Лыньковых — бацька Ціхан, пуцявы абходчык, маці Алена, вартаўніца на пераезьдзе, і васьмігадовы сын Міхась. Тут нарадзіліся ўсе меншыя дзеці Лыньковых — Рыгор, Поля, Ганна, Коля. Адсюль старэйшы Міхась першым выправіўся ў Старасельскую пачатковую школу.

Быўшы ўжо прызнаным літаратарам, Лынькоў так апісваў у аўтабіяграфіі свае першыя крокі ў авалодваньні ведамі:

«Неяк бацька сказаў: “Годзе табе бібікі біць, час ужо падавацца ў навуку!” Перад гэтым пашылі мне новыя штаны, новую рубашку. Бацька змайстраваў новыя скураныя лапці. Так не апраналі мяне нават у вялікія сьвяты, а таму я зразумеў, што ў маім жыцьці пачынаецца нешта задужа важнае і адказнае. І вось бацька павёў мяне ў школу, якая гудзела ўжо як вулей там поўна было маіх аднагодкаў. Бацька папрасіў настаўніка:Трымайце яго ў добрай дысцыпліне, не давайце спуску ні ў чым...” А мяне папярэдзіў:Глядзі ж вучыся, слухай настаўніка, а будзеш бязглузьдзіць — мала ня будзе…” Так пачалася мая вучоба. Вучыўся я старанна, з году ў год пераходзіў у старэйшую групу, пасьпяхова закончыў школу, атрымаў пры выпуску падарунак — кнігу Гогаля “Вечары на хутары ля Дзіканькі”».

Потым была вучоба ў двухкляснай школе пры Рагачоўскай настаўніцкай сэмінарыі, а пазьней і ў самой сэмінарыі, якую Міхась скончыў у 1917 годзе.

Настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім раёне, удзельнічаў у польска-бальшавіцкай вайне. З фронту ў салдацкім шынялі і анучах вярнуўся настаўнічаць у вёску Сьвержань зноў-такі Рагачоўскага раёну, ажно пакуль на запрашэньне не пераехаў у 1926 годзе ў бабруйскую акруговую газэту «Камуніст».

І паколькі дзіцячыя, юнацкія гады, станаўленьне Лынькова як асобы ды пачатак літаратурнай творчасьці прыпадаюць менавіта на мясцовы пэрыяд, то рагачоўцы й лічаць Міхася Лынькова сваім земляком.

«Цягнікі гойдалі нас разам з ложкамі»

«Будка» Лыньковых пры чыгуначным пераезьдзе захоўвалася да пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя. У ёй пасьля Лыньковых жылі папераменна сем’і Чарновых, Каротчанкаў, Шакавых. Апошняй тут месьцілася сям’я работніка чыгункі Кузьмы Савіцкага.

Алена Савіцкая

Алена Савіцкая

«Для нашай вялікай сям’і зроблена была прыбудова да лынькоўскай «будкі», — прыгадвае Алена Савіцкая-Вердзеш, якая ня так даўно вярнулася з мужам з Магілёўшчыны ў Старое Сяло. — Малымі мы засыналі пад перастук колаў, і мае дзеці засыналі, калі я прыяжджала зь імі да бацькоў. А грузавыя цягнікі, дык тыя, лічы, гойдалі нас разам з ложкамі. Мы ўсе ганарыліся тым, што жывём у хаце Міхася Лынькова. На жаль, цяпер у вёсцы ўжо нішто не нагадвае пра народнага пісьменьніка Беларусі. І Дзень беларускага пісьменства мінуў, а Лынькова ніяк не ўшанавалі на Рагачоўшчыне».

Алена лічыць, што калі ўжо прычыгуначная «будка» не захавалася, то музэй Лынькова можна было б стварыць у былой школе. Тым больш што Даніта Галомзік ня супраць перадаць будынак хоць якому фонду ці арганізацыі, абы толькі задуму зьдзейсьнілі.

Пэдагог мясцовай сярэдняй школы Натальля Ўласава прыгадвае, што калі ў шасьцідзясятыя гады паўстала пытаньне пра будаўніцтва ў Старым Сяле новай школы, тагачасны дырэктар езьдзіў у Менск да Міхася Лынькова прасіць ці то парады, ці то спрыяньня. Якія рычагі спрацавалі, сказаць цяжка. Але выглядае, што народны пісьменьнік «замовіў слова», бо школу ў вёсцы пабудавалі.

Старасельскія ясьлі-сад — сярэдняя школа

Старасельскія ясьлі-сад — сярэдняя школа

«Думаю, што наша школа магла б насіць імя Міхася Ціханавіча Лынькова», — лічыць Натальля Леанідаўна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG