Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ адрэагавала на публікацыю Свабоды пра баевіка «ДНР», які хаваецца ў Мар’інай Горцы


Аляксандар Ткачук

Аляксандар Ткачук

Служба бясьпекі Ўкраіны адсочвае грамадзянаў Украіны, якія ўчыняюць супрацьпраўныя дзеяньні супраць украінскай дзяржавы, незалежна ад іх месцазнаходжаньня.

Пра гэта сёньня заявіў кіраўнік апарату старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны Аляксандар Ткачук, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода наконт магчымай экстрадыцыі ўкраінскіх грамадзянаў, якія ваявалі на баку ўзброеных фармаваньняў гэтак званых ЛНР і ДНР, а цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

«Наколькі мне вядома, згодна з Крымінальным кодэксам Беларусі ўдзел у незаконных узброеных фармаваньнях караецца ў крымінальным парадку, незалежна ад таго, на чыім баку ваявалі гэтыя асобы. Таму тое, што агучылі вы, у прынцыпе, зьяўляецца складам злачынства», — сказаў ён, камэнтуючы сытуацыю з украінскім грамадзянінам Раманам Джумаевым, які сам прызнаўся, што ваяваў у складзе інтэрбрыгады «Пятнашка» на Данбасе, а цяпер пражывае ў Беларусі — у Мар’інай Горцы Менскай вобласьці.

Паводле Аляксандра Ткачука, Служба бясьпекі Ўкраіны супрацоўнічае са спэцыяльнымі службамі, выведкамі і праваахоўнымі органамі іншых дзяржаў у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі.

«Мы абменьваемся дадзенымі пра грамадзянаў як Украіны, так і іншых дзяржаў, якія абгрунтавана падазраюцца ў дачыненьні да тэрарыстычных арганізацыяў і да зьдзяйсьненьня злачынстваў на тэрыторыі як Украіны, так і іншых пунктаў сьвету», — дадаў прадстаўнік Службы бясьпекі Ўкраіны.

У той жа час Аляксандар Ткачук ня даў канкрэтнага адказу на пытаньне, ці будзе Служба бясьпекі Ўкраіны зьвяртацца да кампэтэнтных органаў Беларусі з запытам аб экстрадыцыі Рамана Джумаева.

«Згодна зь дзейным украінскім заканадаўствам праз кампэтэнтныя органы, а гэта Генэральная пракуратура і Міністэрства юстыцыі, вядома, Служба, калі мае дастаткова падставаў, ставіць пытаньне пра экстрадыцыю ва Ўкраіну грамадзян, якія падазраюцца або абвінавачваюцца ў зьдзяйсьненьні злачынстваў. Па гэтай канкрэтнай сытуацыі — уявіце сабе: вось гэты чалавек (Раман Джумаеў. — РС) наш брыфінг глядзіць, а я зараз скажу, што мы рыхтуем ягоную экстрадыцыю. То як вы лічыце, што ён зробіць?» — сказаў Аляксандар Ткачук.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG