Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саўчанка ня трапіла ў сьпісы па абмене палоннымі


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Украінская лётчыца Надзея Саўчанка ня трапіла ў сьпісы па абмене палоннымі, складзеныя па выніках менскіх перамоваў. Пра гэта паведамляе Інтэрфакс з спасылкай на яе адваката Марка Фейгіна.

«Мая крыніца, якая ведае сутнасьць перамоваў па Саўчанцы, сказала, што яна ўсё ж такі ня трапіла ў сьпісы па абмене „ўсіх на ўсіх“», — адзначыў Фейгін.

Раней Фейгін сьцьвярджаў, што Саўчанка ўнесеная ў сьпіс для выдачы на радзіму.

Адвакат дадаў, што, хутчэй за ўсё, крымінальная справа ў дачыненьні да Саўчанкі будзе працягнута: «Зараз сьледства па справе падыходзіць да завяршэньня. Хутчэй за ўсё, будзе суд, так што ўсе працэсуальныя фармальнасьці будуць выкананы».

Раней прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка казаў пра хуткае вызваленьне Надзеі Саўчанкі. Агенцтва Reuters паведамляла, што, паводле слоў украінскага прэзыдэнта, атрымалася вырашыць пытаньне пра вызваленьне закладнікаў на працягу 19 дзён. 14 дзён адводзяцца на адвод цяжкой тэхнікі, а астатнія 5 дзён — для канчатковага вываду ўсіх закладнікаў.

У той жа час старшыня камітэту расейскай Дзярждумы па міжнародных справах Аляксей Пушкоў заявіў журналістам, што мэханізму аўтаматычнага вызваленьня ўкраінскай лётчыцы не існуе, а яе невінаватасьць павінен даказаць суд.

«Іншая справа, што, магчыма, лёс Саўчанкі стане прадметам дадатковых перамоваў», — дадаў Пушкоў. Ён ня выключыў, што падчас гэтых перамоваў будуць дасягнуты дамоўленасьці, што да Саўчанкі будуць дапушчаныя міжнародныя назіральнікі ці прадстаўнікі нейкіх дзяржаў. «Але прымусіць Расею адмовіцца ад дзеяньняў, прынятых для прававой дзяржавы, практычна немагчыма: альбо сьледзтва прыходзіць да высновы, што абвінавачваньне неабгрунтаванае, альбо суд», — заявіў ён. «Таму будзем спадзявацца, што гэтая праблема ня стане тым фактарам, які сарве выкананьне менскіх пагадненьняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG