Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рагачоў ня стане горадам Караткевіча і Лынькова: як ідзе падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства. ФОТА


Горад Рагачоў, дзе сёлета ў верасьні мае праводзіцца Дзень беларускага пісьменства, нагадвае цяпер вялікі разварочаны мурашнік. Перакрыты цэнтральныя вуліцы, зрэзаны стары асфальт на праежджай частцы і ходніках, раскапаны камунальныя траншэі.

«Трэба ўправіцца да 4 верасьня, — азадачана адклікаюцца дарожныя рабочыя ДРБУ-154. — Каб яшчэ й плацілі адпаведна, то можна было б яшчэ й больш напружвацца».

Гараджане, што б’юць ногі на ўздыбленых вуліцах, збольшага па-філязофску ставяцца да цяперашніх нязручнасьцей.

«Затое будзе прыгожа!» — цьвердзяць маладзіцы, адна зь якіх трымае маленькую дачушку на руках, не наважваючыся апусьціць яе на ходнік на свае ножкі.

Цікавімся ў суразмоўніц, а што ўсё-ткі застанецца ў Рагачове нашчадкам пасьля Дня пісьменства — менавіта пра само беларускае пісьменства?

Дзяўчына-старшаклясьніца прыгадвае: «Ой, і праўда, у нас жа Ўладзімер Караткевіч жыў. І ў майго аднаклясьніка сваяк — паэт Мікола Янчанка. Нешта пра „залаты вулей“ пісаў. Ім бы абодвум помнікі паставіць!»

Жанчына з дачушкай згадвае Міхася Лынькова і Алеся Жаўрука. Наступны суразмоўца перакананы, што ў Рагачове жыў і Андрэй Макаёнак.

«Каму каму, а клясыкам беларускім нейкія манумэнтальныя знакі пашаны мусіць быць. Караткевічу, канечне, найперш, — перакананы гараджанін, які назваўся Уладзіславам. — Са школы памятаю яго „Каласы пад сярпом тваім“. У Менску ў тэатры глядзеў пастаноўку „Ладзьдзя роспачы“. Слухайце, мой жа дзед знаўся з Караткевічам. Кніг яго ў нас дома багата. Часу ўсё бракуе, але ж займуся, пачытаю»

Пэрліна нацыянальнага пісьменства

Размовы з мінакамі хоць і ня поўна, але пакрысе выкрышталізоўваюць проста-такі ўнікальную панараму беларускага пісьменства, так ці інакш зьвязаную з Рагачовам. Горад па-над Дняпром, увесь тутэйшы край — сакральная мясьціна беларускай літаратуры, пэрліна нацыянальнага пісьменства, скарбонка літаратурных талентаў. Называй яшчэ дзесятак высокіх азначэньняў — і будзе правільна. Нават просты пералік імёнаў беларускіх творцаў, чыё нараджэньне, творчасьць зьвязаныя з Рагачоўскім краем, павінны былі падштурхнуць дзяржаўных мужоў, міністэрствы і творчыя саюзы, інтэлігенцыю і саміх рагачоўцаў зрабіць яго месцам ушанаваньня і пакланеньня.

Задумацца толькі: Уладзімер Караткевіч, Міхась Лынькоў, Андрэй Макаёнак, Мікола Сурначоў, Рыгор Суніца, Васіль Гарбацэвіч, Алена Васілевіч, Алесь Жаўрук, Фёдар Янкоўскі, Аляксей Зарыцкі, Анатоль Вярцінскі, Васіль Ткачоў, Мікола Янчанка, Уладзімер Мехаў, Наста Кудасава. Лічыць — не пералічыць. Адны зь іх нарадзіліся на Рагачоўшчыне, іншыя, як Алесь Жаўрук (Сінічкін) ці Алена Васілевіч, вучыліся ў настаўніцкай сэмінарыі-інстытуце, ці, як Уладзімер Караткевіч, жылі падоўгу, ствараючы шэдэўры беларускай літаратуры. Зарыцкі з Жаўруком спадобіліся нават выдаваць тут сатырычную газэту «Сьмех і сьлёзы».

Дык што пакінуць арганізатары Дня пісьменства — райвыканкам, аблвыканкам, профільныя міністэрствы інфармацыі і культуры — у спадчыну рагачоўцам ды ўсёй Беларусі?

Уладзімер Літоўчанка з сынам
Уладзімер Літоўчанка з сынам

«Плян падрыхтоўкі з гараджанамі ніхто не абмяркоўваў, не знаёміў, куды й колькі грошай накіраваць, — кажа мясцовы жыхар, прэтэндэнт на дэпутацкі мандат у Палату прадстаўнікоў Уладзімер Літоўчанка. — Бачна, што ў горадзе мяняюць цеплавыя сеткі, рамантуюць некаторыя жылыя дамы, аўтобусныя прыпынкі, парадаць сквэр на вуліцы Леніна, укладваюць новы асфальт. Што будзе на выхадзе, пабачым. Былі й размовы наконт таго, каб перанесьці Дзень пісьменства на больш позьні тэрмін з-за камунальных аб’ёмаў працы ці наагул зрабіць яго ў Бабруйску. Пра музэі й помнікі нашым пісьменьнікам наагул нічога ня чуў».

Некаторыя рагачоўцы згадвалі паведамленьне ў мясцовай газэце кіраўніка камунальнай гаспадаркі аб тым, што да Дня беларускага пісьменства маюць аднавіць кампазыцыі «Ўязны знак «Рагачоў» і «Памятны знак-стэла «Рагачоў» — яны сустракаюць і праводзяць гасьцей гораду над Дняпром.

«Складваецца ўражаньне, — кажа мясцовая грамадзкая актывістка, філёляг Ірына Купцэвіч, — што ў горадзе рыхтуюцца да чарговых „Дажынак“. Няма тут ні музэю, ні помніка ані Караткевічу, ані Лынькову, як і іншых знакаў таго, што Рагачоў надзвычай шмат уклаў у скарбонку беларускага пісьменства».

І сапраўды, стэла «Рагачоў» не раскажа, як Міхась Лынькоў жыў у «будцы», пры чыгунцы каля вёскі Старое Сяло, як нарадзіўся тут ягоны брат Рыгор Лынькоў (літаратурны псэўданім — Рыгор Суніца), як вучыўся Міхась у Рагачоўскай настаўніцкай сэмінарыі, настаўнічаў у Сьвержаньскай школе, рабіў першыя крокі ў літаратуры. Не распавядзе стэла і пра Рагачоў як знакавы горад для Ўладзімера Караткевіча. А ён жа падоўгу жыў тут у дзедавай хаце, пішучы «Ладзьдзю роспачы», «Сівую легенду», «Віно дажджоў», часткова «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Тут Караткевіч скончыў і адзін са сваіх найлепшых твораў — аповесьць «Чазенія».

Знакавая вуліца

Збоку мікрараёну «Дзевяткі» дабіраемся на вуліцу Ўладзімера Караткевіча Раней яна называлася «Чкалава». Вуліца перарэзана дарогамі і школай на чатыры часткі. Тут ціха — ні грэйдэра, ні асфальтаўкладчыка.

Эдуард Кавалёў
Эдуард Кавалёў

Мясцовы жыхар Эдуард Кавалёў занепакоены станам вуліцы: «Вясной і восеньню дзеці ў школу ідуць па калена ў гразі. Хоць бы гэты лапік заасфальтавалі. І дзецям сушэй было б, і машыны наш плот не ламалі б. Мы тут неяк паклалі карчы, каб адгарадзіцца ад транспарту, дык участковы прыйшоў і склаў пратакол на жонку».

Спадар Эдуард на свае вочы бачыў Уладзімера Сямёнавіча.. Кажа, што ўлетку Караткевіча часьцяком хадзіў з дзедавай хаты загараць на прыдняпроўскі пляж.

«Хата іхняя, — паказвае рагачовец, — на той бок школы, на той частцы вуліцы».

Творчы прытулак Караткевіча
Творчы прытулак Караткевіча

Некалі дыхтоўны прасторны дом, які паставіў Васіль Грынкевіч, дзед Караткевіча па маці, ужо пабраны часам. Бачна, што яго асабліва ніхто не даглядае. Пачарнелі бярвеньні, шалёўка, даўно ня бачылі фарбы аканіцы.

Яшчэ ў васьмідзесятыя гады мінулага стагодзьдзя мясцовыя ўлады наважваліся ўзамен на кватэру забраць дом пад музэй Караткевіча. Не дамовіліся ці не схацелі пайсьці на ўмовы сваякоў пісьменьніка, цяпер і не разабрацца.

Зараз тут гаспадарыць стрыечны брат Уладзімера Караткевіча і ня надта прыязна сустракае нязваных госьцей. Згладжвае сытуацыю жонка, спадарыня Тамара:

Спадарыня Тамара
Спадарыня Тамара

«Гаспадар упіраецца, зь ім не дамовіцца. А я хоць і зараз сышла б — няхай горад забірае мой пакой і робіць музэй. Я ўжо й без таго перадала і здымкі, і некаторыя рэчы ў музэй Уладзімера Сямёнавіча ў Воршу».

Подпіс за памятным знаку
Подпіс за памятным знаку

А тут, у Рагачове, каля дзедаўскага дому застаецца толькі прыціснуты да драўлянага плоту сьціплы знак з ладнага кавалка чорнага граніту, на адшліфаваным баку якога выгравіраваны партрэт творцы і надпіс: «Гэты дом многія гады быў творчым прытулкам выдатнага беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча». Ды на зрэзаным пні ад таполі перад домам выбіваюцца яшчэ зялёныя парасткі расьлін, надзвычай падобныя на ландышы.

Вуліца Караткевіча
Вуліца Караткевіча

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG