Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба ісьці красьці або ў АМАП» — вяскоўцы пра прэзыдэнцкі дэкрэт


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Многія вяскоўцы на Гарадзеншчыне ўстрывожаны зьяўленьнем прэзыдэнцкага дэкрэта аб «дармаедах», паколькі апасаюцца, што давядзецца плаціць падатак. А яшчэ людзей хвалюе, як новы дэкрэт адаб’ецца на іх канкрэтных жыцьцёвых сытуацыях.

Вёска Саволеўка — трохі больш як за 20 кілямэтраў ад Горадні. Яна ўваходзіць у склад сельгаспрадпрыемства «Абухава», якое лічыцца ў Гарадзенскім раёне адным з найлепшых. Удзень на вуліцы нешматлюдна. Як зазвычай, на лаўцы каля хаты сядзяць людзі, пераважна пэнсіянэры.

Мы разгаварыліся пра жыцьцё, і я пацікавіўся — ці ёсьць у іх у вёсцы людзі, якія ня маюць працы? Аказваецца ёсьць такія. І пра дэкрэт аб дармаедах вяскоўцы таксама ведаюць. Адна сталая жанчына адразу пачала скардзіцца, што ейнаму сыну ў сельгаспрадпрыемстве не даюць працы:

«У калгас не бяруць на працу. Во хлопцы хадзілі — і не бяруць, ні за што не бяруць. Ну то раз ты не бярэш, то плаці ім грошы. Бо што тады рабіць? Раней мы ўсе ў брыгаду хадзілі, а цяпер ужо выганяюць, і ўсё...»

Я паспрабаваў пагутарыць з адным такім хлопцам, якога не бяруць на працу, але гэта не ўдалося: ён быў на добрым падпітку і ня мог нічога патлумачыць. Іншая спадарыня мне сказала, што насамрэч на працу ў калгас не бяруць тых, хто зашмат ужывае алькаголю. Бо толку з такіх работнікаў ніякага.

Праўда, яна кажа, што і працы, якая б добра аплочвалася, у вёсцы няма. Пракарміць сям’ю з калгаснага заробку вельмі няпроста, а таму вяскоўцам у гэтай сытуацыі яшчэ больш складана, чым гарадзкім жыхарам. Найбольш, паводле яе, вяскоўцаў уражвае падатак, які мусяць плаціць тыя, каго залічаць у дармаеды:

Ну, толькі ісьці ў АМАП на працу — альбо рабаваць. Бо як інакш выжыць...

«Бо ў вёсцы цяпер праблема ўладкавацца, атрымаць працу. Вёска ўжо даўно разваленая: вось там фэрма стаіць — непэрспэктыўная. А там яшчэ адна — таксама непэрспэктыўная. Раней такога не было, а цяпер усё непэрспэктыўнае. Людзі ў вёсцы жывуць за кошт таго, што садзяць бульбу, нешта трымаюць, але ім на гэта ніхто не дае нічога. А цяпер, як яшчэ такі падатак на год чалавеку выплаціць, то ня ведаю. Ну, толькі ісьці ў АМАП на працу — альбо рабаваць. Бо як інакш выжыць...»

А вось спадар апавядае, што ходзіць у брыгаду на сэзонную працу, а ў зімовыя месяцы практычна ніякай працы ня мае. Ён таксама ня вельмі ўяўляе, як заплаціць падатак у 3 мільёны 600 тысяч, калі ты нідзе не працуеш. Глыбока задумаўшыся, спадар кажа:

Спадар: «Не ўяўляю, як чалавеку ў такіх варунках будзе выжыць...»

Карэспандэнт: «Ну вось у вёсцы, як рэальна ў такіх варунках выжыць?»

Спадар: «Ну, у вёсцы тут свая бульба, неяк можа парася пратрымаеш, цыбуля свая, то неяк пражывеш».

Карэспандэнт: «А падатак з чаго заплаціць, калі не працуеш?»

Спадар: «Ну, я тут ня ведаю. У брыгадзе ў нас таксама набіраюць толькі на часовыя працы, і то ўсіх не бяруць, толькі тую колькасьць людзей, якія патрэбныя, астатнія застаюцца бяз працы. А часовыя працы недзе з сакавіка да лістапада, а на зіму ўсё гэта скарачаюць».

Адну спадарыню зацікавіла пытаньне, ці ўлічыў Лукашэнка, калі прымаў дэкрэт, каб за дармаедаў не плацілі падаткі іх блізкія. Бо, маўляў, некаторыя на вёсцы жывуць да пэнсійнага веку за кошт пэнсіі сваіх бацькоў. Вось якую гісторыю распавядае суразмоўніца:

Гэтыя алькаголікі нікому не патрэбныя. А цяпер, як давядзецца плаціць гэты падатак, то хто яго будзе плаціць? Матка ягоная з пэнсіі і заплаціць

«Ёсьць жа такія, каторыя ня хочуць працаваць. Ім бы ўкрасьці і выпіць — гэта іх адзіная праца. А гэта наагул цікавае пытаньне з тымі, хто можа працаваць, а не працуе, а толькі п’е. Вось у суседняй вёсцы чалавек гадоў 30 не працуе, сядзіць на мацярынай пэнсіі. І ўчастковага прасіла маці, каб забраў на якое лячэньне ці працу, але ніхто нідзе яго не бярэ. Гэтыя алькаголікі нікому не патрэбныя. А цяпер, як давядзецца плаціць гэты падатак, то хто яго будзе плаціць? Матка ягоная з пэнсіі і заплаціць, бо як яна не заплаціць, то ён будзе маці душыць, біць — давай грошы...»

Побач з Саволеўкай вёска Платы, тут працякае Котра, маляўнічая мясьціна, шмат рыбакоў і лецішчы. Размаўляю са спадаром, які прыбірае побач з домам. Аказалася, што гэта ягоны бацькоўскі дом. Сам ён жыве ў горадзе, але рыхтуецца садзіць тут гарод. Спадар кажа, што тэма дармаедаў закранула і яго асабіста:

«Ой, ня ведаю, я сам цяпер дармаед. Нібыта лічуся на працы, але фірма не дае ніякае работы. Я ўжо з Новага году сяджу бяз працы. Атрымліваецца — я таксама дармаед. Ані працы, ані заробку, а жыць за нешта трэба. І што, красьці трэба хадзіць?»

Карэспандэнт: «Ну, а калі з вас запатрабуюць заплаціць падатак, то што будзеце рабіць?»

Спадар: «Ну што рабіць — красьці давядзецца ісьці, а што яшчэ рабіць? У нас на фірме толькі тры чалавекі працуюць. Цяжка жыць, вельмі цяжка...»

Яшчэ адну гісторыю апавяла маладая дзяўчына, якая таксама прыбірала побач зь лецішчам і рыхтавала гарод пад пасадку. Яна таксама ня ведае — ці ўлічыў Лукашэнка ейную жыцьцёвую сытуацыю, каб не запісалі ў дармаеды і не давялося плаціць такі вялікі падатак. Вось яе гісторыя:

Дзяўчына: «Я цяпер узяла адпачынак, каб даглядаць хворую бабулю. Але калі яна не паправіцца за мой адпачынак, то мне давядзецца пакінуць працу і даглядаць яе, а значыцца, стаць дармаедам».

Карэспандэнт: «А вы можаце аформіць дагляд за хворым чалавекам?»

Дзяўчына: «Не, не магу. У яе быў мікраінсульт, а апякунства афармляецца толькі на цалкам ляжачых хворых. Яна можа хадзіць, калі яе падтрымліваеш. Выходзіць, калі я пакіну працу, то траплю ў катэгорыю дармаедаў. А калі застануся на працы, то атрымаецца, што бабулю ня будзе каму даглядаць. А яна сама хадзіць таксама ня можа...»​

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG