Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трольшчыкі нападаюць, не разумеючы сутнасьці», — сьцяганосец Фомачкін пра сваю гістарычную місію


Паралімпіяда ў Рыё-дэ-Жанэйра пераваліла экватар, але і праз тыдзень публіка працягвае абмяркоўваць дэмарш «расейскага сьцяганосца» Андрэя Фомачкіна.

Функцыянэр Міністэрства спорту і турызму, ня маючы ніякага дачыненьня да паралімпійскага руху, падчас цырымоніі адкрыцьця на стадыёне «Маракана» разгарнуў у канцы калёны расейскі трыкалёр і нейкі час размахваў імі над галавой — маўляў, на знак салідарнасьці са спартоўцамі Расеі, якія на рашэньне Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) у поўным складзе былі дыскваліфікаваныя за ўжываньне забароненых прэпаратаў.

Беларуская душа з расейскім адлівам

Учынак быў адзначаны на вышэйшым узроўні ў Расеі і Беларусі. Прагучала прапанова надаць імя Фомачкіна расейскім стадыёнам, рыхтуюцца дакумэнты на імя прэзыдэнта Пуціна, каб узнагародзіць яго ордэнам Дружбы Народаў. У аналягічных рэвэрансах рассыпалася беларускае вышэйшае кіраўніцтва і афіцыйная прапаганда, называючы ўчынак «па-сапраўднаму мужчынскім». Рэдактар «Советской Белоруссии» Павал Якубовіч падагульніў, што «ва ўсім гэтым праявілася беларускае сэрца, беларуская душа».

Аднак сам парушальнік спакою пасьля дачаснага адʼезду ў Беларусь «заціхарыўся» і смакаваць перажытае асаблівага жаданьня ня мае:

«Дачакаемся, пакуль вернецца наша каманда, і тады пагаворым, добра? А пакуль давайце радавацца посьпехам!» — абсек Фомачкін пытаньне, чаму нельга было выказаць салідарнасьць іншым чынам — напрыклад, адмовіцца ад расейскіх квотаў, пераразьмеркаваных паміж іншымі нацыянальнымі камандамі.

Але за тэму посьпехаў зачапіцца ўсё ж удалося — на рахунку беларусаў ужо пяць залатых мэдалёў і дзьве бронзы:

«Паглядзіце, які ў нас учора дзень выдаўся! Асабліва Андрэй Праневіч, які ўзяў золата ў фэхтаваньні: поўны вазочнік, цалкам прыкаваны да крэсла чалавек, а тут радасьць такая. Мы да гэтай узнагароды ішлі вельмі доўга...»

Дарэчы, экспэрты небеспадстаўна пабойваліся, што геройства Фомачкіна можа вылезьці камандзе бокам. Імідж зборнай быў істотна папсаваны несанкцыянаванай выхадкай, якая пагражала большымі санкцыямі, чым проста пазбаўленьне акрэдытацыі самадзейнага «сьцяганосца».

«Ну якія перадузятыя адносіны? На жаль, некаторыя людзі ўсё бачаць аднабока, вузка, — кажа Андрэй Фомачкін. — А мы ж тым самым выяўляем незадавальненьне і ў адносінах да нашай „здаровай“ байдаркі. Чаму нашых весьляроў не пусьцілі на Алімпіяду, чаму нас размазалі такім чынам? Ніякіх тлумачэньняў!»

Праўда, не зусім зразумела, пры чым расейскі сьцяг да дыскваліфікаванай мужчынскай каманды весьляроў зь Беларусі. Але Фомачкіна больш хвалюе ўсясьветная закуліса — дваістыя стандарты міжнародных змагароў з допінгам:

«Як вам учорашняя інфармацыя наконт ужываньня забароненых прэпаратаў амэрыканскімі тэнісісткамі Вільямс? — задае ён сустрэчнае пытаньне, згадваючы той факт, што WADA дазваляла шэрагу спартоўцаў ужываць асобныя мэдыкамэнты падчас лячэньня. — Ну як жа так можна? Нашы трольшчыкі, на жаль, ня хочуць гэтага бачыць. Глядзяць вельмі вузка, а потым пачынаюць нападаць. Адхіленьнем весьляроў нас пакрыўдзілі настолькі, што мы ад абурэньня літаральна ня ведалі, што рабіць. Уся падрыхтоўка каманды Шантаровіча была змарнаваная! Вось пра што трэба гаварыць, а не пра акцыю!»

На ўсялякі выпадак Андрэй Фомачкін тлумачыць, што сваёй акцыяй выказаў салідарнасьць з усімі пакрыўджанымі:

«Ну што наконт акцыі? Добрая акцыя — расейскіх інвалідаў не дапусьцілі да спаборніцтваў! Мы іх падтрымалі. І падтрымалі ў тым ліку сваіх хлопцаў таксама. Таму не разумею тых, хто так аднабока і спрошчана глядзіць на праблему — гэта я пра некаторых людзей, якія пішуць розныя камэнтары. Але давайце дачакаемся нашай каманды і парадуемся ўсе разам...»

«Чалавек-падрыўнік» з трыкалёрам

Між тым усе спробы заявіць пра падтрымку пакрыўджанай зборнай Расеі, чые паралімпійцы за некалькі апошніх гадоў 35 разоў «гарэлі» на допінг-пробах, разьбіваюцца аб відавочную супярэчнасьць. Вызваленыя месцы Міжнародны паралімпійскі камітэт разьмеркаваў паміж іншымі камандамі, якія з задавальненьнем прынялі нечаканы дар. Выключэньнем стаў Азэрбайджан, спартовае кіраўніцтва якога адмовілася ад расейскіх квотаў: маўляў, не дазваляе сумленьне скарыстацца чужымі стараньнямі. А вось Беларусь тры дадатковыя месцы прыняла.

«Канечне, я згодны, што найлепшай праявай салідарнасьці была б адмова ад квотаў, — кажа спартовы аналітык, экспэрт у тэме допінгу Барыс Тасман. — Вось гэта быў бы ўчынак. У дадзеным выпадку — чыста прапагандысцкая акцыя: загадзя сплянаваная, ролі ў ёй таксама загадзя расьпісаныя. Чалавеку проста далі такое даручэньне і адмыслова туды дзеля гэтага павезьлі. Прынамсі, уражаньне склалася менавіта такое. Я не магу сьцьвярджаць, але гэта можна ўявіць з убачанага і пачутага».

Барыс Тасман зьвяртае ўвагу, што Андрэй Фомачкін ня мае ніякага дачыненьня да паралімпійскага спорту. А значыць, яго ўдзел у сьцяганосным шэсьці — нонсэнс сам па сабе:

«Спартоўцы ад „пэрсанальнага пратэсту“ не пацярпелі, а самога Фомачкіна бяз шкоды для здароўя выдалілі. Людзі, якія сваёй справай займаюцца сурʼёзна — той жа генсек паралімпійскага камітэту Мікалай Шудзейка, працавік, які ведае інваспорт як свае пяць пальцаў, шмат гадоў у ім працуе, прафэсіянал высокага ўзроўню — засталіся статыстамі. Яны ўплываць на гэта ніяк не маглі. Мяркуючы па выказваньнях аўгусьцейшых асобаў, зразумела, што гэта было сплянавана і навязана зьверху. Вось і ўсё. Яшчэ раз кажу: сьцьвярджаць ня можам, у нас няма фактаў, застаецца толькі верыць таму, што самі чулі і бачылі».

Паводле суразмоўцы, яшчэ адно відавочнае пацьверджаньне сплянаванага характару дэмаршу, у якім загадчыку аддзелу зімовых (!) відаў спорту галіновага ведамства Андрэю Фомачкіну адводзілася роля «дадатковага сьцяганосца», — зьменлівая пазыцыя кіраўніка паралімпійскага камітэту Беларусі Алега Шэпеля:

А наагул трапіў у дзіўную сытуацыю: ён герой, але быць героем яму ня хочацца. А дзявацца не было куды...

«Яшчэ адзін маркер у гэтай гісторыі — Шэпель. 23 жніўня ён казаў: не панясём на адкрыцьці ніякіх расейскіх сьцягоў. Разгарнуць на трыбуне — калі ласка: мы абураныя, расейцаў падтрымліваем і зь імі салідарныя. На гэтым усё, ня трэба зьмешваць спорт і палітыку. І паглядзіце: праз два тыдні кажа, што гэта думка ўсёй дэлегацыі. Дык ты сам сказаў, што ня будзеш зьмешваць спорт і палітыку, і тут жа мяшаеш! Гэта пра што сьведчыць? Тады Шэпелю яшчэ не было такой каманды, і ён сапраўды не зьбіраўся гэтага рабіць. Я ведаю Алега і, па вялікім рахунку, ён адэкватны, дамоваздольны чалавек. А тут раптам мяняе пазыцыю на 180 градусаў. Значыць, яму загадалі. Хто загадаў — можам толькі меркаваць. Так што тут усё празрыста. Даслалі чалавека-падрыўніка, які цяпер адхрышчваецца. А наагул трапіў у дзіўную сытуацыю: ён герой, але быць героем яму ня хочацца. А дзявацца не было куды...»

Андрэю Фомачкіну 53 гады. Нарадзіўся ў расейскім Армавіры ў сямʼі вайскоўца, вучыўся ў Інстытуце народнай гаспадаркі ў Менску. Займаўся спортам, пераможца і прызэр Спартакіяды народаў СССР, рэкардсмэн СССР у зімовым шматборʼі. Пасьля завяршэньня спартовай карʼеры працаваў трэнерам-выкладчыкам СДЮШАР Менскай вобласьці, памочнікам міністра спорту і турызму, дырэктарам Цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы, старшынём дырэктарату па зімовых відах спорту галіновага ведамства. У інтэрвію пасьля дачаснага вяртаньня з Рыё-дэ-Жанэйра казаў, што ён «савецкі чалавек, а значыць — чалавек сьвету».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG